Свята мастацкага слова. Сёння і заўтра ў Івацэвічах Брэсцкай вобласці гасцей будзе больш, чым на штодзень лічыць яго насельніцтва. У 31 раз жыхары нашай краіны адзначаюць Дзень беларускага пісьменства - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Суббота, 31 Августа 2024 08:20

Свята мастацкага слова. Сёння і заўтра ў Івацэвічах Брэсцкай вобласці гасцей будзе больш, чым на штодзень лічыць яго насельніцтва. У 31 раз жыхары нашай краіны адзначаюць Дзень беларускага пісьменства

Гэта адна з галоўных па­дзей культурнага жыцця беларускай дзяржавы. Таму што без пісьменства не было б культуры ўвогуле. Нездарма першае такое свята право­дзілася ў 1994 годзе ў Полацку — горадзе, дзе нарадзіўся наш знакаміты асветнік і першадрукар Францыск Скарына. Менавіта яго бронзавая скульптура сустракае наведвальнікаў і прахожых каля Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску.

Сталіцамі свята па чарзе былі самыя старажытныя беларускія гарады — Тураў, Навагрудак, Несвіж, Орша, Пінск, Заслаўль, Мсціслаўль, Мір… У 2015 і 2019 гадах Дзень беларускага пісьменства прымала Гродзенская вобласць — Шчучын і Слонім.

А, напрыклад, у 2022 годзе Дзень беларускага пісьменства праходзіў у Добрушы — горадзе, дзе была заснавана першая ў Беларусі папяровая фабрыка і дзе нарадзіўся класік нацыянальнай літаратуры Іван Шамякін. Пісьменнік, сцэнарыст, драматург, чые творы і сёння захоўваюць сваю актуальнасць і попыт сярод чытачоў.

У Івацэвічах таксама ёсць “уласны” пісьменнік-гонар беларускай літаратуры — Піліп Пестрак, вядомы дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі.

Першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч напярэдадні свята асабліва падкрэсліў, што сёлета яно праходзіць пад знакам вельмі важных юбілейных дат: 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва і 30-годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Таму і праграма мерапрыемстваў падрыхтавана вельмі сур’ёзная, з улікам юбілейнай тэматыкі. А старт святочным мерапрыемствам быў дадзены загадзя, рэспуб­ліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыяй “Дарога да святыняў”, якая пачалася 28 жніўня ў Мінску, а закончыцца 1 верасня ў Івацэвічах.

Прымеркавана да свята і мерапрыемства, якое адбылося ўчора ў Палацы Рэспуб­лікі — міжнародны круглы стол “Час выбраў нас” з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў, грамадскіх і культурных дзеячоў. Выступаючы перад ­удзельнікамі, Андрэй Кунцэвіч паведаміў, што ў Беларусі штогод выдаецца каля 8 тысяч найменняў кніг і брашур агульным тыражом больш за 20 мільёнаў экзэмпляраў. “Гэта больш за дзве кнігі на аднаго жыхара краіны. Кнігі ў Беларусі перакладаюцца на дзяржаўныя мовы больш як з 25 моў народаў свету”, — падкрэсліў першы намеснік міністра. Ён асобна адзначыў павелічэнне выпуску ў краіне выданняў для дзяцей і юнацтва ў мінулым годзе і значную дапамогу, якую аказвае дзяржава ў выданні кніг. “У прыватнасці, з рэспубліканскага бюджэту на выпуск сацыяльна-значных выданняў і іх дастаўку ў бібліятэкі штогод выдзяляецца больш як Br2 млн субсідый. Для выканання даручэння кіраўніка дзяржавы ажыццяўляецца выпуск літаратурна-мастацкіх твораў сучасных аўтараў для мэты пастаўкі на бязвыплатнай аснове ў публічныя бібліятэкі. Згодна з гэтым даручэннем усяго, пачынаючы з 2012 года, выдадзена і пастаўлена ў бібліятэкі больш за 160 найменняў кніг з творамі сучасных беларускіх аўтараў. Таксама на бязвыплатнай аснове ў бібліятэкі ўстаноў адукацыі пастаўляюцца кнігі серыі “Школьная бібліятэка” агульным тыражом больш за 4 млн экзэмпляраў”, — паінфармаваў Андрэй Кунцэвіч.

Ён засяродзіў увагу на ролі літаратуры ў вырашэнні актуальных пытанняў сённяшняга дня. “Праблемы, якія сёння абмяркоўваюць на круглым стале, хвалююць пісьменнікаў усіх краін. Бо нашы нацыянальныя літаратуры з’яўляюцца часткай аднаго вялікага працэсу. Сёння неабходна гаварыць пра грамадзянскую адказнасць пісьменнікаў, працы якіх павінны адлюстроўваць праўду жыцця і прымушаць чытачоў думаць і прымаць правільныя рашэнні. Кожны пісьменнік абавязаны быць праўдзівым, цікавым і глыбокім. У першую чаргу пачуццё адказнасці перад людзьмі, сярод якіх ты жывеш і для якіх пішаш, робіць творчасць літаратара здабыткам грамадскасці, папулярным і запатрабаваным у чытачоў. Літаратурныя сувязі, мастацкі пераклад — тыя складнікі, без якіх немагчыма развіццё і ўзаемаўзбагачэнне нашых культур. Упэўнены, што агульнымі намаганнямі мы зможам унесці важны ўклад у развіццё нашых нацыянальных літаратур і зрабіць чарговы крок на шляху да ўзаемнага збліжэння”, — падсумаваў першы намеснік міністра.

Разнастайнасць праграмы свята ўражвае. Тут і фестываль кнігі і прэсы, і тэматычныя выставы “Беларусь памятае” — да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; “Сучасная Беларусь” — да 30-годдзя Канстытуцыі Рэспуб­лікі Беларусь і 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва ў Рэспубліцы Беларусь; “Зроблена ў Беларусі” — прысвечаная Году якасці. І інтэрактыўныя пляцоўкі для прэзентацый кніг выдавецтвамі і непасрэдна аўтарамі кніг, членамі ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, а таксама пляцоўкі грамадскіх аб’яднанняў. І тэматычныя пляцоўкі бібліятэк і музеяў краіны. І творчыя сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі. І гала-канцэрт пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. І ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу Міністэрства інфармацыі і Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму сярод журналістаў СМІ на тэму ўборачнай кампаніі 2024 года «Хвала рукам, что пахнут хлебом». І шмат чаго яшчэ — культурныя, мемарыяльныя, мастацкія і нават спартыўныя імпрэзы, годныя ўзроўню такога маштабнага свята.

А на ўрачыстым адкрыцці свята сёння ўвечары на галоўнай сцэне Івацэвічаў адбудзецца адна з важнейшых для ўдзельнікаў падзей — уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. У гэтым ­годзе на конкурс пададзены 49 заявак. Сярод іх намінаваны на ўдзел у конкурсе і наш зямляк, вядомы паэт Мікалай Іваноўскі.

Найбольш кніг — 15 — прадстаўлены ў намінацыі “Лепшы твор прозы”. У намінацыі “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва” былі пададзены 13 кніг. На трэцім месцы па колькасці пададзеных заявак намінацыя “Лепшы твор публіцыстыкі”. Чакаем на вынікі.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 2038 раз Печать