Вобраз маці ў творах паэтаў і пісьменнікаў - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Наше видео

Пятница, 13 Октября 2017 18:34

Вобраз маці ў творах паэтаў і пісьменнікаў

Аўтар знакамітага твора “Трывожнае шчасце” усё жыццё быў перакананы: “Гэта вялікае шчасце — быць маці”. Бясспрэчна, ёсць вобраз, які жыве ў сэрцы кожнага чалавека, тым больш пісьменніка. Гэты вобраз нельга абмінуць, забыць, бо ён увасабляе самага дара­гога чалавека — Маці. І ён прасякнуты паэзіяй самай высокай пробы.

Для нас, беларусаў, маці асацыіруецца з Баць­каўшчынай, прыродай-матухнай, з матчынай мовай, з роднай хатай. Матчына слова — першая школа жыц­ця, але самая трывалая і правільная. Матчын дар мы праносім праз усё жыццё. Сімвалічнай даўно стала назва зборніка Алеся Гаруна — “Матчын дар”.

Адносіны да маці, любоў i пашана да яе — вы­ключная мерка духоўнасці кожнага чалавека. Становішча жанчыны-маці — люстэрка грамадства. Менавіта ад­носінамі да маці вывяраюць сваіх герояў многія пісь­меннікі. Да паэтызацыі вобраза маці звярталіся і працягваюць звяртацца многія творцы.

Вылучаецца тут, канешне, як “жаночая” лірыка, публіцыстыка, проза, так і “мужчынская”. Маці – гэта сама гісторыя Айчыны, яны зведалі рознае ў сваім жыцці. Дзясяткі лёсаў жанчын, кінутых ў пекла вайны, сабрала ў кнізе “У вайны не жаночае аблічча” Свят­лана Алексіевіч. “Не жаночая гэта доля — забіваць”, — даказвае нам аўтарка разам са сваімі гераінямі, у мацярынства якіх жорстка ўварвался вайна.

Спачатку дадзім слова паэтэсам. Вось як шчыра піша Вера Вярба:

Матуліны рукі нас песцяць, галубяць,

Так шчыра, як маці, ніхто нас не любіць.

Матуліны рукі — адзіныя ў свеце.

Шануйце, любіце заўсёды іх, дзеці.

Паэтэса Еўдакія Лось дадае:

Дзякуй, маці, што мне падарыла

Ты любоў да зямлі сваёй роднай,

Дзе ўсміхаецца сонца так міла,

Дзе бягуць хвалі рэк мнагаводных.

А Ніна Мацяш настальгічна зана­тоўвае ў сваёй “Калыханцы маме”:

Быць разам выпадае нам так мала...

Забудзь трывогу вечную сваю,

Прыляж, мая натомленая мама,

Як некалі ты мне, табе спяю.

А што ж творцы-мужчыны? Якія ўражанні сыноў? Глыбокім драматызмам напоўнена паэма-рэквіем Петруся Броўкі “Голас сэрца”, дзе асабліва рэльефна выступае пазіцыя мацярынства як ува­саблення той чалавечнай сілы, што здольна даць жыццё, і вайны як нялюд­скай сілы, што знішчае яго. Маці паэ­та паўстае перад намі пакутніцай, адной з ахвяр Ас­венцыма.

У Аркадзя Куляшова свая традыцыйная, народная філасофія:

Я маці абавязан кожнай рыскаю,

Драўлянай лыжкаю, глінянай міскаю —

Усім, чым працы абавязан стол.

Шэсцем да несмяротнасці стаў пакутніцкі шлях на Галгофу гераіні Галі з апавядання “Маці” Янкі Брыля. “Непрыгожых мам і бабуль — не бывае”, — скажа ў адным з твораў гэты лірык у прозе. А потым дадасць: “І колькі б разоў я ні вяртаўся ў творчасці да вобра­за старой, па-народнаму мудрай жанчыны-маці — перш за ўсё мне ўспамінаецца свая. Нястомная, суровая і добрая”.

