У гэтым годзе святкаванне праходзіць на Гродзеншчыне — у горадзе Ліда. Чарговы Дзень пісьменства прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама да 500-годдзя выхаду кнігі «Апостал» Францыска Скарыны. Такім чынам сёлетняя экспедыцыя праводзіцца пад знакам міралюбнасці, вылучыўшы ў якасці асаблівай місіі нясенне слова міру і згоды як беларускаму народу, так і ўсім людзям на Зямлі.
3 верасня XXXII Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» узяла старт у Мінску, ад сталічнага Свята-Духава кафедральнага сабора. Яна нясе лампаду з Жыватворным агнём ад Труны Гасподняй і цудатворны Загор’е-Сталовіцкі абраз Прасвятой Багародзіцы. Са словамі на дарогу да ўдзельнікаў звярнуліся міністр інфармацыі Марат Маркаў і намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Сяргей Герасіменя.
Маршрут пралягае сёлета праз Святое Поле ля вёскі Загор’е Баранавіцкага раёна, дзе знойдзена пуцяводная ікона экспедыцыі Пакрова Прасвятой Багародзіцы, потым праз Зэльву, гарадскі пасёлак Казлоўшчына, Дзятлава, Ашмяны, Іўе. А завяршыцца шлях у Лідзе — сталіцы сёлетняга Дня беларускага пісьменства. Удзельнікі экспедыцыі, сярод якіх прадстаўнікі духавенства, вучоныя і дзеячы культуры, асвяча-
юць знакавыя месцы, праводзяць духоўна-асветніцкія канферэнцыі, сустрэчы з вернікамі, працоўнымі калектывамі, наведваюць сацыяльных установы, ушаноўваюць памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны на брацкіх магілах і мемарыялах.
Учора і сёння экспедыцыя наведвае Ашмянскі раён. Учора там адбыўся малебен у храме Уваскрэсення Хрыстова г. Ашмяны і хрэсны ход да брацкай магілы ў гарадскім парку. Сёння ўдзельнікі экспедыцыі сустракаюцца са школьнікамі і навучэнцамі аграрна-эканамічнага каледжа, наведаюць таксама аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Апрача гэтага яны пасадзяць Сад Малітвы ў Гальшанах.
Аднак вернемся да пачатку гэтага дастойнага шляху. 3 верасня 2025 года ў рамках распачатай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» у Мінскай духоўнай акадэміі адбылася цырымонія падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Подпісы пад дакументам паставілі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, і міністр інфармацыі Марат Маркаў.
Гэты дакумент абнаўляе ўмовы ранейшага пагаднення. «Прайшлі гады, змяніўся фармат зносін, змяніліся планы на будучыню, і сёння мы падпісалі абноўленую рэдакцыю пагаднення. У ёй абазначаны важныя пазіцыі сённяшняга дня — гэта сумесная работа па выхаванню падрастаючага пакалення з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі і разам з тым процідзеянне той негатыўнай рабоце, якая часам можа весціся праз тыя выданні, якія прыходзяць звонку. Гэтая сумесная праца дасць большы вынік», — адзначыў Мітрапаліт Веніямін.
А Марат Маркаў падкрэсліў, што гэта неабходнае ў сучасных рэаліях пагадненне: «У Беларусі мы выдаём вялізную колькасць кніг, і гэта добра. Але яшчэ большая колькасць кніг прыходзіць у Беларусь з-за мяжы, і яны часта не адпавядаюць нашым каштоўнасцям або нават змяшчаюць прамую прапаганду тых каштоўнасцей, якіх не павінна быць у нас. У гэтым напрамку мы заўсёды працавалі сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, гэта значыць маніторылі прастору. А ў гэтым пагадненні мы прапісалі норму, што сумесна з Беларускай Праваслаўнай Царквой у гэтым напрамку мы таксама будзем працаваць».
