«Чытаем па-беларуску з velcom» - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Четверг, 10 Ноября 2016 00:00

«Чытаем па-беларуску з velcom»

Вадим Марчик

Менавіта пад такой назвай у Ваўкавыску адбыўся сацыяльна-адукацыйны праект, арганізаваны па ініцыятыве кампаніі velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Пазнавальныя ўрокі беларускай культуры ў аўтарскім фармаце для школьнікаў трох агульнаадукацыйных устаноў горада правёў вядомы акцёр, журналіст і тэлевядучы Юрый Жыгамонт.

Праект «Чытаем па-беларуску з velcom» існуе ўжо другі год і з кожным днём прыцягвае да сябе ўсё большую ўвагу. Ён накіраваны на папулярызацыю чытання літаратуры, далучэнне дзяцей да нацыянальнай культуры. У займальных занятках прынялі ўдзел ужо больш за 11 000 беларускіх школьнікаў.

Адным з першых гарадоў Гродзенскай вобласці, дзе прайшлі заняткі ў арыгінальным фармаце, стаў Ваўкавыск. Для навучэнцаў 2-3 класаў першай і другой гімназіі, а таксама СШ № 7 была падрыхтавана спецыяльная праграма, у ходзе якой Юрый Жыгамонт правёў ўрок беларускай культуры. Ён распавёў прысутным пра традыцыі нашай культуры, асаблівасці роднай мовы, прачытаў вершы беларускіх паэтаў і арганізаваў інтэрактыўныя гульні. Вучні з захапленнем слухалі самага вядомага «дылетанта» і вандроўніка Беларусі, актыўна адгадвалi загадкі і нават чыталі ўрыўкі вершаў на роднай мове.

Юрый Жыгамонт цалкам задаволены новым адукацыйным праектам:

— Мне здаецца, што сучасныя дзеці зацікаўлены ў вывучэнні беларускай мовы і літаратуры. Яны ўважліва слухаюць мяне, задаюць пытанні па гісторыі нашай культуры. Упэўнены, што арганізатары праекта зробяць усё, каб падобныя ўрокі прайшлі ў большасці рэгіёнаў краіны.

— Яшчэ пару гадоў таму дзяцей у нашай школе вучылі выключна на беларускай мове. Вучнi добра валодалі ёю, маглі лёгка фармуляваць свае думкі. На жаль, цяпер беларускамоўныя прадметы выключны. І часам узнікаюць моўныя супярэчнасці. «Чытаем па-беларуску з velcom» – гэта займальны фармат сустрэчы з людзьмi, якiя размаўляюць на роднай мове. Спадзяюся, менавіта ён выкліча цікавасць чытаць па-беларуску больш, – падзялiлася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце пачатковых класаў ДУА «Сярэдняя школа №7 г. Ваўкавыска» Таццяна Уладзіміраўна Фёдарава.

Застаецца дадаць, што арганізатары праекта працягнуць сацыяльна-адукацыйную ініцыятыву ў фармаце интэрактыўных урокаў і ў іншых гарадах Гродзенскай вобласці. Так, у абласным цэнтры яны пройдуць 16 лістапада.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 4725 раз Печать