Вучням 4 класа расказалі пра вялікага асветніка і гуманіста Францыска Скарыну, які паклаў пачатак распаўсюджанню беларускай друкаванай кнігі, нагадалі яго выданні і кнігі аб ім.
Затым маленькім чытачам былі прадстаўлены найбольш цікавыя выданні твораў беларускіх аўтараў з фонду бібліятэкі. Дзеці пазнаёміліся з героямі казак са зборніка «Крынічка Буль- Буль», якія імкнуцца дарыць радасць іншым. Аматары падарожжаў зацікавіліся кнігай Алеся Карлюкевіча «Зорны шлях белых гарлачыкаў», героі якой трапляюць у неверагодныя гісторыі, а выблытацца з іх ім дапамагаюць веды па геаграфіі, фальклору і дакладных навуках.
Пазнаёміўшыся з казкамі і былінамі Ясеніі Сцяпанавай «Купалінка», падзеі ў якіх звязаны са святкаваннем Купалля, школьнікі ўспомнілі, як гэта свята ладзіцца ў нашай мясцовасці. Дзеці з задавальненнем дзяліліся ўражаннямі аб ім і сваімі прыгодамі падчас свята.
Цяжка знайсці беларускага аўтара, які б не пісаў аб роднай прыродзе, таму і на нашым літаратурным пульсе былі прадстаўлены кнігі гэтай тэматыкі. «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў», «Чырвоная кніга для дзяцей» і «Чырвоная кніга ў казках і вершах» уразілі вучняў не толькі цудоўнымі творамі, але і карыснай навукова-папулярнай інфармацыяй, якая маецца ў выданнях.
Дзе жывуць пчолы, чаму янота завуць паласкуном, а бабра — будаўніком, хто пашыў буслу шапку і з чаго будуюць дом мурашы? Адказы на гэтыя пытанні ўдзельнікам мерапрыемства было прапанавана пашукаць на старонках кнігі «Падарожжа з белай чапляй», якую склаў Валерый Кастручын. З кнігі Міхася Пазнякова «У родным краі» дзеці з задавальненнем разгадвалі загадкі-анаграмы, чыталі смяшынкі і небыліцы, завучвалі лічылкі.
Заключным акордам літаратурнага пульса стаў прагляд відэароліка «Хіт-парад лепшых беларускіх кніг» Ваўкавыскай раённай дзіцячай бібліятэкі.
У бібліятэкара атрымалася зацікавіць дзяцей прадстаўленымі выданнямі, амаль усе яны былі ўзяты чытачамі дамоў.
Тамара ВЯЛІЧКА, бібліятэкар філіяла Вярэйкаўская сельская бібліятэка.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.