Рубрыка “Слова пра мову”. Таварыскасць - таварыства, сяброўства - сябрына, еднасць - яднанне, згода - пагадненне. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 03 Апреля 2022 18:20

Рубрыка “Слова пра мову”. Таварыскасць - таварыства, сяброўства - сябрына, еднасць - яднанне, згода - пагадненне. Адчуй розніцу!

Пра адзінства

Толькі надзейная таварыскасць (ці таварыства?) здольна перарасці ў цеснае сяброўства (ці сябрыну?) і стаць сапраўдным братэрствам. Так складваюцца людскія адносіны. Так складваюцца лёсы цэлых дзяржаў. Сёння адзначаецца Дзень яднання (ці еднасці?) народаў Беларусі і Расіі. 25 гадоў мінула з таго самага дня, калі было заключана пагадненне (ці згода?) і падпісаны дагавор аб Саюзе паміж дзьвюма дзяржавамі.

АДЧУЙ РОЗНІЦУ

Таварыскасць (рус. товарищество; товарищеские отношения). Даверлівасць, сяброўства ў адносінах. Атмасфера таварыскасці — лепшае, што можа быць у калектыве.

Таварыства (рус. товарищество, дружба; компания).

  1. Група людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, заняткам. Гэта было сапраўднае таварыства аднадумцаў.
  2. Арганізацыя — вытворчая, гандлёвая, навуковая, у якую ўваходзяць раўнапраўныя ўдзельнікі (рус. общество). Праўда, гэта не так проста, спачатку створым навуковае таварыства. І. Новікаў.

Сяброўства (рус. дружба, товарищество). Блізкія адносіны, якія грунтуюцца на агульнасці інтарэсаў, духоўнай блізкасці. Я даўно шукаў прычыны, каб сяброўства нам пачаць. В. Вітка.

Сябрына (рус. содружество, круг друзей). Кола сяброў; сяброўская бяседа, пачастунак. Гэта была сапраўдная сябрына таварыскага даверу.

Еднасць (рус. единство, сплочённость).

  1. Адзінства, згуртава­насць. Такой кнігі аб еднасці чалавека і роднай зямлі, чалавека і прыроды ў нас даўно не было. Н. Гілевіч.
  2. Агульная супольнасць (рус. единство, общность, согласие). Няма ў жыцці нічога лепшага, чым час, асветлены еднасцю маладых сэрцаў і парыванняў. І. Навуменка.

Яднанне (рус. единение, сплочение).

  1. Дзеянне паводле значэнняў дзеясловаў яд­наць і яднацца — злучацца, збліжацца, утвараючы адзінае цэлае; згуртоўвацца. Усё цягнула плямёны да яднання. У. Караткевіч.
  2. Адзінства, згуртава­насць. (рус. единение, сплочённость). Бо яднанне — сіла ў свеце, хто ж дурэй ад грамады. Я. Колас.

Згода (рус. согласие).

  1. Станоўчы адказ, да­звол. Начальства дало згоду.
  2. Узаемная дамоўле­насць. Мы прыйшлі да згоды.
  3. Супадзенне думак, аднадушша. Згода паміж імі была па любым пытанні.
  4. Мірныя сяброўскія адносіны. Лад і згода ў кожнай хаце.
  5. Безас. у значэнні выклічніка. — Сустракаемся ўвечары. — Згода!

Пагадненне (рус. соглашение).

  1. Дагавор, які абумоўлівае абавязацельствы. Падпісана двухбаковае пагадненне.
  2. Прымірэнне, згода (рус. примирение). Супраць­стаянне скончылася ўзаемным пагаднененнем.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 404 раз Печать