Людзі навукі, або, проста кажучы, вынаходнікі, часам слаба ўяўляюць, як «аслупаваць» распрацоўку, ажыццявіць яе, а яшчэ лепш — прадставіць свету гатовы для практычнага выкарыстання прадукт. Менавіта для таго, каб дапамагаць укараняць навуковыя распрацоўкі ў вытворчасць, створаны навукова-тэхналагічныя паркі.
Тэхналаб у тэхнапарк
У першым будынку тэхнапарка ў розных сферах працуюць 12 рэзідэнтаў. Пры гэтым пяць з іх — кампаніі, створаныя студэнтамі і супрацоўнікамі купалаўскай ВНУ. Большасць з іх працуюць у сферы IT, інавацыйных тэхналогій у будаўніцтве і на вытворчасці, электрыфікацыі транспарту. Прарэктар па навуковай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі кажа аб пастаянным руху наперад:
— Ёсць добрыя прыклады, калі ідэі, агучаныя студэнтамі і выкладчыкамі пяць гадоў таму яшчэ ў рамках дзейнасці канструктарскага бюро, паспяхова рэалізуюцца ў гэтых сценах. Інавацыйную дзейнасць плануем прасоўваць больш актыўна. Гэта важна, у тым ліку з пункта гледжання стварэння новых працоўных месцаў. Цяпер у навучальныя планы ўніверсітэта ўводзяцца адпаведныя дысцыпліны па інавацыйным прадпрымальніцтве. Гэта дапамагае студэнтам атрымліваць неабходныя кампетэнцыі, якія дазволяць ім прасоўваць стартапы. У асноўным у сферы IT. Адзін з рэзідэнтаў, напрыклад, паспяхова развівае праект па электрыфікацыі транспарту і ўжо выказаў жаданне атрымаць новыя арэндныя плошчы ў другім будынку парка для далейшага развіцця свайго бізнесу.



Кампанія «ЛИРА и Ко» ў свой час стала дзясятым рэзідэнтам тэхнапарка купалаўскага ўніверсітэта. Супрацоўнікі прадпрыемства сканцэнтраваны на стварэнні новых сродкаў засцярогі і нацэлены на розныя стадыі працы ў барацьбе з каронавіруснай інфекцыяй.
— Яшчэ вясной распрацавалі ўнікальны ахоўны касцюм, — дэманструе навінку кіраўнік кампаніі Павел Крывенка. — На выгляд звычайны, але ў ім выкарыстана шмат тэхналагічных падыходаў. Хочаце пераканацца, наколькі ён зручны?

Адзяванне ў ахоўны касцюм «Арагон» сапраўды заняло літаральна пару хвілін. Пры гэтым спецыяльны вентылятар дазволіў свабодна дыхаць.
— Ствараецца камфортная зона для працы на доўгі час, — канстатуе суразмоўца. — Пры гэтым усе нашы вырабы шматразовыя і лёгка перапрацоўваюцца. Вытворчасць сродкаў індывідуальнай засцярогі — гэта толькі невялікая частка нашай дзейнасці. Мы, да прыкладу, распрацавалі апарат для дэзынфекцыі паветра ў памяшканнях, у тым ліку і ў машынах хуткай медыцынскай дапамогі, шафах, дзе захоўваюцца маскі, халаты і гэтак далей. Ён створаны на аснове азону, які з'яўляецца магутным акісляльнікам.

«Банцікі» ў горадзе
Перайсці на экалагічны транспарт хацелі б многія арганізацыі і звычайныя грамадзяне. У рэзідэнта тэхнапарка купалаўскага ўніверсітэта Сяргея Жыльцова нямала задумак, каб гэта ажыццявіць. Прадпрыемства Classic Elektro працуе ў двух напрамках. Першы — распрацоўка і вытворчасць сістэмы тыпавых здымных акумулятараў для малога транспарту, такога як скутары і трыцыклы, прызначаныя ў асноўным для службы дастаўкі. Другі — пераўтварэнне дызельных і бензінавых аўтамабіляў у электрычныя шляхам замены рухавіка ўнутранага згарання.
— Праект па падпісцы на кампактныя гарадскія электрамабілі для бізнесу з коштам кіламетра прабегу ў 15 разоў меншым за ўсе існуючыя BANTgo (bant — «мурашка») — невялікае адгалінаванне ад асноўных тэм нашай дзейнасці, — распавёў заснавальнік. — Падпіска — гэта доўгатэрміновая арэнда, у якую ўключана ўсё: рамонт, абслугоўванне, зарадка. Патэнцыяльныя кліенты — кафэ, рэстараны хуткага харчавання, магазіны падарункаў і гэтак далей. Увогуле ўсе, каму неабходна дастаўка кампактных грузаў вагой да 200 кілаграмаў і аб'ёмам да аднаго кубаметра ў межах горада. Зараз знаходзімся на этапе прыцягнення інвестыцый у праект для яго хуткага развіцця. Такія машынкі называем «банцікамі». І зусім хутка яны з'явяцца на вуліцах горада.

— Гродна выступіць у якасці эксперыментальнай пляцоўкі для пілотнага праекта, дзе будуць адпрацаваны ўсе бізнес-працэсы, а затым шляхам запуску франшызы плануем выходзіць на рынкі іншых краін. Ужо на працягу гэтага месяца чакаем чатыры такія нізкахуткасныя аўто з Кітая. З увядзеннем другой чаргі тэхнапарка з'явіцца магчымасць для ажыццяўлення паркоўкі і рамонту, гэта значыць, абслугоўвання «жалезнай» часткі праекта. Тут таксама будуць актыўна прыцягвацца супрацоўнікі ўніверсітэта. Гаворка ідзе аб кафедры інавацыйнага машынабудавання. Дэкан Аляксандр Варанцоў абяцае актыўна нам дапамагаць, у тым ліку і студэнцкімі рэсурсамі.
Інавацыі ў вытворчасць

— Будзем падтрымліваць усе прапановы па паляпшэнні працы парка, таму што асноўны напрамак у развіцці эканомікі — інавацыйнасць. Гэта ўнікальнае месца, дзе можна сабраць разам людзей, у якіх ёсць шмат ідэй і жаданне развівацца, але няма магчымасцей, перш за ўсё фінансавых, для ажыццяўлення задумак. Задача тэхнапарка ў гэтым плане — падтрымка, у тым ліку выкарыстоўванне неабходнай інфраструктуры на льготных умовах плюс падатковыя і іншыя прэферэнцыі. Тут ёсць вытворчыя плошчы, інфраструктура, неабходная для дапрацоўкі інавацыйнага праекта. А спецыялісты дапамогуць зразумець, наколькі ў далейшым ён здольны развіцца ў рэальны аб'ект прамысловай вытворчасці. Перавага тэхнапарка яшчэ і ў тым, што на яго базе збіраюцца людзі з рознымі інтарэсамі і напрамкамі дзейнасці, а самыя прагрэсіўныя тэхналогіі, як вядома, узнікаюць менавіта на стыку інтарэсаў. У вобласці дастаткова высокі прамысловы патэнцыял, і я спадзяюся, што ў будучыні распрацоўкі, якія пройдуць тут доследную эксплуатацыю, укараняцца ў працу рэальных прадпрыемстваў або стануць асновай новых вытворчасцей. Перш за ўсё мы зацікаўлены ў стварэнні інавацыйных працоўных месцаў, якія дазваляюць рухаць краіну наперад.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.