Рубрыка “Слова пра мову”. Заўважаць - зважаць, туліцца - туляцца, час - часіна. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Понедельник, 02 Мая 2022 09:42

Рубрыка “Слова пра мову”. Заўважаць - зважаць, туліцца - туляцца, час - часіна. Адчуй розніцу!

Вы заўважалі (ці зважалі?) такую заканамернасць: чым больш краіны імкнуцца адмежавацца (ці абмежавацца?), тым больш людзей туляецца (ці туліцца?) па свеце. У любы час (ці часіну?) быць грамадзянінам усяго свету, вядома, добра. Пры ўмове, што ўсё ж такі маеш свой куток Радзімы.

Адчуй розніцу

Заўважаць (рус. замечать, примечать, отмечать).

  1. Бачыць, адчуваць, чуць. Я спыняюся, бо заўважаю, што многа чаго тут не магу зразумець. Я. Скрыган.
  2. Адзначыць уласці-
    васць. Вы не заўважалі, што найбольш хлусяць у гісторыі? У. Караткевіч.
  3. Выказаць думку, зрабіць заўвагу. “Ох, і падрос ты, унук!” — заўважыў дзед, узяўшы хлопчыка на рукі.

Зважаць (рус. обращать внимание). Звяртаць увагу, надаваць значэнне. Няма чаго таму Богу кланяцца, які на нас не зважае.
У. Караткевіч.

Абмяжоўвацца (рус. ограничиваться). Звесці дзеянне або дзейнасць да пэўнага кола пытанняў; задаволіцца пры вырашэнні пытання нечым нязначным. Свабоду нашу абмяжоўвала адно: няведанне дня і часу адлёту. І. Шамякін.

Адмяжоўвацца (рус. отмежёвываться). Займаць адасобленае становішча; выказваць сваю нязгоду, поўнае разыходжанне. Добра было б адмежавацца ад праблем, клопатаў ды турбот.

Памылковае ўжыванне. Я і зараз ні ад каго не абмяжоўваюся.

Туліцца (рус. прижиматься, льнуть, припадать).

  1. Гарнуцца, прыціскацца. Туліцца вецер шчыльней да зямлі. Я. Колас.
  2. Знаходзіць прытулак, прыстанішча, размяшчацца ў цеснаце, прытойвацца. І туляцца да вёскі — вёска, як пацеркі на нітцы рэчкі. А. Лойка.

Туляцца (рус. бродить; скрываться; околачиваться; избегать встречи).

  1. Блукаць; бадзяцца; хавацца; адлыньваць. Калі маеш сваю хату ды гаспадарку, няма часу без справы туляцца.
  2. Быць беспрытульным, адзінокім. Гэта трагедыя нашага часу, што столькі бяздомнай дзетвары туляецца паўсюль. “Звязда”.

Час (рус. время).

  1. Працягласць існавання з’яў; мера гэтай працягласці; вольныя гадзіны; пэўны момант. Час прабег хутка.
  2. Пара года, месяца, дня; наступіла пара (рус. пора). Надышоў час касьбы.
  3. Форма дзеяслова — цяперашні, прошлы, будучы.

Адзін час (рус. одно время). Да часу (рус. временно). Некалькі часу (рус. какое-то время). Тым часам (рус. между тем). Час не чакае або не трывае (рус. время не ждёт). З тых часоў (рус. с тех пор).

Часіна (рус. година, время).

  1. Час, пара, момант. У часіну душэўнай патрэбы ўспамінаем мы тых, хто ў зямлі. А. Пысін.
  2. Прамежак часу, які вызначаецца нечым важным, адметным. Таварыш той, хто падтрымае ў цяжкую часіну.
  3. Кароткі адрэзак часу (рус. минута). Заставацца тут нельга было і на часіну. Ф. Янкоўскі.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 440 раз Печать