Лёс, абарваны на досвітку. Жалобны мітынг-рэквіем прайшоў 7 ліпеня ў мемарыяльным комплексе “Шавулічы” на месцы спаленай 75 гадоў таму вёскі (+ Вiдэа) - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Наше видео

Суббота, 07 Июля 2018 20:14

Лёс, абарваны на досвітку. Жалобны мітынг-рэквіем прайшоў 7 ліпеня ў мемарыяльным комплексе “Шавулічы” на месцы спаленай 75 гадоў таму вёскі (+ Вiдэа)

…Старая таполя, якая дагэтуль расце пасярэдзіне колішніх Шавулічаў, памятае многае. Іншы чалавек ад такіх успамінаў, не выключана, страціў бы розум, а таполі, можна сказаць, пашанцавала. Яна ацалела і па-ранейшаму шапоча лісцем, з’яўляючыся маўклівым сведкам падзей, што адбываліся тут тры чвэрці стагоддзя таму. Памятае таполя і святочную Купальскую ноч, якая нечакана аказалася апошняй для вёскі і яе 366 жыхароў, памятае і тую жудасную раніцу, калі ў Шавулічы ўварваліся фашысцкія карнікі, загадалі і старым, і малым сабрацца ў адрыне, падпалілі… Калі б таполя магла марыць, яна б марыла аб тым, каб ніколі гэтага не бачыць і не чуць.

Прайшлі гады; на месцы, дзе чуліся тады людскія крыкі і стогны, — цішыня, якую парушаюць толькі птушкі. Шапочуць дрэвы, расце трава каля зрубаў, аднак не зарастае быллём памяць пра жудасныя гадзіны святочнага летняга дня 1943-га года. Штогод у гэты дзень на месца “вогненнай вёскі” прыязджаюць людзі, каб пакланіцца бязвінна загінуўшым жыхарам Шавулічаў, ускласці кветкі да іх магіл і яшчэ раз падумаць аб тым, якое гора можа прынесці на зямлю вайна.

У сёлетнім мітынгу-рэквіеме ў мемарыяльным комплексе традыцыйна прынялі ўдзел не толькі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў, але і родныя колішніх жыхароў спаленай вёскі, ваўкавычане і людзі з іншых населеных пунктаў, неабыякавыя да гісторыі нашых мясцін, госці з Зэльвенскага раёна і прадстаўнікі прафсаюзаў. Малітву за душы памерлых і здароўе жывых сатварылі благачынны Ваўкавыскай акругі іерэй Аляксандр Юзва і ксёндз-канонік прыхода Святога Станіслава Косткі Алег Дуль. Ніводнага з прысутных не змагла пакінуць абыякавым пранікнёная драматычная пастаноўка, падрыхтаваная Ваўкавыскім раённым цэнтрам культуры і народнай творчасці і яго падраздзяленнямі, дзякуючы якой нават тыя, хто ніколі не чуў пра трагедыю Шавулічаў, змаглі б уявіць падзеі той жахлівай купальскай раніцы. Пасля хвіліны маўчання пад мінорную мелодыю да помнікаў мемарыяльнага комплексу ляглі вянкі і кветкі.

Удзел у памятным мерапрыемстве прынялі і прафсаюзныя актывісты Гродзеншчыны. Са сталіцы Прынёмання ў мемарыяльны комплекс “Шавулічы” прыехалі прадстаўнікі ўсіх абласных галіновых прафсаюзных камітэтаў, абласнога і раённых аб'яднанняў прафсаюзаў, прафкамаў і арганізацый вобласці, якія ўдзельнічалі ў аднаўленні комплексу. Па словах старшыні Гродзенскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Рамуальда Юроўскага, прафсаюзы традыцыйна наведваюць гэта знакавае месца, уносяць свой пасільны ўклад у захаванне памяці аб той страшнай трагедыі: “Пра гэтую вёску мы даведаліся чатыры гады назад — і адразу вырашылі, што трэба прыкласці максімум намаганняў, каб аднавіць гэты комплекс. Агульнымі сіламі сабралі неабходныя сродкi, абнавілі ўсе памятныя пліты, усталявалі сімвалічныя зрубы на месцы кожнай спаленай хаты, i цяпер мы прыязджаем сюды не радзей як два разы на год: навесці парадак пасля зімы і 7 ліпеня. Шавулічы — гэта наша гродзенская Хатынь, гэта месца, якое нагадвае нам пра тое, што вайна — гэта трагедыя нашай краіны i кожнага чалавека, і трэба зрабіць усё, каб яна ніколі не паўтарылася”.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 3635 раз Печать