Аднаўляючы народныя традыцыі, культработнікі наведваюць работнікаў АПК. Завіталі калядоўшчыкі і на МТФ “Трунцы” - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Пятница, 16 Января 2026 16:26

Аднаўляючы народныя традыцыі, культработнікі наведваюць работнікаў АПК. Завіталі калядоўшчыкі і на МТФ “Трунцы”

Звяздар, Павадыр з Казой, Механоша і іншыя калядныя героі запрасілі вяскоўцаў далучыцца да старажытнага абраду.

Традыцыі калядавання ўзыходзяць яшчэ да паганскіх часоў, калі верылі, што ў самую доўгую ў годзе ноч злы Карачун з’ядаў Сонца. Каб абараніць яго, людзі выконвалі розныя магічныя дзеянні. А каб Карачун не пазнаў іх, апраналі адзенне навыварат і закрывалі твары маскамі. З сабой абавязкова насілі зорку — сімвал Сонца, якое праслаўлялі каляднымі песнямі.

У хрысціянскі час калядныя традыцыі паступова аб’ядналіся са святам Хрыстовага Нараджэння. Зорка цяпер сімвалізуе Віфлеемскую зорку, якая абвясціла нараджэнне Збавіцеля. З’явіліся новыя калядкі, якія апавядаюць пра найвялікшую падзею і ўслаўляюць галоўных асоб той ночы, калі нарадзіўся Хрыстос. Але і сёння важнай умовай Каляд з’яўляецца пераапрананне, нашэнне масак, ваджэнне Казы.

0-02-05-0b97afb9e9ecebc80f6ea6aac25129e2ab007685ab731e109140dc23b8fe8422_227b901fe3cd081

Калядоўшчыкі хадзілі па дамах з песнямі, танцамі і цэлымі тэатралізаванымі пастаноўкамі. Акрамя агульных, у розных рэгіёнах былі свае, адметныя традыцыі калядавання. Работнікі і творчыя калектывы Мацвееўскага Дома культуры аднавілі абрад, які здаўна існаваў у гэтай мясцовасці.

— Гэта абрад з вёскі Улезлы,— расказвае ўдзельніца народнага фальклорнага гурта “Чараўніцы” Надзея Аляксееўна Талашка. — Разам з удзельніцамі нашага гурта мы аднавілі не толькі Каляды, але і Валоканне, і свята пастуха. Дапамагалі нам мясцовыя старажылы, ад якіх мы запісвалі калядныя песні, вершы. Шмат цікавага даведаліся ад жыхаркі вёскі Улезлы Вольгі Іванаўны Блажыевіч. Яна расказала, што акрамя Звездара, Казы і іншых калядоўшчыкаў абавязкова хадзілі ячшэ два Анёлы. Гэта такая наша мясцовая адметнасць.

0-02-05-3017eaa13e563506a4c30d218bf1f09fc5efdfb56442ab2f44b62266feb0be2e_6503c668c41779ee

Да “Чараўніц” далучаюцца работнікі ДК, моладзь. Вяскоўцы засёды гасцінна сустракаюць калядоўшчыкаў, бо згодна народнаму павер’ю, гэта залог таго, што год будзе ўдалым і ўраджайным. Работнікі фермы “Трунцы” таксама сардэчна сустрэлі гасцей з каляднай зоркай. На хвілінку адклаўшы справы, вадзілі карагод вакол Казы, смяяліся з яе жартаўлівых “выбрыкаў”.

— Вялікі дзякуй работнікам культуры, што не забываюць пра нас, — гаворыць загадчыца фермы Тэрэза Біч. — А таксама за тое, что не забываюць народныя традыцыі. Гледзячы на іх, далучаецца і моладзь. У нашай вёсцы ў гэтыя дні дзеці таксама калядуюць. І не проста, пераапрануўшыся, ходзяць па хатах, але і вершы калядныя ведаюць, і песні. Гэта вельмі важна, гэта нашы карані.

 

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 752 раз Печать