Рубрыка “Слова пра мову”. Вышыўка - вышыванка, шалупінне - лушпайкі, дранік - дранка. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 09 Апреля 2023 18:09

Рубрыка “Слова пра мову”. Вышыўка - вышыванка, шалупінне - лушпайкі, дранік - дранка. Адчуй розніцу!

Убіраецца ў сілу вясна. Сыходзіць Вялікі пост. Сення ўжо Вялікдзень. Будзем вітаць свята і адзін аднаго добрымі, светлымі, цёплымі словамі: ”Хрыстос уваскрос!”.

А на сталах, засцеленых аздобленымі вышыўкай (ці вышыванкай?) абрусамі, ужо ледзь не з вечара чакаюць святочныя прысмакі. Побач з велікоднымі яйкамі, пафарбаванымі ў шалупінні (ці лушпайках?) ад цыбулі, неверагодным пахам вабяць гарачыя дранікі (ці дранкі?), шчодрыя стравы з ялавічыны (ці ялавіны?) і тлустай свіной каркавіны (ці карка?). Як тут утрымацца, каб відэльцам (ці вілкамі? ці віламі?) з талеркі тых прысмакаў не ўхапіць?..

Адчуй розніцу

Вышыўка (рус. вышивка, вышивание). 1. Апрадмечанае дзеянне ад дзеяслова вышываць. 2. Від дэкаратыўна-прыкладного мастацтва. 3. Тое, што вышыта. Гурткоўцы займаліся вышыўкай нацыянальнага адзення.

Вышыванка (рус. вышитая рубаха). Разм. Кашуля, аздобленая вышыўкай. Кожнаму немаўляці былі падораны вышыванкі.

 

Шалупінне (рус. шелуха, очистки). Шалупіны; адыходы пасля ачысткі пладоў, бульбы. Шалупінне з далікатна абабранай бульбы было танюсенькае. Перан. Непатрэбнае, лішняе, нязначнае.

Лушпайкі (рус. скорлупа, кожура). 1. Вонкавая абалонка плода, семя. 2. Адыходы пасля ачысткі пладоў, семя (рус. очистки). Лушпайкі ад пражанага сланечніка каля лавы — сляды доўгіх суседскіх пасядзелках.

 

Дранік (рус. оладья из тертого картофеля). Гарачыя дранікі з халоднай смятанай маці нязменна ставіла на стол у нядзелю.

Дранка (рус. дранка, дрань, щепа). Тонкія дошчачкі для крыцця даху або для абівання сцен пад тынкоўку. Хата была ладная, дах высокі, сцены цёплыя пад дранкаю.

 

Ялавічына (рус. говядина, говяжье мясо). Карысталіся попытам і стравы з ялавічыны.

Ялавіна (рус. залежь, перелог, пар). Не араная некалькі гадоў запар зямля; аблога. Дарога ішла ўздоўж даўно забытай ялавіны.

 

Каркавіна (рус. ошеек). Частка тушы, якая прылягае да карку. Са свіной каркавіны атрымліваецца выдатны шашлык.

Карак (рус. шея, подзатылок). 1. Задняя частка шыі ў чалавека і жывёлы. 2. Загрывак (у жывёл) (рус. холка, загривок). Заўжды знойдуцца жадаючыя сесці на карак.

 

Відэлец (рус. вилка). Сталовы прыбор. Відэльцы бацька не любіў, нават бульбу браў з талеркі лыжкай.

Вілкі (рус. ухват). 1. Доўгая палка з двума металічнымі паўкруглымі рагамі на канцы, з дапамогай якой ставяць у печ і вымаюць з яе гаршкі, чыгункі. 2. Тое, што і вілы. Бабуля спрытна дастала вілкамі з гарачай печы чыгунок са свежа зваранай бульбай.

Вілы (рус. вилы). Ручная сельскагаспадарчая прылада. Духмянае сена віламі хуценька, каб паспець да дажджу, клалі на воз.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 391 раз Печать