Рубрыка “Слова пра мову”. Верхавіна - вяршыня, века - вейкі, муляцца - мыляцца. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 21 Мая 2023 09:26

Рубрыка “Слова пра мову”. Верхавіна - вяршыня, века - вейкі, муляцца - мыляцца. Адчуй розніцу!

Май, травень, песеннік, ярац, грымотнік, лецень, цвецень… Дзіўны месяц гэты май. Называецца па-рознаму і паводзіць сябе гэтаксама. Зямлю грэе, а сіверам вее.

Май — вясны верхавіна (ці вяршыня?), сціпла паглядае з-пад кветкавых пялёсткаў-веек (ці векаў? ці павекаў?). Ды доўга муляцца (ці мыляцца?) не ў яго правілах. Ляціць над зямлёю птушыны пагалосак (ці розгалас?), прабівае сонечны дзьмухавец каменную крушню (ці крушыну?). Будзе курэць (ці курыць?) адагрэтая сухая зямля.

Адчуй розніцу

Верхавіна (рус. верхушка, макушка). Сухое дрэва раскалолася ад верхавіны да кораня. Перан. Разм. Найбольш уплывовая, кіруючая частка грамадства, саслоўя, арганізацыі. Верхавіна ўлады.

Вяршыня (рус. вершина). 1. Самы высокі пункт, верхняя частка. 2. Перан. Вышэйшая ступень. Вяршыня шчасця. Вяршыня славы.

Века (рус. крышка сундука, кадки, гроба). 1. Верхняя частка скрынкі, пасудзіны, якой іх закрываюць. Кадка з капустай шчыльна закрытая векам.

Вейкі (рус. ресницы). Валаскі на краю павек. На вейках заіскрыліся рэдкія слёзы.

Павека (рус. веко). Рухомая складка скуры, якой прыкрываецца вока. Пасля ўдару павека моцна прыпухла.

Муляцца (рус. мяться, проявлять нерешительность). 1. Разм. Мяцца, праяўляць нерашучасць. Хлопец доўга муляўся, перамінаючыся ўбаку з нагі на нагу. 2. Тое, што і муляць (рус. жать, натирать, причинять боль). Новыя туфлі былі прыгожыя, ды мулялі нясцерпна.

Мыляцца (рус. ошибаться, сбиваться со щета). Рабіць памылкі, памыляцца. Некалькі разоў ён збіваўся з ліку, мыліўся і пачынаў лічыць нанова.

Пагалосак (пагалоска, погаласка, погалас) (рус. молва, слух). 1. Чуткі, размовы, якія перадаюцца. Пагалоскі па вёсцы распаўсюджваюцца імгненна. 2. Моцныя гукі, якія выклікаюць адгалосак, рэха (рус. переклик, эхо). Гукнуў у лесе — і пакаціўся ад дрэва да дрэва пагалосак.

Розгалас (рус. оповещение, отзвук, отголосок, резонанс). Рэзананс. Навіна выклікала моцны розгалас.

Крушня (рус. куча камней). Абл. Куча камення. За хатаю падрастала крушня з нанесенага камення.

Крушына (рус. крушина). Невялікае лісцевае дрэва або куст. Ад хворага жывата — адвар з ягад крушыны.

Курэць (рус. коптить). 1. Слаба гарэць, тлець, вылучаючы многа дыму. 2. (рус. куриться). Вылучаць выпарэнні, лёгкі туман, пару. 3. (рус. подниматься столбом). Паднімацца ўверх, віцца, кружыцца — пра агонь, дым, туман, снег, пыл і т. д. Абоз прайшоў, а ўзняты пыл яшчэ доўга курэў над дарогаю.

Курыць (рус. курить). 1. Удыхаць і выдыхаць дым. Курыў ён здаўна і зацята. 2. Спальваць спецыяльныя рэчывы для атрымання пахучага дыму. Курыць ладан.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 285 раз Печать