Наша культура — шматпланавая і неардынарная - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Понедельник, 18 Января 2016 00:00

Наша культура — шматпланавая і неардынарная

Мяне як педагога вельмі ўзрушыла навіна, што сёлетні год у Беларусі аб’яўлены Годам культуры. Гэта не толькі пачэсна, але і вельмі-вельмі актуальна. Сумна, што нярэдка менавіта культура застаецца на задворках, а стаўленне некаторых суайчыннікаў да айчыннага мастацтва ў ідэале павінна быць значна лепшым і больш свядома-асэнсаваным.

З аднаго боку, у нас працуе проста безліч устаноў культуры — тэатры, кінатэатры, музеі, бібліятэкі, філармоніі, выставачныя залы, палацы культуры ў гарадах, мястэчках і вёсачках і г. д. Праводзіцца мноства міжнародных і рэспубліканскіх  фестываляў і форумаў. Беларуская культура арыгінальная, яе ўнікальнасць створана ўвабранымі ў сябе традыцыямі, перададзенымі нам у спадчыну. Мы, канешне, пастаянна ўзбагачаліся і культурнымі здабыткамі нашых суседзяў з Усходу і Захаду, але здолелі стварыць свой уласны індывідуальны творчы падмурак.

Але, на жаль, з другога боку, — многія з нас гадамі, а то і дзясяцігоддзямі абыходзяць установы культуры, лічачы гэта дробязна-факультатыўным. А нявыхаваны, некультурны чалавек пачынае спажываць алкаголь, наркотыкі, запаўняючы прыгажосць сваёй душы паскудствам, прыносячы сабе і сваёй сям’і гора і боль. Мне вельмі падабаецца прымаўка сваёй яркай сатырычнай накіраванасцю: “Пустоту своей души заполнить пивом поспеши”. Задумаемся!

 Скажу больш: многія ў жыццёвых вандроўках страцілі само пачуццё асобы культурнага чалавека: сталі абыякавымі, вульгарнымі, няветлівымі, пасіўнымі, неміласэрнымі… І як горка і балюча, што некаторыя нашы музыканты, мастакі, пісьменнікі, іншыя дзеячы культуры вымушаны дажываць свой век забытымі, у адзіноцтве...

У сваім глыбокім стрыжні Культура з вялікай літары і ёсць сур’ёзны творчы сінтэз — жыццёвага і мастацкага. Упэўнены: культура і знешні лоск — абсалютна розныя рэчы. Культура — амаль заўсёды сінонім інтэлекта, высакароднасці. За апошнія гады інтэлект нацыі нешта пахіснуўся. Для многіх кнігу — крыніцу ведаў, граматнасці — замяніў Інтэрнэт. Я нічога не маю супраць онлайн (праўда, граматнасць там кульгае на абедзве нагі!), аднак чамусьці некаторыя суайчыннікі шукаюць там не нешта разумнае, а толькі забаўляльную прадукцыю нізкапробнага ўзроўню. Проста амаль да непрытомнасці здзіўляешся, калі “дзятлікі” на сваіх смартфонах пачынаюць у грамадскім транспарце гутарку з народам весці… Аднак культурнага нягледзячы ні на што значна больш у нашым жыцці!

Добра, што ў нас пастаянна адбываюцца творчыя акцыі, якія маюць вялікі грамадскі рэзананс — уручэнне прэмій Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльных, дзяржаўных прэмій дзеячам культуры і мастацтва. Дасягненню значных творчых поспехаў адоранай, таленавітай моладзі спрыяе дзейнасць спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

У Беларусі створаны адзіны Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, у якім налічваецца звыш 5 300 аб’ектаў. Мы клапоцімся пра спадчыну і для нашчадкаў. Красамоўнымі прыкладамі з’яўляюцца завяршэнне рэстаўрацыі Аўгустоўскага канала, Палаца Агінскага ў вёсцы Залессе Смаргонскага раёна, Палаца Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне, Камянецкай вежы, знакамітых палацаў у Гомелі і Крычаве, ратушы ў Шклове, Сафійскага сабора ў Полацку, былога калегіума езуітаў у Пінску. А, пачынаючы з 2000 года, наша Бацькаўшчына прадстаўлена нацыянальнымі аб’ектамі ў прэстыжным спісе сусветнай спадчыны ЮНЕСКА — Мірскім і Нясвіжскім замкамі, Геадэзічнай дугой Струвэ. Сусветную вядомасць набыў абрад “Калядныя цары” Капыльскага раёна.