Пімен Панчанка перакананы:

І па якіх дарогах ні паеду,

І па якіх марах ні паплыву,

І дзе ні прыпынюся, — маці, ведай:

Тваім жыццём, табой адной жыву.

А Максім Танк выводзіць наступную тыпалогію:

Голас незнаёмага можа здзівіць,

Голас друга — на хвіліну спыніць,

Голас любай — сагрэць сонцам лета,

Голас маці — вярнуць з таго свету.

Філасофскай назвай аднаго з апошніх сваіх зборнікаў “Евангелле ад Мамы” Рыгор Барадулін сцвярджае, што загады Божыя пішуцца мамай ў сэрцы кожнага з нас. 3 радкоў яго шматлікіх вершаў “Куліна”, “Матчына хата”, “Матчыны рукі”, “Вогнепаклонніца” перад намі паўстае вобраз маці паэта Акуліны Андрэеўны, які праходзіць літаральна праз усю лірыку сына. Гэта звычайная вясковая жанчына, якую не песціў лёс: не дачакалася з вайны мужа, адна гадавала сына, перажы­ла пасляваенныя цяжкасці. “Трэба дома бываць часцей” — барадулінская аксіёма. І паэт яшчэ і яшчэ раз даказвае — чаму: “Каб не страціць святое штосьці”. Бо гэта ж матчын (а значыць — спрадвечны, святы) запавет “трэба дома бываць часцей”. Вобраз маці ўбірае ў сябе і вобраз малой радзімы – Ушаччыны:

Мамы не стала — не стала радзімы,

Дзе нарадзіўся старэць,

I падалася душа ў пілігрымы

3 мараю маму сустрэць...

У 3іновія Прыгодзіча ёсць аповесць з сімвалічнай назвай “Ноч перад нядзеляю”. Даследуючы лёс сама­ахвярнай маці, якой дзеці адплацілі чорнай няўдзячна­сцю, пісьменнік б’е трывогу, папярэджвае пра дэгра­дацыю грамадства.

Назіраюцца ў айчыннай літаратуры і праекцыі ўлас­на мацярынскіх якасцей, такіх, як ахвярнасць, аддана­сць, занепакоенасць лёсамі сваіх дзяцей (раман Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”).

Кузьма Чорны, псіхолаг душы беларуса, быў пера­каны: “Жаночае сэрца робіцца вялікае, як свет, калі яно чуе боль пакрыўджанага дзіцяці”. Леанід Дайнека робіць выснову: “Калі нам бывае асабліва цяжка ў жыцці, мы заўсёды ўспамінаем маці”. А Васіль Вітка напісаў: “Матчыны пачуцці, яе настрой, яе хваляванні перада­юцца дзіцяці”. Мікола Хведаровіч пераканаўся: “Няма нічога лепшага за раніцу ў матчынай хаце”. Максім Лужанін прыходзіць да вываду: “Найвышэйшая ўлада на свеце — матчына”. Раман Сабаленка адзначае: “Мат­чыны рукі ніколі не чуюць цяжару свайго дзіцяці”. Уладзімір Дамашэвіч успамінае: “Маці заўсёды патра­бавала ад нас гаварыць праўду, не ашукваць, не крыўдзіць слабых і паважаць старэйшых”.

Пісьменнікі і ў ХХІ ст. звяртаюцца да гэтага веч­нага, як само жыццё, вобраза, бо ён невычарпальны, як і мацярынская любоў, вера і надзея… Як неба, сонца, лес маленства і рачулка юнацтва. Як малая радзіма, што дала пуцёўку ў свет божы. Не забывай­це і вы казаць штодзённа добрыя словы сваёй матулі, маці, мамачцы! А натхненнем у гэтай высакароднай справе могуць стаць словы Хведара Гурыновіча:

Мы верым, што згінуць і войны, і зло,

Зямля наша стане шчаслівай самай,

Бо вы — наша праўда, цяпло і святло,

Любімыя мамы.

Канстанцін КАРНЯЛЮК, педагог.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 19390 раз Печать