Кожны краязнаўчы музей мае сваю адметнасць. Вучні пачатковых класаў Вярэйкаўскай СШ сустрэліся з мінулым у Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеі.
Спачатку дзеці трапілі ў залу “Літаратурны свет Бацькаўшчыны”, дзе даведаліся пра гісторыю стварэння музея, убачылі фотаздымкі вядомых пісьменнікаў і паэтаў, іх кнігі з аўтографамі. Яны з задавальненнем слухалі экскурсавода, з цікаўнасцю разглядвалі экспанаты і задавалі пытанні.

Але сапраўднае захапленне ў школьнікаў выклікала зала “Народнае ткацтва”. У музейнай экспазіцыі яны ўбачылі прылады, з дапамогай якіх з ільну ці шэрсці спачатку рабілі ніткі, а потым тканыя вырабы: ручнікі, абрусы, паясы. Даведаліся, што з ткацтвам звязана шмат старадаўніх народных абрадаў і звычаяў. Здаўна майстрыхі ўпрыгожвалі тканымі ўзорамі адзенне, прадметы побыту і інтэр’ер. Ткацтву вучылі з юных гадоў, а большую частку пасагу для дзяўчыны складалі тканыя вырабы.
Здзіўленне выклікалі і двухслойныя дываны, некаторым з якіх больш за сто гадоў. Тэхналогія ткацтва такіх дываноў была адноўлена ў Гудзевічах і занесена ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
У “Беларускай хатцы”, якая размешчана на тэрыторыі ўстановы ў этнаграфічным аддзеле, школьнікі паглыбіліся ў жыццё беларусаў у далёкім мінулым. Музейная хата захавала ўсе дэталі побыту сярэдзіны XIX стагоддзя: саламяны дах, маленькія акенцы, вялікую печ. Інтэр’ер адноўлены з надзвычайнай дакладнасцю. Кожны экспанат гаворыць аб тым, нашы продкі былі працалюбівымі і гасціннымі.
Дадому школьнікі вярталіся не толькі з набытымі ў музеі сувенірамі, якія будуць напамінаць пра цікавую экскурсію, але і з мноствам успамінаў, пачуццяў і эмоцый, якія застануцца з імі надоўга.

Святлана Пракопік,
настаўнік пачатковых класаў
Вярэйкаўскай СШ.
