На мерапрыемстве прысутнічалі дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа акадэміі навук Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута гісторыі акадэміі навук Вадзім Лакіза, загадчык аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі акадэміі навук Максім Чарняўскі, а таксама навуковыя супрацоўнікі гэтага аддзела Сяргей Ліневіч і Аляксандра Вайтовiч. Дарэчы, Максім Чарняўскі з’яўляецца сынам вядомага археолага Міхаіла Чарняўскага, які ў 1960-я гады праводзіў даследаванні краснасельскіх крэмневых шахт.

У сваім выступленні Ігар Капылоў адзначыў, што часта бывае ў розных рэгіёнах Беларусі, але найбольш яму падабаецца прыязджаць на Гродзеншчыну:
— Тут адметная гісторыя, асаблівая прырода, незвычайна гасцінныя і добрыя людзі. У Ваўкавыску я ўпершыню. Першае ўражанне — цікавы, прыгожы, дагледжаны горад з вялікай гісторыяй. Дзякуй кіраўніцтву раёна, упраўленню адукацыі райвыканкама, дырэктарам гімназіi № 1 і СШ № 5 за тое, што запрасілі і далі магчымасць выступіць перад аўдыторыяй.

Звяртаючыся да моладзі, якая сабралася ў зале, і педкалектыву, кіраўнік Інстытута мовазнаўства падкрэсліў важнасць патрыятычнага выхавання:
— Неабходна любіць сваю родную зямлю, сваю Айчыну, бо іншай у нас няма. А каб быць патрыётамі сваёй Радзімы, трэба вучыць гісторыю, шанаваць культуру і ведаць мову. Менавіта праз мову мы беражом гістарычную памяць, памяць пра наш народ, падзеі і даты. У мове адлюстроўваецца ўся наша ідэнтычнасць. Вядома, што ў розных частках свету на моўнай аснове часам узнікаюць канфлікты. Нашай краіне ўдалося гэтага пазбегнуць. У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. Гэта вельмі дэмакратычны падыход. Ужо з цягам амаль цэлага стагоддзя наш інстытут, створаны ў 1929 годзе, вывучае родныя для нашай культуры мовы. Інстытут мовазнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі — адзіная ў краіне навуковая ўстанова, якая займаецца праблемамі нармалізацыі сучаснай беларускай мовы. Тут праводзяцца фундаментальныя і прыкладныя даследаванні па розных напрамках.

Ігар Капылоў расказаў аб работах, аўтарамі якіх з'яўляюцца супрацоўнікі інстытута: гэта падручнікі граматыкі, розныя навучальныя дапаможнікі, перакладныя, тэрміналагічныя, дыялектныя, тлумачальныя слоўнікі, электронныя рэсурсы і мн. інш. Асобна спыніўся на першым у гісторыі Беларусі і Кітая «Кітайска-беларускім і беларуска-кітайскім слоўніку», які ўжо шырока выкарыстоўваецца ў навучальных установах КНР. Начальнік упраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама Пётр Красько адзначыў, што ў гімназіі № 2 г. Ваўкавыска вось ужо на працягу 6 гадоў вывучаюць кітайскую мову і культуру, таму падобны слоўнік быў бы ў гэтай установе якраз да месца. Ігар Капылоў паабяцаў вырашыць пытанне з перадачай ваўкавыскай гімназіі некалькіх экземпляраў гэтай кнігі.
Напрыканцы свайго выступлення ён запрасіў навучэнцаў школ і гімназій Ваўкавышчыны наведаць Музей старажытнабеларускай культуры Інстытута мовазнаўства і перадаў СШ № 5 і раённай бібліятэцы «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», выпушчаны ў 5 тамах. Кожны том лексічнага атласа складаецца з дзвюх частак: карты i каментары да iх. У атласе пераважаюць карты, на якіх адлюстраваны абазначальныя сродкі розных лексіка-тэматычных груп гаворак беларускай мовы, змяшчаюцца таксама карты па семантыцы, словаўтварэнні і акцэнталогіі. А бібліятэчную калекцыю гімназіі № 1 папоўніць кніга «Беларуская мова ад А да Я». У кнiзе, сааўтарам якой з’яўляецца кіраўнік Інстытута мовазнаўства, у папулярнай форме расказваецца пра галоўныя падзеі ў гісторыі развіцця нацыянальнай мовы, яе адметныя рысы, знакавыя пісьмовыя помнікі і сучасныя слоўнікавыя выданні. Прыводзяцца цікавыя моўныя факты, выказванні паэтаў і пісьменнікаў пра роднае слова, самабытная лексіка, прыказкі, якія адлюстроўваюць каларыт беларускай мовы.



Вадзім Лакіза расказаў, чым займаецца Інстытут гісторыі НАН Беларусі і наколькі важныя археалагічныя даследаванні, якія даюць магчымасць сучаснікам папоўніць свае веды аб гісторыі, адчуць сувязь часоў. Ён падкрэсліў, што адным з найважнейшых паказчыкаў паспяховасці прафесійнай дзейнасці навуковага работніка з’яўляецца наяўнасць публікацый:
— Напрыклад, цяпер мы працуем над стварэннем «Гісторыі Беларусі» ў 10 тамах. Кніга будзе цікавая шырокаму колу чытачоў. Гэта навукова-папулярнае выданне, у якім навуковы змест прадстаўлены ў яркай і лёгкай для ўспрымання форме з вялікай колькасцю ілюстрацый. Гэтая кніга — зборнік найбагацейшых фактаў з гісторыі нашай краіны.

Вадзім Лакіза адзначыў, што Ваўкавыскі раён па праву можа ганарыцца сваёй шматвекавой гісторыяй, археалагічнымі помнікамі, культурнай спадчынай і асобна адзначыў краснасельскія крэмнездабывальныя шахты:
— Гэта найцікавейшы археалагічны аб'ект. Ёсць задумка зрабіць яго прывабным турыстычным месцам, свайго роду археалагічным музеем пад адкрытым небам.
У прыклад ён прывёў археалагічны комплекс на рацэ Менцы, размешчаны каля вёскі Гарадзішча Мінскага раёна. У 2023 годзе тут пачаліся найбуйнейшыя ў гісторыі нашай краіны археалагічныя даследаванні помнікаў старажытнарускага перыяду.

— Была прыцягнута вялікая колькасць валанцёраў, студэнтаў, школьнікаў і проста неабыякавых людзей, якія сваімі рукамі жадаюць здабыць артэфакты для разумення гісторыі роднай краіны. Падчас раскопак былі знойдзены ўнікальныя драўляныя канструкцыі і артэфакты, якія дазволілі зрабіць новыя высновы аб гісторыі беларускай сталіцы. Фактычна, беларускія археолагі даказалі, што Мінск старэйшы не менш як на 70 гадоў. Важна, што даследаванні археолагаў і ўнікальныя знаходкі стануць здабыткам грамадства — тут плануецца стварыць музей.
Вадзім Лакіза запрасіў школьнікаў узяць удзел у археалагічных раскопках, якія арганізуюцца ў розных частках нашай краіны, а таксама наведаць археалагічную навукова-музейную экспазіцыю Інстытута гісторыі. Ён перадаў гімназіі № 1 г. Ваўкавыска кнігі, да стварэння якіх мае непасрэднае дачыненне Інстытут гісторыі НАН Беларусі.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.