Знакавымі падзеямі для культуры Беларусі з’явіліся будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі, рэстаўрацыя Вялікага тэатра оперы і балета, Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Беларускага дзяржаўнага цырка, рэстаўрацыя Магілёўскага драматычнага тэатра, палаца Паскевічаў у Гомелі, палаца Пацёмкіна ў Крычаве. Па ініцыятыве Міністэрства культуры і пры актыўнай рабоце Вялікага тэатра атрымалі жыццё новыя оперна-сімфанічныя праекты — Навагодні Баль у Вялікім тэатры, оперныя вечары ў Нясвіжскім замку, цікавым праектам стала Ноч музыкі ў Белдзяржфілармоніі, значна ўзбагацілася новымі формамі Ноч музеяў, якая прыцягнула тысячы наведвальнікаў. Адначасова з наданнем новага выгляду традыцыйным міжнародным фестывалям — “Славянскі базар у Віцебску”, “Лістапад”, фестываль “Беларуская музычная восень” — з’явіліся
і цікавыя новыя фестывалі Уладзіміра Співакова і этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”.

Лічу, што культура — гэта перш за ўсё высокая мера чалавечнасці ў самім чалавеку. Сапраўдная культура можа навучыць нас, як жыць прыгожа, увішна, шчасліва, як наогул не трэба жыць на роднай зямлі. Гэта тое, што застаецца ў душы чалавека нават тады, калі ўсё астатняе забыта ці спаганена. Культура — гэта святло душы і шчодрасць сэрца! Вышыня культуры вызначаецца і нашымі адносінамі да жанчыны, а ў нас на гэтым “фронце” таксама праблем хапае. І як тут не ўспомніць красамоўныя словы Фрыдрыха Гебеля: “Культура пачынаецца з фігавага лісточка і заканчваецца, калі ён адкінуты”…

Ніколі нельга забываць таго, што крызіс культуры ў грамадстве з’яўляецца і крызісам нашых душ. У гэтым годзе мы будзем адзначаць 125-годдзе з дня нараджэння майго любімага паэта Максіма Багдановіча, у гонар якога мы назвалі свайго сына. Славуты прарок нашай Бацькаўшчыны так звярнуўся да нас: “Як кожны народ мае сваю нацыянальную душу, так ён мае і свой асаблівы склад (стыль) творчасці, найбольш прыдатны да гэтай душы. Ёсць ён і ў нас, беларусаў, і мы мусім звярнуцца да яго, каб улажыць што-небудзь сваё ў скарбніцу светавой культуры, каб уліць у нашую паэзію свежыя сокі, каб стаць бліжэй да душы роднага народа, лепш наталіць яе духоўную смагу і сапраўды ўзяцца за вялікую працу: развіццё беларускай народнай культуры”.  

Наша культура шматпланавая і неардынарная, яна аптымістычная, дае кожнаму з нас жаданне жыць і ствараць. Культура — жывы арганізм, які   патрабуе ўсё новых і новых захадаў, як па вырашэнні існуючых праблем, так і новых падыходаў да развіцця духоўнай сферы. Неабходна працаваць і над забеспячэннем сучаснымі тэхнічнымі і тэхналагічнымі сродкамі (візуалізацыя, інтэр-музеі, дыстанцыйныя экспазіцыі, электронныя бібліятэкі і т. п). Упэўнены: навукова-тэхнічны прагрэс можа і павінен актыўна працаваць разам з культурай.

У ХХІ стагоддзі мы павінны не толькі імкнуцца стаць сапраўды адукаванымі і  культурнымі людзьмі, але і стаць імі!

Канстанцін КАРНЯЛЮК

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 3383 раз Печать