Рубрыка “Слова пра мову”. Абагульнены - абагулены, асабістыя - асабовыя, грунтоўныя - грунтавыя. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 12 Февраля 2023 18:45

Рубрыка “Слова пра мову”. Абагульнены - абагулены, асабістыя - асабовыя, грунтоўныя - грунтавыя. Адчуй розніцу!

Куды б ні паклікаў цябе лёс, дзе б ты ні спыніўся — надоўга ці кароткачасова, шчымлівая туга па месцы, дзе нарадзіўся, гадаваўся, жыў, наплывае з цягам часу і агортвае абавязкова. Такая яна, настальгія. І ты міжволі разумееш, што прыказка “дзе нарадзіўся, там і згадзіўся” — не пустое народнае выслоўе, а часам і сапраўдная пуцяводная зорка ў жыцці.

Паняцці патрыятызму і Бацькаўшчыны для ўсіх нас абагульненыя (ці абагуленыя?). А вось пачуццё патрыятызму і любові да Радзімы — у кожнага асабістыя (ці асабовыя?). І пачуцці гэтыя сталыя і грунтоўныя (ці грунтавыя?), бо менавіта яны з любога кутка свету нясуць нас пад ветразем (ці ветраком?) шчымлівай тугі па Радзіме ў бацькоўскі (ці бацькаў?) край, дзе так спакойна і свабодна дыхаецца на поўныя грудзі (ці грудзіну?).

АДЧУЙ РОЗНІЦУ

Абагульнены (рус. обобщённый). Які выражае агульныя палажэнні, вывады з паасобных назіранняў, фактаў, з’яў. Даклад завяршыўся абагульненымі дакладнымі вывадамі.

Абагулены (рус. обобществлённый). Ператвораны з індывідуальнай уласнасці ў калектыўную. Абагуленыя гаспадаркі звялі ў асобныя калгасы і саўгасы.

Асабістыя (рус. личный, персональный). Які належыць, уласцівы пэўнай асобе, закранае яе інтарэсы, ажыццяўляецца асобай, зыходзіць ад яе. Нават у агульнай справе кожны мае асабісты інтарэс.

Асабовыя (рус. личный). Які мае дачыненне да пэўнай асобы. У банку адкрыты асабовы рахунак.

Грунтоўныя (рус. обстоятельный, основательный, состоятельный). Трывалы, глыбокі. Які характэрызуецца сур’ёзнасцю, глыбінёй, падрабязнасцю, абгрунтаванасцю. Дыпломнай работы вызначаліся грунтоўнасцю.

Грунтавыя (рус. грунтовой). 1. Які мае адносіны да верхняга пласту зямлі. 2. Фарбы для пакрыцця паверхні (ніжнім слоем). Да грунтавых водаў дабрацца яшчэ патрэбна.

Ветразь (рус. парус). Паэт. Парус. Без ветру ў ветразь далёка не паплывеш.

Вятрак (рус. ветряная мельница, ветряк). Ветраны млын. Вятрак размахваў крыламі пад ветрам.

Бацькоўскі (рус. отеческий, отцовский, родительский). 1. Які складаецца з бацькоў. 2. Перан. Клапатлівы, дбайны. Бацькоўскі і матчын клопат нішто дзіцяці не заменіць.

Бацькаў (рус. батюшкин, отцов). Які належыць бацьку. Зайшоў на надворак бацькавай хаты.

Грудзі (рус. грудь). 1. Пярэдняя частка тулава ад шыі да жывата. 2. Малочныя залозы ў жанчыны. 3. Верхняя пярэдняя частка адзення. Грудзі сатрасаў моцны кашаль.

Грудзіна (рус. грудина, грудь). 1. Грудная косць, з якой злучаны пярэднія канцы грудных рабрын і часткі плечавога пояса. 2. Верхняя пярэдняя частка вопраткі, якая прыкрывае грудзі (рус. грудь, манишка). Стан грудзіны аналізавалі па рэнтгенаўскім здымку.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 469 раз Печать