Міністр таксама дадаў, што пагадненне пасадзейнічае выпуску кніг, напоўненых духоўным сэнсам і якія адлюстроўваюць тыя каштоўнасці, што культывуюцца ў нашым грамадстве. «Калі мы не будзем гэтага друкаваць і не будзем гэта культываваць, за нас прыдумаюць іншыя каштоўнасці. Больш за тое, калі знікне інтэрнэт, застанецца толькі напісанае слова, і гэтаму слову будуць верыць. Для нас вельмі важна, каб гэтае напісанае слова было каштоўным для нас, духоўным. Мы не навязваем нікому каштоўнасцей, але вельмі хочам захаваць свае. Натуральна, Міністэрства інфармацыі ў гэтым напрамку будзе сур’ёзна працаваць».
Марат Маркаў падкрэсліў таксама вялікую ролю інфармацыі ў грамадскай прасторы: «Інфармацыя — гэта каштоўнасць, якая павінна распаўсюджвацца правільна і ў вялікай колькасці. Беларуская Праваслаўная Царква робіць вельмі шмат для духоўнага выхавання, у тым ліку маладых людзей. Мы вельмі добра бачым, што адбываецца, калі гэтыя каштоўнасці губляюцца».
Таксама падчас падпісання пагаднення было прэзентавана новае выданне Лаўрышаўскага Евангелля — помніка беларускага пісьменства. Лаўрышаўскае Евангелле — выдатны ўзор ілюстраванай рукапіснай кнігі ў Беларусі ў перыяд Сярэдневякоўя. Па значнасці яго параўноўваюць з такімі гістарычнымі каштоўнасцямі, як крыж Ефрасінні Полацкай і фрэскі XII стагоддзя ў Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку. Адметнасць Лаўрышаўскага Евангелля ў тым, што гэта высокамастацкая кніга. У ёй змешчана 18 мініяцюр на біблейскую тэматыку. Арыгінал захоўваецца зараз у Кракаве, аднак у 2018 годзе ўкраінскае выдавецтва выпусціла ў свет факсімільнае выданне (поўную копію) Лаўрышаўскага Евангелля. Па аднаму асобніку кнігі выдавецтва перадало ў Лаўрышаўскі манастыр, Навагрудскую раённую бібліятэку і Нацыянальную бібліятэку Беларусі. А новае факсімільнае выданне «Лаўрышаўскага Евангелля канца XIII-пачатку XIV стагоддзя» ажыццявіла сёлета Беларуская Праваслаўная Царква сумесна з ТАА «Медыял» да 800-годдзя Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра. Гэта вельмі яскравы прыклад таго, як цесна пераплятаюцца ў нашай культуры духоўнасць, мастацтва, творчая дзейнасць і пашана да гістарычнай спадчыны.
Важна, што гэтая тэндэнцыя працягвае захоўвацца. На сустрэчах у вёсках і гарадах, дзе затрымліваецца экспедыцыя, яе ўдзельнікі закранаюць менавіта гэтыя тэмы. Тэмы любові да Айчыны, гісторыі, культуры нашай краіны, роднай мовы. Гэта ўсё тое, што аб’ядноўвае людзей, як сказаў Мітрапаліт Веніямін.
2025-ы — год вялікіх юбілеяў, год 80-годдзя Вялікай Перамогі, 900-годдзя заснавання Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, 800-годдзя Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага манастыра і многіх іншых важных датаў. Амаль 800 кіламетраў пройдзе да Ліды навукова-асветніцкая экспедыцыя, выконваючы ўзятую на сябе місію. А за ўсе гады правядзення экспедыцыі яе ўдзельнікі пераадолелі шлях працягласцю каля 40 тысяч кіламетраў. Удзельнікамі пешых хрэсных ходаў было пройдзена каля 700 кіламетраў, удзел у малітоўных шэсцях прынялі больш за 1,2 мільёна чалавек, а ўсяго ў мерапрыемствах экспедыцыі за тры дзясяткі гадоў узялі ўдзел больш за 5 мільёнаў чалавек. Жыватворны агонь ад Труны Гасподняй быў прынесены ў больш як 700 манастыроў, храмаў і капліц. За тры дзясяткі гадоў удзельнікамі экспедыцыі было высаджана каля 3,5 тысячы дрэў.
Такая вось статыстыка. Але падлічыць эфект уздзеяння гэтай імпрэзы на духоўна-маральнае выхаванне і развіцце грамадскасці немагчыма. Мы папросту яго адчуваем. І ў чарговы раз упэўніць нас у яго наяўнасці Дзень беларускага піьменства ў Лідзе.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.