“Школьная матэматыка — толькі частка цэлага свету” - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Четверг, 13 Июня 2024 10:16

“Школьная матэматыка — толькі частка цэлага свету”

Стопрацэнтны вынік на цэнтралізаваным экзамене па матэматыцы атрымаў выпускнік 11 “А” класа сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Ян СПАРНЮК. Ён ахвотна падзяліўся з намі сваімі думкамі:

— Да гэтага іспыту я пачаў рыхтавацца яшчэ пазамінулай зімой і працаваў планамерна, так што на падрыхтоўку ў мяне было прыкладна паўтара гады. Гэта добры варыянт, каб не напружвацца ў апошнія дні, рэкамендую ўсім дзейнічаць такім чынам. Важную ролю ў маім поспеху адыграла наша настаўніца Ларыса Уладзіміраўна Мігдалёнак, на яе ўроках я прадуктыўна працаваў, напэўна, гэта і дало свой плён.

Увогуле, матэматыка мне падабаецца. Пры гэтым я лічу, што школьная матэматыка — толькі невялікая частка цэлага свету матэматыкі, і, напрыклад, у вышэйшых навучальных установах гэта навука значна больш складаная. Таму ўлетку планую шчыльна заняцца менавіта вышэйшай матэматыкай. Аднак сваё жыццё ўсё ж хачу звязаць з хіміяй. Гэта навука для мяне — асобны від задавальнення, я ўспрымаю яе як мастацтва. Мне вельмі падабаецца змешваць у прабірках розныя рэчывы, кожны раз адкрываць для сябе іх новыя ўласцівасці. Ёсць жаданне стаць вучоным, таму збіраюся паступаць на хімічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, на спецыяльнасць “Фундаментальная хімія”. Цэнтралізаванае тэсціраванне па хіміі я, вядома ж, таксама здаваў, аднак яго вынікі стануць вядомы пазней.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 1138 раз Печать