«Чароўныя скарбы роднай зямлі» - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Пятница, 02 Декабря 2016 00:00

«Чароўныя скарбы роднай зямлі»

Пад такой назвай прайшоў у Мачулінскім Доме культуры адкрыты рэгіянальны фестываль традыцыйнага народнага мастацтва.

Арганізатарам вялікага мерапрыемства, удзел у якім прынялі калектывы з нашага, а таксама Гродзенскага раёнаў, выступіў Ваўкавыскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці. Матэрыяльную падтрымку арганізатарам аказалі фундатары — Ваўкавыскі бізнес-цэнтр і Ваўкавыскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў.

У фае гасцей фестывалю чакала выстава вырабаў народных майстроў, экскурсію па якой правяла намеснік дырэктара раённага Цэнтра рамёстваў Святлана Кудаш. Яна паказала ўсім прысутным работы, якія спалучаюць вернасць непаўторным мясцовым традыцыям з уласным стылем аўтара і з’яўляюцца сведчаннем невычэрпнага народнага таленту. Не пакінуў абыякавымі і асабліва зацікавіў моладзь і дзяцей майстар-клас па традыцыйнаму ткацтву.

Загадчык Дуляўскога сельскага клуба Вольга Стасюкевіч правяла прэзентацыю традыцыйных страў і пазнаёміла гасцей з гаспадынямі, якія іх прыгатавалі. Рэцэптамі страў абмяняліся з прысутнымі прадстаўніцы вёсак Субачы, Рэпля, Рупейкі, Ізабелін, Лапеніца і Раднікі. Яны адкрылі цікаўным сакрэты і спосабы прыгатавання, расказалі пра смакавыя якасці і сімволіка-абрадавыя функцыі кожнай стравы.

А затым у глядзельнай зале тэатралізаваным пралогам распачаўся фестываль. Яго героі паведамілі пра багацце рэгіянальнага традыцыйнага народнага мастацтва. З прывітаннем звярнуўся загадчык сектара культуры і па справах моладзі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ваўкавыскага райвыканкама Сяргей Урбановіч. Усім удзельнікам мерапрыемства былі ўручаны памятныя падарункі — гадзіннікі з эмблемай фестывалю.

Песенны фальклор і побытавыя танцы, традыцыйныя абрады і старадаўнія гульні — народнай творчасці ў самых розных яе праявах знайшлося месца на фестывальнай пляцоўцы. Напрыклад, дзіцячы гурток народных святаў і абрадаў Гнезнаўскага ДК пазнаёміў гасцей з абрадам «купанне дзіцяці», Раднікоўскі Дом культуры запрасіў прысутных на гульнёвую праграму пад назвай «Хлеб ды соль падносім, гасцей да нас запросім», а Вярэйкаўскі ДК прадставіў праграму пад назвай «На гульнёвым падворку». Яскравым і запамінальным быў заключны нумар фестывалю — «Скокі па-даўнейшаму» — у выкананні зводнага танцавальнага калектыву побытавых танцаў работнікаў культуры Ваўкавыскага РЦКНТ.

За лепшае выкананне фальклорных твораў адзначаны народны фальклорны гурт «Чараўніцы» Мацвееўскага Дома культуры і фальклорны гурт «Ваўпянка» Воўпаўскага Дома культуры, Ганна Забалоцкая (Субацкі Дом культуры) і трыа гэтай жа ўстановы. У намінацыі «Лепшы выканаўца народнай прозы» вызначыўся Дуляўскі сельскі клуб, а ў намінацыі «Лепшая гульнёвая праграма з выкарыстаннем рэгіянальнага матэрыялу» — Раднікоўскі. За лепшую прэзентацыю традыцыйнай стравы ўзнагароды атрымалі Субацкі і Ізабелінскі Дамы культуры, а таксама прадстаўніца Мачулінскага ДК траўніца Раіса Альшэўская. Ваўкавыскі раённы Цэнтр рамёстваў быў адзначаны за прэзентацыю выставы вырабаў народных умельцаў. Асаблівую ўзнагароду за грунтоўную падрыхтоўку фестывалю атрымала намеснік дырэктара Ваўкавыскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Лілія Рашчэўская — нястомны арганізатар і куратар фестывалю, самаадданы знаўца і прапагандыст фальклорнай спадчыны Ваўкавыскага раёна.

Здабыткі матэрыяльнай і духоўнай культуры нашых продкаў на Ваўкавышчыне беражліва захоўваюцца ў сваёй непаўторнай адметнасці і перадаюцца ад носьбітаў да нашчадкаў. Арганізатары фестывалю імкнуцца, каб кожны жыхар раёна змог дакрануцца да свайго мінулага праз народную творчасць.

Артыкул і фота падрыхтаваны аргкамітэтам фестываля

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 4370 раз Печать
Другие материалы в этой категории: Слова, пранікаючае ў сэрца Лучшие на «Мегаданс-2016»