Рубрыка “Слова пра мову”. Лічаны - лічыльны, шматок - шмотка, здабытак - здабыча. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 16 Июля 2023 13:44

Рубрыка “Слова пра мову”. Лічаны - лічыльны, шматок - шмотка, здабытак - здабыча. Адчуй розніцу!

Паміж Днем вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 3 ліпеня, і Днем вызвалення Ваўкавыска, 14 ліпеня, — толькі 11 дзён.

 

Сёння гэтыя лічаныя (ці лічыльныя? ці незлічоныя?) дні — усяго толькі няпоўных два тыдні. А ў далёкім 1944-м для многіх яны сталі цэлым жыццём, аддадзеным за шматок (ці шмотку?) роднай зямлі. Адваяваная незалежнасць — велізарны здабытак (ці здабыча?), а сённяшні мір — тонкая націнка (ці націна?), кволы, хісткі, далікатны.

Адчуй розніцу

Лічаны (рус. считанный). Вельмі малы па колькасці, ліку; адзінкавы. За лічаныя дні работа была зроблена.

Лічыльны (рус. счётный). Прызначаны для лічэння, падліку, вылічэння. У касу даставілі новы лічыльны апарат.

Незлічоны (рус. бесчисленный, неисчислимый, бессчётный, несметный). Такі, які цяжка або немагчыма палічыць; непамерны па колькасці. Незлічоных багаццяў у паніча не было.

 

Шматок (рус. лоскут, обрезок; кусок; клочок; праст. шмат). Абрэзак (скуры, тканіны і да т.п.); асобны невялікі кавалак; камяк, жгут чаго-н. Гэты шматок зямлі даўно ўжо ім аблюбаваны.

Шмотка (рус. ирон., прост. шмотки). Часцей мн. л. Разм., зніж. Прадмет адзення. Прывычны строй даўно стаў проста шмоткай.

 

Здабытак 1. (рус. собственность, достояние, богатство). Мова — найвялікшы здабытак народа. 2. (рус. достижение). Дасягеннні. Высокія паказчыкі былі яго асабістым дасягненнем у працы. 3. (рус. приобретение). Здабытая рэч, прадмет. Знойдзеныя рэчы сталі сапраўдным здабыткам экспедыцыі. 4. (рус. произведение) Мат. Вынік множання. Здабытак было цяжка палічыць.

Здабыча (рус. добыча, 1-3).

  1. Дзеянне паводле дзяслова здабываць. Здабычу доўга чакаць не давялося. 2. Тое, што здабыта, атрымана, дасягнута шляхам намаганняў. Здабычу падзялілі паміж сабою. 3. Тое, што здабыта на паляванні. З лесу бацька заўсёды вяртаўся са здабычай.

 

Націнка (рус. травинка, былинка, тростиночка). Кволая травінка. Дзяўчынка расла тоненькай, бы націнка, што цягнулася да сонца.

Націна 1. (рус. ботва) Сцябло агароднай расліны, бульбы. Ад спёкі да зямлі хілілася націна. 2. (рус. былинка, травинка, тростинка). Перан. Пра нешта слабае, кволае. Спіну, выгнуўшы націнай, па двары разгульваў кот.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 230 раз Печать