У гасцях — “Экватар” - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Вторник, 30 Апреля 2024 18:26

У гасцях — “Экватар”

2024 год — знакавы для нашай краіны. Трэцяга ліпеня спаўняецца 80 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтай даце была прысвечана сустрэча вучняў старэйшых класаў і педагогаў сярэдняй школы № 2 г. п. Рось з удзельнікамі літаратурнага клуба “Экватар”.

Разам з кіраўніком, паэтам, празаікам, журналістам Вячаславам Корбутам прыехалі і члены суполкі: Мікалай Іваноўскі, Інга Вінарская, Тэрэза Кавальчук, Рэгіна Грышкевіч. Пісьменнікі пазнаёмілі слухачоў са сваімі новымі творамі, зборнікамі, чыталі вершы і апавяданні.

20240427_120221

Вячаслаў Корбут расказаў вучням пра абаронцаў Брэсцкай крэпасці, прачытаўшы баладу “Маёр Гаўрылаў”. Мікалай Іваноўскі прэзентаваў свой дзявяты зборнік вершаў “Адгалоскі саракавых”, які цалкам прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Асабліва закранулі вучняў яго вершы “Зрубы Шавулічаў” і “Не сцерці з памяці…” Пісьменніца з Ваўкавыска Тэрэза Кавальчук пазнаёміла са сваім новым зборнікам празаічных і драматургічных твораў “Бабулін хутарок”. Пэўная частка яе твораў таксама прысвечана тэме Вялікай Айчыннай вайны. Паэзія Інгі Вінарскай — загадкавая, ёмістая, часам сумная, але напоўненая роздумам аб жыцці. Творы паэткі здольныя насыціць чытача вялікім адчуваннем мастацкага ўсведамлення жыцця. З захапленнем слухалі яе вершы “Пад акампанемент дажджу…”, “Ды хораша, свабодна, лёгка так..” і іншыя.

20240427_120313

У 2024 годзе літаратурнаму клубу “Экватар” спаўняецца 15 гадоў. Вучні школы пажадалі мастакам слова моцнага здароўя і плёну ў творчасці. Напрыканцы пісьменнікі падзякавалі за цёплую сустрэчу, пажадалі ўсім моцнага здароўя, поспехаў у вучобе і працы, чыстага і мірнага неба над галавой. На памяць аб сустрэчы ў школьную бібліятэку былі перададзены зборнікі твораў Мікалая Іваноўскага, Інгі Вінарскай і Тэрэзы Кавальчук. Спадзяёмся, што працяг сустрэчы будзе…

Таццяна РАДЗЕЙКА, настаўнік сярэдняй школы № 2 г. п. Рось.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 1019 раз Печать