“Гэта маленькая Грузія”, або Як Каця са “Сталіцы” па Ваўкавышчыне пракацілася - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Среда, 01 Августа 2018 10:14

“Гэта маленькая Грузія”, або Як Каця са “Сталіцы” па Ваўкавышчыне пракацілася

На мінулым тыдні Ваўкавыскі раён карыстаўся папулярнасцю ў журналістаў Белтэлерадыёкампаніі, якія ствараюць праграмы-падарожжы: зусім нядаўна мы пісалі пра візіт прадстаўнікоў тэлепраграмы “Я хочу это увидеть”, а ў мінулыя выхадныя ў нас пабывала Каця Малей, аўтар і вядучая праграмы “Пракацімся без візы” на радыёстанцыі “Сталіца”. Ідэя праграмы — знаёміць радыёслухачоў і патэнцыйных турыстаў з рознымі куткамі Беларусі праз успрыманне мясцовых жыхароў, а не шляхамі “стандартных” маршрутаў. Пасля завяршэння двухдзённай вандроўкі ў мінулую нядзелю Кацярына падзялілася з нашымі чытачамі сваімі ўражаннямі ад Ваўкавышчыны.

— Ваўкавыск — ужо сорак чацвёрты горад, пра які я расказваю ў сваёй праграме. Кожны мой тыдзень пачынаецца з таго, што я адкрываю карту Беларусі і гляджу — дзе яшчэ не была, туды і накіроўваюся. Так я і трапіла ў ваш горад. Шчыра прызнаюся, не мела нейкіх асаблівых асацыяцый, папросту па назве падумала, што тут абавязкова павінен прысутнічаць воўк. Потым мне расказалі, што ёсць Шведская гара, і мяне гэта зацікавіла, ёсць мелавыя кар’еры, куды забаронена трапляць, — а тое, што забаронена, вядома, яшчэ больш вабіць. Вось такімі асацыяцыямі гэты горад мяне зацікавіў, і мы сюды вырашылі прыехаць.

Насычаная атрымалася праграма, і зараз, калі мы прабылі тут два дні, магу сказаць, што Ваўкавыск для мяне — гэта маленькая Грузія. Уражанні склаліся ў першую чаргу ад горада і ад таго, вачыма якіх людзей я глядзела на гэты горад. Усё пачалося з таго, што мы знялі кватэру, і гаспадары нас сустрэлі на машыне, адвезлі, паказалі, дзе можна купіць прадукты, як лепш трапіць у цэнтр. Потым нас сустрэлі гіды — дарэчы, іх мы знайшлі ў суполцы ў сацыяльнай сетцы, дзе ўсе мясцовыя жыхары вельмі актыўна падказвалі, куды можна схадзіць, рэкамендавалі людзей, з якімі трэба абавязкова пазнаёміцца. Гэта вельмі прыемна, гасціннасць адчуваецца адразу і цеплыня горада — не таму, што сёння плюс 32, а таму што цёплыя людзі, з “душой нараспашку”, як кажуць, і гэта бачна паўсюль. Дзе б мы ні пыталіся, як прайсці, нам адразу паказвалі, раілі, што лепш, напрыклад, па набярэжнай да музея дабрацца. Яшчэ такая цікавая інфармацыя: я нядаўна была ў Рыме, дзе так і не паспрабавала сапраўдную піцу, а вось учора мы былі ва ўстанове ля плошчы і там паспрабавалі піцу, якая для мяне была па кошце ў разы таннейшая, чым у сталіцы, а па якасці — смачнейшая, чым у Рыме.

— Карацей кажучы, у Ваўкавыску лепей, чым у Рыме…

— Так, менавіта тут я атрымала задавальненне ад піцы. І ваш горад уразіў людзьмі, ежай, стаўленнем да турыстаў, гатоўнасцю заўжды дапамагчы. Я люблю ў падарожжах адкрываць для сябе нешта новае, і вось Ваўкавыск стаў для мяне супергорадам. І раён мяне таксама ўразіў. Мы пабывалі на хутары, дзе спалі на вуллях, гаспадары пачаставалі нас гарбатай, мёдам розных гатункаў, яблыкамі, зарадзілі сваім пазітывам. Гэта людзі, да якіх хочацца сапраўды вяртацца, і дзякуй ім вялікі. Мы пабывалі ў вёсках, мы зразумелі, чаму нельга на мелавыя кар’еры, дзе нам патруль міліцыі ветліва і даступна растлумачыў, што гэта проста небяспечна для нашага жыцця, і мы гэта запомнілі. Таму толькі пазітыўныя эмоцыі. Ведаеце, я люблю заўсёды да нечага прычапіцца: тут нешта не так, а вось тут мне не спадабалася, і пра гэта я абавязкова раскажу. А вось у вашым горадзе не было такога. Да мяне часта прыязджаюць замежныя турысты, і я буду і ім, і сваім блізкім казаць: прыязджайце ў Ваўкавыск, не пашкадуеце!

— Раскажыце пра вашу праграму, як нарадзілася яе ідэя?

— Я люблю падарожнічаць, у мяне ёсць такі дэвіз: “Падарожнічаць лягчэй з парадамі ад Каці Малей”. Раней я вяла толькі маленькую рубрычку, на тры хвіліны, “Вандроўныя лайфхакі”, дзе расказвала, як падарожнічаць па свеце танна, максімальна бюджэтна. А потым вырашыла рабіць вялікую праграму пра тое, як можна падарожнічаць па нашай краіне, адкрываць для сябе нешта новае. І я вам скажу, што за гэты год я адкрыла для сябе проста неверагодную Беларусь, з неверагоднымі людзьмі, стравамі, каларытную Беларусь. Я з вялікім задавальненнем падарожнічала з замежнікамі, са сваімі сябрамі, у адзіноце, па каўчсёрфінгу, у гатэлях. Гэта былі такія прыгоды! Я зразумела, што не абавязкова стаяць у доўгіх чэргах па візы, можна проста падарожнічаць па Беларусі. І гэта атрымліваецца танна і вельмі так па-роднаму.

— Мерапрыемствы Года малой радзімы, які ў нас расцягнуўся ўжо на тры гады, спрыяюць вось такім вандроўкам, як вы мяркуеце?

— Канешне, таму што ў кожным горадзе распрацоўваюцца цікавыя праграмы, у музеях ёсць не проста экскурсіі, а экскурсіі тэатралізаваныя, Ноч музеяў. Кожны музей хоча нечым прывабіць, кожны палац хоча нечым зацікавіць, і гэта спрыяе таму, што да іх хочацца вяртацца, і пра гэта хочацца расказваць. Безумоўна, турызм папулярызуецца.

— Ці вярнуліся б вы яшчэ ў Ваўкавыск, прынамсі… піцы пакаштаваць? :)

— І не толькі піцы, таму што ў нас ужо столькі запрашэнняў — і на мядок вярнуцца, і на смачную пушчанку — не ведаю, ці пойдзе гэта ў друк, але гэта вельмі каларытна і цудоўна. На вашы абрыкосы, якімі нас пачаставалі. Проста хочацца вярнуцца ў гэту атмасферу, бо ад гарадской мітусні мы сапраўды тут адпачылі, шчыра кажучы.

І галоўнае: калі і дзе мы зможам пачуць вашы ўражанні ад нашых мясцін?

— Запамінайце і занатоўвайце: 7 жніўня ў 11.30 у эфіры радыёстанцыі “Сталіца”, праграма называецца “Пракацімся без візы”. Паўгадзіны мы будзем размаўляць пра Ваўкавыск, наваколле і вашых жыхароў.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 2798 раз Печать