Праграма кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Ваўкавыскай выбарчай акрузе №48 Севасцьяна Паўла Сяменавіча - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Суббота, 27 Августа 2016 00:00

Праграма кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Ваўкавыскай выбарчай акрузе №48 Севасцьяна Паўла Сяменавіча

ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ!

Перадвыбарчая праграма кандыдата ад Партыі БНФ.

Я, кандыдат ад Партыі БНФ, лічу прыярытэтам абарону нацыянальных інтарэсаў: забеспячэнне палітычнай, ваеннай, эканамічнай, энергетычнай ды інфармацыйнай незалежнасці Беларусі, адраджэнне нашай мовы і культуры, аднаўленне дэмакратычнага кіравання і пераход да новай эканамічнай мадэлі для свабоды і дабрабыту беларускага народа.

Састарэлыя праграмы аўтарытарнага ўрада завялі краіну ў палітычны і эканамічны тупік. Чыноўнікі
спрабуюць схавацца ад адказнасці, перакладаючы цяжар крызісу на беларускі народ, уводзячы новыя падаткі і зборы.

Мы зробім па-іншаму! Мы ўсё зробім лепш!

Да выхаду з крызісу – ніякіх новых збораў ды падаткаў.

Правядзем разумную прыватызацыю: у дзяржаўнай уласнасці застануцца толькі тыя прадпрыемствы, якія маюць стратэгічнае значэнне.

Дадзім свабоду ды падтрымку малому і сярэдняму бізнесу, перагледзім заканадаўства, каб вызваліць бізнес ад ціску, зменшым падаткі, зробім даступнымі крэдыты, здымем забарону на найм работнікаў індывідуальнымі прадпрымальнікамі. 

Вернем рэальную і абароненую прыватную ўласнасць на зямлю для грамадзян Беларусі.

Дыверсіфікуем пастаўкі энерганосьбітаў для забеспячэння энергетычнай незалежнасці на аснове супрацы з краінамі Балта-Чарнаморскага рэгіёну. 

Створым эканамічныя ўмовы для вяртання беларусаў, што працуюць за мяжой.

Падтрымаем інстытут сям’і і спынім выміранне беларусаў. Толькі апора на моцную сям’ю можа скараціць колькасць разводаў і абортаў, што
нішчаць будучыню нацыі.

Абаронім навакольнае асяроддзе: мы за развіццё ўзнаўляльных крыніц энергіі, зніжэнне спажывання вуглевадародаў, ільготы для альтэрнатыўнай энергетыкі і развіццё інфраструктуры для электрамабіляў. Пошліны на ўвоз электрычна-бензінавых аўтамабіляў павінны быць зменшаныя.

Падтрымаем здаровы лад жыцця і спынім алкагалізацыю насельніцтва.

Мы за павелічэнне бюджэту аховы здароўя да еўрапейскіх стандартаў у 6-8% ад валавога ўнутранага прадукту, за развіццё медычнага страхавання і страхавання адказнасці медработнікаў. Беларусам павінны быць даступныя як айчынныя, так і замежныя лекі.

Замест павышэння пенсійнага ўзросту – пераход да накапляльнай сістэмы, каб пенсійныя адлічэнні назапашваліся і выплачваліся пасля выхаду на пенсію. Сваякі пенсіянераў у выпадку іх смерці павінны наследа­ваць у спадчыну недаатрыманыя пенсійныя адлічэнні.

Падтрымка роднай мовы, нацыянальнай адукацыі і культуры – аснова нацыі і дзяржавы. Мы выступаем за вяртанне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай.

Размеркаванне студэнтаў – выключ­на на добраахвотнай аснове.

Партыя БНФ выступае за адмену татальнай кантрактнай сістэмы.

Мы за вяртанне спрадвечных беларускіх сімвалаў: герба “Пагоня” і Бела-Чырвона-Белага сцяга.

Адновім дэмакратыю ды прававую дзяржаву на аснове прынцыпу падзелу галін улады. Законы павінны быць вышэйшыя за ўказы і дэкрэты. Свабода слова павінна быць гарантаваная для друку і для інтэрнэту. Мы за права жыхароў наўпрост абіраць кіраўнікоў выканкамаў.

Барацьба з карупцыяй – першачарговы прыярытэт: хто не краў – ся­дзець не будзе, а хто скраў – павінны
быць прыцягнуты да адказнасці.

Выйдзем з Еўразійскага саюза, які ёсць прычынай праблем у эканоміцы.

Створым бязвізавы рэжым з дзяржавамі Еўрасаюза.

Надзейна кантраляваная мяжа з Расіяй павінна спыніць паток злачыннасці, нелегальнай міграцыі ды наркотыкаў.

Беларусь мусіць выйсці з Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), якая пагражае ўцягваннем краіны ва ўзброеныя канфлікты ў Азіі.

Выдалім з Беларусі замежныя вайсковыя аб’екты і не дадзім размя­шчаць тут новыя авіябазы РФ.

Забяспечым уваход Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (WTO), каб адкрыць нашым прадпрыемствам выхад на сусветны рынак, а беларусам даць доступ да якасных і танных тавараў.

БНФ мае праграму рэформ “Для Беларусаў!” паводле прынцыпу “Не народ для ўрада, а ўрад для народа!”, каб беларусы жылі годна і заможна ды былі гаспадарамі на сваёй зямлі.

З платформай Партыі БНФ можна азнаёміцца на сайце www.narodny.org.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 2428 раз Печать