Чым сустрэне Капыль удзельнікаў і гасцей Дня беларускага пісьменства - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Вторник, 24 Августа 2021 11:52

Чым сустрэне Капыль удзельнікаў і гасцей Дня беларускага пісьменства

Святкаванне Дня беларускага пiсьменства — унiкальная традыцыя нашай краiны. Сустрэчы пiсьменнiкаў, журналiстаў i іншых творчых дзеячаў у розныя часы адбывалiся ў Полацку, Оршы, Заслаўi, Смаргонi, Барысаве, Шчучыне, Навагрудку, Мiры, Пiнску, Слонiме ды iншых гарадах i мястэчках Беларусi. А праз тыдзень сталiцай iнтэлектуальнага свята стане Капыль. Тут нарадзiлася шмат лiтаратараў: Кузьма Чорны, Цiшка Гартны, Леў Клейнбарт, Алесь Адамовiч, Алесь Бельскi... Што цiкавага чакае капылян i гасцей горада ў разнастайнай праграме мерапрыемстваў, расказалi прадстаўнiкi Саюза пiсьменнiкаў Беларусi.

 Шмат творчых надзей мы звязваем з гэтым днём, — падкрэслiла Алена Стэльмах, першы намеснiк старшынi Саюза пiсьменнiкаў Беларусi, празаiк i публiцыст. — Адбудзецца круглы стол, якi аб’яднае творцаў з розных краiн. Для ўсiх важна, каб слова пiсьменнiка служыла найлепшым каштоўнасцям, якiя ёсць у культуры кожнай краiны, а таксама спрыяла дабрынi i яднанню людзей. Папяровая кнiга не трацiць сваёй актуальнасцi. Колькасць карыстальнiкаў бiблiятэк, як сведчыць статыстыка, павялiчылася. За адзiн раз чытачы бяруць не 2—3 кнiгi, а больш. I асаблiвым попытам карыстаюцца кнiгi на беларускай мове. 

Суразмоўца прадставiла журналiстам новыя выданнi Мiхася Пазнякова, Святланы Быкавай, Вiктара Праўдзiна i iншых аўтараў, а таксама лiтаратурны альманах «Казахстан — Беларусь». Дарэчы, хутка да лiтаратурнага супрацоўнiцтва беларусаў i казахаў далучацца i дзiцячыя пiсьменнiкi. 

— Падарункам да Дня беларускага пiсьменства стане кнiга «Сустрэча з пiсьменнiкам». У ёй творы 24 беларускiх аўтараў дзiцячай лiтаратуры. Выданне разлiчана на школьнiкаў, дарослых i акцэнтуе думку аб важнасцi чытання кнiг з дзяцiнства. Акрамя твораў, там ёсць метадычныя рэкамендацыi па правядзеннi ўрокаў лiтаратурнага чытання, QR-коды з дадатковай iнфармацыяй, — дадала Алена Анатольеўна. 

Таксама гасцей чакаюць выдавецкiя стэнды з прэзентацыямi выданняў-навiнак, сустрэчы на пляцоўцы «Слова пiсьменнiка», дзе можна атрымаць кнiжныя прэзенты, аўтографы i сувенiры. Сумесна з выдавецтвам «Мастацкая лiтаратура» будуць арганiзаваны чытаннi вершаў удзельнiкамi свята, конкурсы з падарункамi. Мiнскае гарадское аддзяленне Саюза пiсьменнiкаў зладзiць лiтаратурна-мастацкую кампазiцыю па творчасцi класiкаў i сучасных паэтаў з вершамi, песнямi i атмасферай святочнасцi. Адбудзецца прэзентацыя выдання лаўрэата Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii  Вiктара Праўдзiна «Парыж. Эйфелева вежа i…», а пiсьменнiк Валерый Чудаў, намiнант Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii гэтага года, пазнаёмiць з творчым праектам з серыi «Школьная бiблiятэка». 

У «Лiтаратурным кафэ» запланаваны выступленнi пiсьменнiкаў рэгiянальных аддзяленняў саюза пiсьменнiкаў. Напрыканцы свята плануецца перадача своеасаблiвай творчай эстафеты пiсьменнiкаў Мiншчыны пiсьменнiкам Гомельшчыны «Дзякуй, Капыль! Чакаем вас у Добрушы!».

Усяго больш за 100 пiсьменнiкаў прымуць удзел у святочных мерапрыемствах. 

sb.by

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 2161 раз Печать