Рубрыка “Слова пра мову”. Важны - важкі, краіна - край. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Суббота, 13 Мая 2023 19:43

Рубрыка “Слова пра мову”. Важны - важкі, краіна - край. Адчуй розніцу!

Нездарма ў календары Дзень Дзяржаўнага герба, Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь недалёка ад значнага для нас свята — 9 Мая…

Дзень Перамогі — важны (ці важкі?) для нашай краіны (ці краю?) дзень. Кожны беларус з пачуццём незвычайнага хвалявання і радаснага ўзрушэння (ці зрушэння? ці парушэння?) штогод сустракае 9 Мая. Сімваламі здабытай свабоды і адваяванай незалежнасці з’яўляюцца (ці заяўляюцца?) нашы герб, сцяг і гімн.

Адчуй розніцу

Важны (рус. важный, значительный). 1. Які мае вялікае значэнне, уплывовы. Гэта быў важны для краіны дзень. 2. Велічны, паважны, з пачуццём уласнай годнасці; фанабэрысты (рус. важный, чопорный, надменный, горделивый; чванливый, спесивый, кичливый). 3. Разм. Добрай якасці, выдатны (рус. хорошего качества).

Важкі (рус. тяжелый, весомый). 1. Які мае значную вагу пры невялікім аб’ёме. 2. Перан. Важны па сваім значэнні; змястоўны, пераканаўчы (рус. весомый, убедительный, содержательный). Гэта быў важкі аргумент. 3. Перан. Пазбаўлены лёгкасці, прыгажосці, хуткасці — аб рухах, паходцы (рус. тяжелый). Ішоў паволі, хадою важкай.

Краіна (рус. страна, государство). 1. Дзяржава. 2. Тое, што і край у 2-м значэнні. У краі родным усё сэрцу міла.

Край (рус. край). 1. Канечная лінія, якая абмяжоўвае паверхню; частка паверхні, што прылягае да гэтай лініі. 2. Вобласць, мясцовасць; краіна (рус. край, сторона, страна). Нядоўга ён блукаў па свеце, вярнуўся хутка ў родны край. 3. Правая або левая частка строю, баявога парадку; фланг (рус. крыло, фланг). 4. Буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка. Краснаярскі край.

Край (рус. конец, крышка). Свавольству гэтаму — край.

На край свету. Вельмі далёка.

Узрушэнне (рус. возбуждение, волнение, потрясение). Душэўны ўздым, хваляванне, узбуджанасць. Хваля ўзрушэння прайшла ў натоўпе.

Парушэнне (рус. нарушение, попирание, попрание). Невыкананне, незахаванне патрабаванняў. Парушэнне правоў працоўных не бывае без наступстваў.

Зрушэнне (рус. сдвиг). Апрадмечанае дзеянне ад дзеяслова зрушыць. Землятрус справакаваў зрушэнне літасферных пліт.

З’явіцца (рус. явиться, прибыть, возникнуть, стать) 1. Прыйсці, прыбыць. На работу патрэбна з’яўляцца своечасова. 2. Узнікнуць, паказацца перад вачамі. З’явіўся раптам, быццам вырас з-пад зямлі. 3. Стаць, зрабіцца. Гэтая бітва з’яўлялася пераломным момантам вайны.

Заявіцца. Разм. Прыйсці, з’явіцца куды-н. (звычайна нечакана). Дадому, здаралася, заяўляўся позна.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 240 раз Печать