Знакавая падзея ў жыцці беларускай дзяржавы адзначана святочным мерапрыемствам у гарадскім Доме культуры, дзе прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, ветэраны вайны і працы, ганаровыя грамадзяне раёна, моладзь.
Урачыстую частку адкрыў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Юшын:
— Для нас гэтая падзея мае лёсавызначальнае значэнне. Яна змяніла ход нацыянальнай гісторыі, паклала пачатак слаўнаму летапісу ўласнай беларускай дзяржаўнасці і важнаму этапу яе станаўлення, дала магчымасць нацыі развіваць сваю самабытную культуру. У нас проста няма з чым параўнаць гісторыю БССР, паколькі менавіта ў рамках гэтай арганізацыі паўсталі і развіліся тыя прыкметы нацыянальнай дзяржаўнасці, якія з’яўляюцца актуальнымі і сёння. Скажам, нацыянальныя межы, нацыянальныя грошы, свая эліта, свая акадэмія навук, прафесура і ўніверсітэты, свая iнжынерная, тэхнічная інтэлігенцыя, культура ў цэлым.
Стагоддзе беларускай дзяржаўнасці — выдатная нагода не памнажаць інтэрпрэтацыі мінулага, а дамагчыся руху наперад на гістарычным шляху. І ў школах, і ва ўніверсітэтах важна казаць аб базавых, прымальных для большасці грамадства рэчах, а не памнажаць альтэрнатывы. Казаць пра тое, што стагоддзе БССР — найважнейшая дата айчыннай гісторыі, якая не мае аналагаў. Улічваць сувязь нацыянальнай ментальнасці з формамі і сутнасцю пануючага дзяржаўнага ладу. Гэта важна перш за ўсё для тых, хто жыве зараз і хто прыйдзе пасля нас.
Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў з рук яго стыршынi Віталя Навіцкага былі ўручаны людзям, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё Ваўкавышчыны. Пасля чаго адбыўся святочны канцэрт, у якім удзельнічала як таленавітая моладзь, так і дасведчаныя ваўкавыскія артысты.
Урачыстае мерапрыемства дазволіла за гадзіну пражыць і адчуць векавую гісторыю БССР і яшчэ раз нагадала: калі лёс чалавека залежыць ад яго самога, то лёс краіны залежыць ад кожнага з яе жыхароў. Разам мы можам зрабіць Беларусь яшчэ мацней і прыгажэйшай.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.