Раман, які застаецца з чытачом - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Суббота, 08 Августа 2026 14:54

Раман, які застаецца з чытачом

Мы працягваем сумесны праект рэдакцыі газеты “Наш час” і раённай бібліятэкі.

Сёння сваімі чытацкімі рэкамендацыямі дзеліцца фатограф, лідар маладзёжнага крыла Ваўкавыскай раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, спецыяліст па рабоце з моладдзю ААТ “Ваўкавыскі мясакамбінат”, аўтар лагатыпа Года беларускай жанчыны Яўгенія Пагранічная:

— Ёсць творы, якія пакідаюць глыбокі след у душы і вучаць разумець чалавека. “Людзі на балоце” Івана Мележа — менавіта такі твор. Гэты раман, адна з частак усімі вядомай трылогіі “Палеская хроніка”.

Іван Паўлавіч Мележ — беларускі савецкі празаік, драматург, публіцыст. У рамане ён падрабязна апісвае жыццё сялян палескай вёскі Курані падчас калектывізацыі 1920—1930‑х гадоў. Героі твора — гэта вобразы землякоў з малой радзімы аўтара — вёскі Глінішчы.

Чым “Людзі на балоце” так глыбока мяне ўразіў? Перш за ўсё, жывымі, шматграннымі персанажамі. Мележ стварыў галерэю такіх герояў, што здаецца, ты асабіста знаёмы з кожным. Кожны персанаж жыве сваім уласным жыццём, са сваімі страхамі, на-
дзеямі. Іх лёсы пераплятаюцца, ствараючы складаны, але адначасова непаўторны малюнак жыцця.

Пісаць раман “Людзі на балоце” Іван Мележ пачынаў як лірычны твор. Лёсы і драма жыцця і кахання Васіля Дзятліка і Ганны Чарнушкі — індывідуальныя і глыбока народныя. Другія вобразы паказаны ва ўсёй іх складанасці, глыбіні.

Каб дэталёва перадаць сялянскі побыт пачатку ХХ стагоддзя, Іван Паўлавіч звяртаўся да бацькі. Пісьменнік дасылаў яму лісты, дзе пытаў пра вядзенне гаспадаркі, абрады, назвы страў і святаў.
Бацька ж падрабязна адказваў на запыты.

Прырода — гэта яшчэ адзін неад’емны элемент твора, які зачароўвае і адлюстроўвае стан душы герояў, іх радасць і смутак. Палі, балоты, лясы Палесся — гэта не проста фон, яны становяцца практычна жывымі героямі твора.
Мележ з такой любоўю і падрабязнасцю апісвае гэтыя мясціны, што чытач адчувае скразнякі ад ветру і свежасць ранішняй расы.

Мова твора багатая, выразная, напоўненая мясцовым каларытам. Мележ па-майстэрску выкарыстоўвае народныя прыказкі, фразеалагізмы і дыялекты, што надае твору жывасці і аўтэнтычнасці.

Дарэчы, доўгі час аўтар сумняваўся наконт назвы рамана. Калі ён прынёс рукапіс у часопіс “Полымя”, на асобным лісце было запісана 15 варыянтаў загалоўка. Тады ж спыніліся на назве “Туманы над багнай”. Але супрацоўнік рэдакцыі пераканаў пісьменніка змяніць назву на больш светлую — “Людзі на балоце”.

За раман “Людзі на балоце” пісьменнік атрымаў Літаратурную прэмію імя Якуба Коласа.

Твор быў перакладзены на рускую, эстонскую, нямецкую, латышскую і іншыя мовы свету і не аднойчы экранізаваны. А помнік героям рамана можна ўбачыць сёння ў Хойніцкім гарадскім парку культуры.

“Людзі на балоце” — кніга, якая прымушае задумацца пра сэнс жыцця, прыроду чалавека, а яшчэ пра тое, што сапраўды важна. Гэта раман, які застаецца з чытачом на доўгія гады, напамінаючы пра неверагодную сілу чалавечага духу.

Абавязкова прачытайце!

Вольга ШАЛЯСТОВІЧ,

бібліятэкар Ваўкавыскай раённай бібліятэкі.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 53 раз Печать