У аграгарадку Вярэйкі прайшоў першы занальны тур абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы», у якім прынялі ўдзел калектывы з Ваўкавыскага, Зельвенскага і Слонімскага раёнаў - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Среда, 21 Апреля 2021 15:31

У аграгарадку Вярэйкі прайшоў першы занальны тур абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы», у якім прынялі ўдзел калектывы з Ваўкавыскага, Зельвенскага і Слонімскага раёнаў

Установы Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прадставілі праграму «Вас вітае Ваўкавы­шчына гасцінная», дзе змясціліся разнастайныя ўзоры багатай культурнай спадчыны, што засталася нам ад продкаў.

Вядучыя праграмы, Аляксей Урублеўскі ў вобразе бога гасціннасці Бялуна і гаспадыня Наталля Серык, сустрэлі гасцей, як належыць, хлебам і соллю і запрасілі на выставу-дэгустацыю традыцыйных страў, падрыхтаваную ­ўдзельніцамі знакамітага сямейнага калектыву «Сваякі» Марыяй Бачынскай і Аленай Навіцкай. Падмацаваўшыся галушкамі, клёцкамі па-ваўкавыску, дамашняй каўбасой, бульбай з мясам і бабкай па-панску, госці перайшлі да відовішчаў. З захапленнем разглядалі тонкія карункі выцінанкі, якія стварыла работніца Вярэйкаўскага ДК Іна Пунько. Натхніўшыся цудоўнымі творамі, прымалі ўдзел у майстар-класах па пісанцы і аздабленню вярбы, прапанаваных работнікамі Роскага цэнтра рамёстваў. Асаблівую цікавасць выклікала этна-выстава «Беларускі побыт», для якой кожны філіял цэнтра культуры падрыхтаваў макет, што адлюстроўвае асаблівасці побыту пэўнай мясцовасці. Таксама ў фае Дома культуры былі прэзентаваны два элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны: «Комплекс уменняў вырабу традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне» і «Традыцыя простага двухнітовага ткацтва».

Разнастайнай і цікавай была і канцэртная праграма нашага раёна. Гледачы і журы пачулі аўтэнтычныя песні, запісаныя ў розных населеных пунктах Ваўкавышчыны, у выкананні Надзеі Талашка, народнага калектыву «Чараўніцы» Мацвееўскага ДК, фальклорнага калектыву Войткавіцкага ДК і ўзорнага фальклорнага гурту Ваўкавыскага ГДК «Чобаты», а таксама казку «Пра смерць-куму», якую расказала Галіна Немец. Зборны калектыў устаноў РЦКНТ прадставіў «Вянок побытавых танцаў», якія танцавалі жыхары вёсак Сядзельнікі, Дуляўцы і Падароск. «Польку», «нарэчаньку», «какетку», «базар» і іншыя танцы нашых бабуль і дзядуль адмыслова выканалі Ганна Суханава і Часлаў Апановіч, Марына Хацітоўская і Аляксей Урублеўскі, Мар’яна Кузьма і Павел Смурага.

Калектывы суседніх раёнаў паказалі сцэнічны варыянт мясцовых абрадаў.

Журы адзначыла багаты матэрыял праграмы і высокі выканаўчы ўзровень ваўкавыскіх артыстаў. Лепшыя нумары фестывалю будуць уключаны ў наступны этап конкурсу.

Ларыса ПРАКАПЕНЯ

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 1714 раз Печать