— Гэта выстава — унікальны праект для захавання нашых традыцыйных промыслаў і рамёстваў, — адзначыла, адкрываючы выставу, метадыст цэтра Аксана Талькоўская. — Мы доўга да яго рыхтаваліся, таму што хацелі паказаць разнастайнасць талентаў нашых майстроў. Нам пашанцавала, у нашым раёне жывуць дзевяць майстроў, якія з’яўляюцца членамі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Іх таленты і заслугі прызнаны на самым высокім узроўні. І сёння мы маем унікальную магчымасць паразмаўляць з аўтарамі і пазнаёміцца з іх творчасцю.
На выставе прадстаўлены не толькі тэхнікі і рамёствы. Гэта своеасаблівая мова, на якой размаўлялі нашы продкі з навакольным светам. Напрыклад, тэкстыльныя лялькі майстра Жанны Абрамчук — не звычайныя цацкі. Раней такія лялькі выконвалі ролю абярэгаў і выкарыстоўваліся ў розных абрадах. Лялька “Карміцелька” была сімвалам урадлівасці і мацярынства, а “Жаданніца” выконвала добрыя жаданні. Майстар расказала наведвальнікам выставы пра гэты ўнікальны сімвал і пра тое, як ён вырабляўся.
Глыбокі сэнс нясе таксама арнамент на ручніках, дыванах і іншым хатнім тэкстылі. Аб гэтым лепш за ўсіх ведае Яніна Іюльская, якая з’яўляецца носьбітам элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыі простага двухнітовага ткацтва Ваўкавыскага раёна”, унесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Гэтыя ўменні яна пераняла ад жыхаркі вёскі Студзянец Любові Сцяпанаўны Балёнь, а зараз дзеліцца імі з дзяўчынкамі, якія наведваюць гурток “Куфэрак”. А таксама з гасцямі розных мерапрыемстваў, падчас якіх абавязкова праводзіць майстар-класы за перасоўным ткацкім станком.
Адным з самых старажытных рамёстваў лічыцца саломапляценне. У снежні 2022 года саломапляценне Беларусі было ўнесена ў рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Майстры Аксана Урублеўская і Ала Сурмінава валодаюць гэтым рамяством на самым высокім узроўні. У іх руках простая салома становіцца каштоўным матэрыялам, з якога атрымліваюцца сапраўдныя творы мастацтва. Аксана з’яўляецца кіраўніком гуртка “Залатая саломка” і вучыць дзяцей выконваць вырабы з саломкі ў розных тэхніках, а пад кіраўніцтвам Алы Сурмінавай юныя мадэльеры ўзорнага тэатра моды “Спадчына” ствараюць аўтарскія мадэлі, упрыгожанныя саламянымі дэталямі.
Не менш прыгожым і вытанчаным відам традыцыйнага мастацтва з’яўляецца выцінанка — ажурны ўзор, выразаны з паперы. Нашы продкі аздаблялі свае дамы папяровымі фіранкамі, абрусамі, сурвэткамі, вырэзваючы мудрагелістыя ўзоры нажніцамі для стрыжкі авечак. Марына Дубовік ужо не адзін год адраджае выцінанку ў тым традыцыйным выглядзе, у якім яна існавала на Ваўкавышчыне. У сваіх работах яна выкарыстоўвае выразанне з люстраной воссю сіметрыі, калі ўзор паўтараецца злева і справа, ствараючы характэрныя для нашай мясцовасці выявы “дрэва жыцця”, птушак і раслін.
Майстар-кераміст Святлана Дудзінская таксама карыстаецца ў сваёй творчасці старадаўнімі прыёмамі і тэхнікамі. Пры абпальванні сваіх вырабаў яна выкарыстоўвае тэхналогію “малачэння” — абпальвання малаком. Сюжэты для сваіх твораў яна таксама выбірае традыцыйныя: беларускія прыказкі і прымаўкі, замалёўкі з вясковага жыцця.
Лепкай з гліны займаецца і Андрэй Дубовік. Але яго работы відавочна адрозніваюцца ад работ іншых майстроў. Яго вырабы — выдатны прыклад таго, як традыцыйныя тэхнікі спалучаюцца з сучаснымі сюжэтамі. А таксама з пачуццём гумару, якое з’яўляецца абавязковым элементам яго творчасці.
Сёння традыцыйныя тэхнікі такія ж жыццяздольныя і запатрабаваныя, як і сто, і дзвесце год таму назад. Майстар Ірына Пекар, якая выдатна валодае традыцыйнымі тэхнікамі вышыўкі процягам, крыжыкам і гладдзю, паспяхова прымяняе іх да сучасных тэндэнцый у дызайне, што робіць яе работы адметнымі і ўнікальнымі. Жанна Семак займаецца роспісам па дрэве і кераміцы. Дэкаратыўны посуд, пано, а таксама распісныя старажытныя куфры, якія дзякуючы мастачцы атрымалі другое жыццё, сёння могуць стаць арыгінальным арт-аб’ектам сучаснага інтэр’ера.
Майстры не проста захоўваюць старажытныя тэхнікі рамяства, а шчодра дзеляцца сваімі ведамі і навыкамі з усімі жадаючымі, прымаючы ўдзел у выставах, фэстах, кірмашах як рэгіянальных, так і міжнародных. Яны лічаць, што папулярызацыя народных рамёстваў мае вялікае значэнне для выхавання патрыятызму і далучэння да беларускай культуры. А пазнаёміцца з іх творчасцю можна падчас работы цэнтра да 19 снежня.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.
