Шчасце нашай сям’і - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Пятница, 20 Февраля 2026 09:40

Шчасце нашай сям’і

18 лютага для нашай сям’і стаў па-сапраўднаму асаблівым днём. Мы атрымалі ўнікальную магчымасць прадставіць Гродзенскую вобласць на рэспубліканскім мерапрыемстве, прысвечаным Дню родной мовы.

Вечар, арганізаваны Беларускім саюзам жанчын, адбыўся ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ў Мінску. Імпрэза прайшла пад назвай “Ода беларускай жанчыне”.

У зале панавала ўрачыстая, душэўная і вельмі цёплая атмасфера. Са сцэны гучалі вершы класікаў і сучасных аўтараў, якія славілі каханую жанчыну, жанчыну-маці, жанчыну-працаўніцу. На сцэне мужчыны розных прафесій стваралі сапраўдную оду беларускай жанчыне на мілагучнай беларускай мове. Было вельмі прыемна ўсведамляць, што ў гэтым годзе гонар Гродзеншчыны ў прыгожай імпрэзе абараняла менавіта наша сям’я.

Самым хвалюючым момантам для нас стаў выхад на сцэну. Я напісаў верш “Шчасце”, які складаецца з трох частак. Першая прысвечана маёй жонцы, яна пра гісторыю кахання, а яшчэ выражэнне маёй павагі і ўдзячнасці за кожны пражыты разам дзень. Другую частку, пра шчасце быць маці, чытала сама Наталля. А трэцяя частка майго верша — пра любоў нашай сям’і да Радзімы.

Верш напісаны на беларускай мове, яна нам вельмі блізкая. Мы з жонкай Наталляй выраслі ў вёсцы, бацькі вучылі нас размаўляць на роднай мове.

изображение_viber_2026-02-20_09-38-15-380

Чытаць уласны верш са сцэны і адчуваць падтрымку ў зале — бясцэнна. У гэты момант мы адчулі, што сапраўднае шчасце — гэта родны дом, родная сям’я побач і родная мова, на якой ты можаш гаварыць аб гэтым.

Пасля выступлення нам уручылі Падзяку ад Беларускага саюза жанчын.

Паездка ў Мінск пакінула мноства ўраджанняў. Мы ўдзячны арганізатарам за магчымасць акунуцца ў свет беларускай паэзіі і культуры. Мы ганарымся тым, што змаглі дастойна прадставіць нашу Гродзенскую вобласць, даказаўшы, што тут жывуць таленавітыя і шчаслівыя сем'і.

Віктар Сямак

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 659 раз Печать