У сэрцы назаўжды. Успамінаем Героя Савецкага Саюза, лётчыка Мікалая Іванавіча Абрамчука - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 11 Мая 2025 09:34

У сэрцы назаўжды. Успамінаем Героя Савецкага Саюза, лётчыка Мікалая Іванавіча Абрамчука

Вайна... Яна пастукалася ў кожны дом, прынесла бяду: маці страцілі сваіх сыноў, жонкі не дачакаліся мужоў, дзеці засталіся без бацькоў. Разбураныя вёскі і гарады, голад і холад, гора і слёзы.

Тысячы людзей прайшлі скрозь цяжкасці вайны, зведалі жудасныя пакуты, але яны выстаялі і перамаглі. Перамаглі ў самай цяжкай і доўгай з усіх сусветных войн.

Цячэ рака часу, і шмат вады сплыло. Прайшло 80 гадоў з дня Вялікай Перамогі. Сёння наш абавязак — помніць імёны тых, хто самааддана змагаўся з ненавісным ворагам.

Амаль кожная беларуская сям’я адчула на сабе жахі той страшнай вайны. Беларуская зямля нарадзіла тысячы слаўных сыноў, якія да апошняга ўздыху яе абаранялі.

Такім чалавекам быў Герой Савецкага Саюза, лётчык Мікалай Іванавіч Абрамчук. Мой прадзед нарадзіўся 20 лістапада 1910 года ў вёсцы Раманаўка Ваўкавыскага раёна. Тут Абрамчукі жылі з даўніх часоў, жывуць і цяпер.

У Першую сусветную вайну ў 1914 годзе сям’я Абрамчукоў эвакуіравалася ў Самарскую губерню, Сызранскі раён, сяло Спаскае-Васільеўскае. Там і прайшло дзяцінства Мікалая Абрамчука. Там ён сустрэўся з першымі цяжкасцямі. У 1914 годзе ад халеры памерла маці, а ў 1920 годзе — бацька. І ў Мікалая пачалося цяжкае самастойнае жыццё. Шэсць гадоў ён быў беспрытульным, перабіваўся дробнымі заробкамі і тым, што пададуць міласэрныя людзі.

У 1926 годзе былы беспрытульнік быў уладкаваны ў дзіцячы дом, а затым і на сударамонтны завод. Невядома, як склалася б яго жыццё далей. Можа, ён стаў бы першакласным спецыялістам у сударамонтнай справе, але лёс распарадзіўся па-іншаму. У 1932 годзе па спецнаборы з завода ён быў прыняты ў школу лётчыкаў у горадзе Энгельсе, а ўжо ў 1936 годзе малады лётчык накіроўваецца ў Сібірскую ваенную акругу ў горад Краснаярск для далейшага праходжання службы. Затым — Забайкальская, Кіеўская ваенныя акругі.

Вялікую Айчынную вайну Мікалай Абрамчук сустрэў у асобай Кіеўскай ваеннай акрузе ў званні капітана. Свой першы варожы самалёт МЕ-109 прапрадзядуля знішчыў 28 чэрвеня 1941 года. Усе прыйшлося спазнаць маладому лётчыку: частыя баявыя вылеты, смерць сяброў, цяжкае раненне… Летам 1941 года ў баях за Кіеў самалёт, якім кіраваў Мікалай Іванавіч, быў падбіты, а сам ён паранены. Раненне аказалася вельмі сур’ёзным: 19 сутак беспрытомнасці, поўгода лячэння ў шпіталях. Медыкі паставілі суровы дыягназ: ад лётнай службы адхіліць. Але не ведалі медыкі характар беларуса Мікалая Абрамчука. Ён не мог застацца ўбаку. Знішчыўшы дакументы медыцынскай камісіі, ён вяртаецца на фронт. Мяняліся адзін за другім франты: Паўднёва-Заходні, Заходні, Сталінградскі, 1-ы Украінскі.

9 кастрычніка 1943 года Мікалай Іванавіч Абрамчук быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. У чарговым прадстаўленні да ўзнагароды было ўказана: “У паветраных сутычках з ворагам дзёрзкі і напорысты. Заўсёды заставаўся пераможцам, за што ўзнагароджаны Ордэнам Чырвонага Сцяга і ўдастоены высокай узнагароды – медаля “Залатая Зорка” Героя Савецкага Саюза.

Пасля Перамогі працягваў служыць у авіяцыі. Яго веды і вопыт спатрэбіліся для выхавання маладых лётчыкаў. У 1954 годзе падпалкоўнік Мікалай Іванавіч Абрамчук выйшоў у адстаўку і жыў у Кіеве. Там і памёр 1 лютага 1974 года. Пабываць у роднай Раманаўцы, прайсціся па вясковай вуліцы яму так і не давялося, хоць ён аб гэтым марыў.

Радзіма высока ацаніла заслугі Мікалая Іванавіча. Ён узнагароджаны Ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны ІІ ступені, Чырвонай Зоркі, дзесяццю медалямі і медалём “Залатая Зорка” Героя Савецкага Саюза.

У Ізабеліне ў гонар майго прапрадзядулі ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Памяць аб ім назаўжды захаваецца ў маім сэрцы і сэрцах маіх землякоў. Жыхары Ізабелінскага сельсавета памятаюць Мікалая Іванавіча, ганарацца подзвігамі, якія ён здзейсніў дзеля Вялікай Перамогі.

Наталля Палякова

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 826 раз Печать