Творчыя калектывы Ваўкавыскага раёна прынялi ўдзел у абласным фестывалi традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны», які адбыўся ў Смаргоні - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Вторник, 09 Августа 2022 11:52

Творчыя калектывы Ваўкавыскага раёна прынялi ўдзел у абласным фестывалi традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны», які адбыўся ў Смаргоні

 

Фестываль, што сёлета прайшоў ужо пяты раз, кожныя два гады збірае тых, хто клапоціцца аб захаванні і папулярызацыі традыцыйнай беларускай культуры. Падчас свята можна паслухаць лепшыя фальклорныя калектывы, паспрабаваць стравы нацыянальнай беларускай кухні, палюбавацца яскравымі вырабамі майстроў народнай творчасці, сцэнічнымі народнымі і побытавымі танцамі — адным словам, акунуцца ў жыццё і побыт нашых продкаў.

izobrazhenie_viber_2022-08-07_11-45-23-747

izobrazhenie_viber_2022-08-07_11-45-24-492

izobrazhenie_viber_2022-08-07_11-45-27-034

Па традыцыі фестываль пачаўся з шэсця ўдзельнікаў да святочнай сцэны, дзе гасцей віталі намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Ігар Шчасны і намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сняжана Куратчык. Затым адбылася ўрачыстая перадача сімвала фестывалю — традыцыйнага беларускага пояса, сатканага майстрамі Лідскага, Астравецкага, Гродзенскага і Свіслацкага раёнаў.

Дэлегацыя Ваўкавышчыны прадставіла багатую праграму, якая ўключала фрагмент традыцыйнага вясельнага абраду з дэманстрацыяй элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Комплекс уменняў вырабу традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне», выступленне народнага фальклорнага гурту «Чараўнiцы» Мацвееўскага Дома культуры і ўзорнага фальклорнага гурту «Чобаты» Ваўкавыскага ГДК. Майстры Ваўкавыскага раённага Цэнтра рамёстваў падрыхтавалі выставу вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На фальклорна-інтэрактыўнай пляцоўцы народны тэатр-студыя гульні «Ваўкавыскія забавы» запрашаў усіх жадаючых на гульнёва-забаўляльную праграму «Ад весялосці не бывае злосці», а супрацоўнікі Ваўкавыскага раённага Цэнтра культуры Чэслаў Апановіч і Ганна Суханава правялі майстар-клас па побытавых танцах.

izobrazhenie_viber_2022-08-07_11-45-26-530

izobrazhenie_viber_2022-08-07_11-45-25-147

izobrazhenie_viber_2022-08-07_11-45-25-851

Вядомыя ў нашым раёне і за яго межамі гаспадыні Марыя Бачынская і Алена Навіцкая правялі прэзентацыю страў традыцыйнай кухнi з таркаванай бульбы, якім у гэтым годзе быў нададзены статус «Гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь». Марыя Бачынская пачаставала гасцей «бандамі на дубовых лістах», а Алена Навіцкая — «бандамі з юшкай», за якія была адзначана экспертам беларускай і славянскай кухні, гісторыкам кулінарыіі Аленай Мікульчык памятным падарункам.

Акрамя таго, дэлегацыя Ваўкавыскага раёна атрымала на фестывалі некалькі дыпломаў: раённы Цэнтр культуры адзначаны дыпломам I ступенi ў намінацыі «Лепшая прэзентацыя традыцыйных страў» і дыпломам III ступенi ў намiнацыі «Лепшая прэзентацыя падворка традыцыйнай культуры Гродзеншчыны». А ўзорны фальклорны гурт «Чобаты» ўзнагароджаны дыпломам як лепшы дзіцячы фальклорны калектыў.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 1513 раз Печать