Абласны фестываль рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы” прымалі Вярэйкі - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 11 Июня 2017 18:30

Абласны фестываль рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы” прымалі Вярэйкі

Сёння ў мясцовым Доме культуры адбыўся другі занальны этап фестывальнай праграмы, у якім прымалі ўдзел калектывы Ваўкавыскага, Бераставіцкага, Свіслацкага і Гродзенскага раёнаў.

На суд гледачоў і журы яны прадставілі ўсё тое, чым беларускі народ адметны спрадвеку, ад вытокаў: народныя песні, побытавыя танцы, традыцыйныя беларускія стравы і абрады, вырабы майстроў-рамеснікаў. У фае Вярэйкаўскага Дома культуры размясціліся выставы, а ў пакоях для жадаючых праводзілася дэгустацыя прыгатаваных удзельнікамі фестываля страў.

Пралог мерапрыемства нагадаў прысутным, што святы фальклору на ваўкавыскай зямлі — справа традыцыйная: у розных кутках нашага раёна яны праводзіліся ў 2002, 2007, 2009, 2012, 2014 гадах, а з мінулага года фестываль фальклору набыў статус рэгіянальнага, і да нас з задавальненнем прыязджаюць калектывы з суседніх раёнаў вобласці. З прывітальным словам да ўдзельнікаў, журы і гледачоў звярнуўся намеснік старшыні Ваўкавыскага райвыканкама Ігар Кашкевіч. Ён адзначыў, што ў зале шмат людзей розных пакаленняў, і гэта добра, што выступленні калектываў глядзіць у тым ліку і моладзь — значыць, мы не забываемся пра свае вытокі, і ў той жа час гэта аснова таго, што мы будзем расці і развівацца. Ад імя гаспадароў традыцыйны каравай быў уручаны членам журы фестываля, у склад якога ўвайшлі вядучыя метадысты Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Вольга Шлавянец, Аляксандр Аўчыннікаў і Кацярына Валашчук, намеснік старшыні Ваўкавыскага райвыканкама Ігар Кашкевіч, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Дзмітрый Юшын, загадчык сектара культуры і па справах моладзі Сяргей Урбановіч і старшыня Вярэйкаўскага сельвыканкама Анатоль Стасюкевіч. Дарэчы, Вярэйкаўскі сельвыканкам, а таксама сельгаспрадпрыемства “Ваўкавыскае” і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама аказалі дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства яго гаспадарам — калектывам раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і Вярэйкаўскага ДК.

Прадстаўнікі Ваўкавыскага раёна па праву гаспадароў і распачалі фестывальную праграму. На традыцыйныя беларускія вячоркі запрасілі ўсіх удзельніцы фальклорнага гурта “Ваўпянка” Воўпаўскага ДК, якія выканалі песні “А ў полі…” і “Стаіць гара высокая”. Выдатна дапамаглі старэйшым юныя ўдзельнікі клуба аматараў фальклору “Вытокі” той жа клубнай установы: яны прадставілі абрадавы цыкл, у якім узгадалі ўсе найбольш значныя святы беларускага народнага календара, а таксама паказалі старажытныя танцы — кракавяк, картузы і таўкачыкі. Выступілі артысткі з Субачаў, Дуляўцоў і ўдзельніцы народнага гурта “Чараўніцы” з Мацвееўцаў.

Прадоўжыўся занальны этап фестываля ў Вярэйках выступленнямі калектываў Бераставіцкага, Свіслацкага і Гродзенскага раёнаў. Падвядзе вынікі і аб’явіць лепшых журы пазней, пасля прагляду ўсіх занальных этапаў.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 3477 раз Печать