Рубрыка “Слова пра мову”. Абалонка - абалона, узорны - узорысты, адметны - прыкметны. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 17 Июля 2022 08:33

Рубрыка “Слова пра мову”. Абалонка - абалона, узорны - узорысты, адметны - прыкметны. Адчуй розніцу!

Багатае сукно, ды беднае нутро. Так гаварылі пра тых, чый дарагі строй адцягваў увагу ад беднасці душы ці скуднасці розуму. Адзеннем, вопраткаю, строем заўсёды даволі лёгка ўвесці ў зман.

Ва ўсе часы адзенне ўспрымалася як знешняя абалонка (ці абалона?), якая выконвае функцыю абазначэння (ці азначэння?) і нясе пэўную інфармацыю. Строй, прыняты за ўзорны (ці ўзорысты?), павінен быць для ўсіх адзіным (ці адным?) і ў той жа час адметным (ці прыкметным?). Аб’ядноўвае нас форменнае (ці фармавое?) адзенне ці проста робіць аднолькавымі?..

Адчуй розніцу

Абалонка (рус. оболочка). Перан. Форма вонкавага выяўлення ўнутранага змету. Пад абалонкай знешняй цвёрдасці і строгасці прытаілася мяккая душа і добрае сэрца.

Абалона  Частка даліны ракі, якая ў паводку заліваецца вадой (рус. пойма). Відны лясы, і сцежкі, і дарогі, шатры дубоў і рэчак абалонь. Я. Колас.

Абазначэнне (рус. обозначение). Знак, метка, слова з дапамогай якіх што-н. абазначана. Для абазначэння аднаго і таго ж паняцця выкарыстоўваюцца розныя словы.

Азначэнне (рус. определение). Абагульненне, якое раскрывае сутнасць, змест, характэрызуе асноўныя рысы. Трапныя азначэнні са старонак газет, экранаў тэлевізараў і радыё хутка ідуць у народ.

Узорны (рус. образцовый, показательный).

Дасканалы, паказальны, які можа служыць прыкладам. Быць не можа, каб узорнай гаспадаркі не паставілі. Я. Скрыган.

Тое, што і ўзорысты. На той бок узорных варотаў сядзелі маладыя яблыні і грушы.

Узорысты (рус. узорчатый, узористый). Аздоблены ўзорамі, з узорамі. У дзвярах узорыстае шкло, якое пералівалася вясёлкай. І. Шамякін.

Адзіны (рус. единый). Агульны для ўсіх, аднолькавы. Законы краіны адзіныя для ўсіх.

Адзін (рус. единственный). Агульны для ўсіх, аднолькавы. Закон — адзін для ўсіх.

Адметны (рус. отличительный, особый, заметный). Не падобны да іншых, своеасаблівы, непаўторны, характэрны. Быў дзень для нас усіх адметны. П. Панчанка.

Прыкметны (рус. заметный, приметный, видный). Які выдзяляецца сярод падобных, мае асаблівыя адзнакі. Прыкметная сабою жанчына, праўда, дзікая. А. Кудравец.

Форменны (рус. форменный). Які мае адносіны да формы; які з’яўляецца формай. Форменная фуражка. За сталом сядзіць маладая жанчына ў форменным кіцелі.

Фармавы (рус. формовой). Зроблены ў форме. Мы ўзялі па буханцы фармавога хлеба.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 422 раз Печать