Электронная подписка на газету Наш час

Суббота, 07 Ноября 2026 11:35

Верагоднае для неверагодных”

Автор
Прочитано 44 раз

Паважаныя землякі, а вы таксама так актыўна, як у англамоўнай прасторы апошні час, абмяркоўваеце адкрытае пісьмо былых беларускіх “палітвязняў” да лідараў еўрапейскіх краін? Вядома! У беларусаў жа няма большых клопатаў і іншай работы ўвосень, праўда?

І ўсё ж нагадаю, група былых беларускіх “палітвязняў” звярнулася з адкрытым пісьмом да лідараў краін Еўропы, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і Нарвегіі. Ну што тут скажаш… Вельмі своечасова звярнуліся. Еўрапейскім “дэмакратам” якраз да беларускай “дыктатуры”. У іхнім “эдэме” сёння так дыміць, палае, тлее, што сам чорт ногу зломіць аб свабоды, правы і магчымасці. А тут яшчэ ўсялякія залётныя ў Беларусі і пералётныя ў еўропы клювы параскрывалі ды крыламі залопалі (я не пра буслікаў, як што).

Чаго хочуць неверагодныя былыя землякі? Ой, усё як заўсёды, нічога новага! Збеглая басота чарговы раз заклікала еўраразвязную грамадскасць актыўней дабівацца вызвалення “палітвязняў” і спынення “рэпрэсій” у Беларусі. Глядзі ты, якія ўсё ж эмпатычныя і чулыя некаторыя залётна-пералётныя “свядомыя”. Відаць, не страцілі яшчэ ўсёй беларускай талерантнасці, памяркоўнасці і цярплівасці. Вядома, без гэтых нацыянальных якасцей ды беларускіх пашпартоў па еўропах сёння можна толькі галопам.

І што характэрна, падпісота з ліку збеглых былых беларусаў сёння ўжо не дзярэ глотку да дзіраў зацертымі наратывамі пра ізаляцыю Беларусі, байкот Прэзідэнту і санкцыі для беларусаў. Відаць, патуляліся па свеце, паабіліся аб дэмакратыю, панаеліся свабоды, таму здалёк заходзяць і далікатна прапануюць выкарыстоўваць ва ўзаемадзеянні з Беларуссю, увага, усе магчымыя дыпламатычныя каналы, перамоўныя фарматы, адкрытую і закрытую работу і нават стымулы. Во як! Ну і напрыканцы, нібыта між іншым і ў якасці апошняга метаду ўздзеяння, прапануюць, вядома, ціск. Куды ж без яго, родненькага?

Аўтары пісьма “з-пад еўропы” нават палічылі колькасць “палітвязняў” у беларускіх турмах і таму “зуб даюць”, што наша краіна застаецца адным з лідараў свету па колькасці такіх зняволеных, некаторыя з якіх ужо правялі за кратамі пяць-шэсць гадоў. Праўда, чамусьці ў сваім звароце да міфічных праваабаронцаў нічога не пішуць аб тым, што “бочка з 900 арыштантамі”, якіх яны ўзвялі ў званне “палітычных”, насамрэч — звычайныя крымінальныя элементы з ліку “неверагодных”, якія прыселі ў Беларусі пасля падзей 2020 года па абсалютна верагодных крымінальных справах.

Тых самых, па якіх апошнім часам затрымліваюць, арыштоўваюць і судзяць “мірных” пратэстантаў у еўропах. Але ж гэта “другое”, праўда? Калі французскіх, нямецкіх, іспанскіх, італьянскіх рэвалюцыянераў пашынкуюць на “брусельскую капусту” — гэта будзе законна, дэмакратычна і правамерна, бо то ў Францыі, Германіі, Іспаніі, Італіі.

А ў Беларусі вобыскі — гэта ператрусы, затрыманні — гвалт, арышты — рэпрэсіі. Пры гэтым, як сцвярджаюць “свядомыя” еўрагаладранцы, у нашай краіне яны не спыняюцца ўжо шосты год. Штодня забугорным змагарам становіцца вядома пра нейкія “новыя палітычна матываваныя затрыманні і прысуды”. Цікава, з якіх такіх крыніц ім там становіцца вядома пра нас тут? Хіба праз дзірачку ў паспаліта-прыбалтыйскай агароджы.

Ну што ж, няхай сабе падглядваюць. Патрэбна толькі ўдакладніць, што затрыманні і прысуды, якімі змагар’ё трызніць да гэтае пары, не палітычна матываваныя, а крымінальна даказаныя. Наскакаўся, нашатаўся, налайкаўся — адказвай, адпаведны кодэкс у дапамогу. Або Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Праўда, у яе артыкулы былыя землякі заглядваюць толькі тады, калі на гарызонце маячыць чарговая пагроза страты імі не толькі айчыннай маёмасці, але і беларускага грамадзянства.

Не магу зразумець, бадай, яшчэ аднаго. Чаму былыя “палітычныя” вязні просяць прыкласці намаганні па вызваленні сваіх сукамернікаў у Беларусі менавіта лідараў еўрапейскіх краін, а не сваіх правадыроў — каліфарнійскага хлопца Сярожу і Свету — грамадзянку Старога Свету? Відаць, за гэтыя гады супляменнікамі па неверагоднасці страчаны апошнія надзеі на лідараў “беларускіх дэмакратычных сіл” у выгнанні.

Немагчыма дабівацца “паслядоўнасці і скаардынаванасці” ад тых, у каго пастаянным пунктам у праграме папрашальніцтва і пабірацельства пазначаны выключна асабістыя інтарэсы і нажыва. У такіх прайдзіСвет, як былая кандыдатка ў прэзідэнткі, ніякіх кантактаў з Мінскам і зносін з Беларуссю ў будучым быць ужо не можа. Як, уласна кажучы, і з усімі былымі паплечнікамі-рэвалюцыянерамі, якія да гэтага часу або робяць выгляд, або сапраўды так нічога і не зразумелі ні пра сваіх, ні пра еўрапейскіх лідараў.

Што ж, асабліва адораным змагарам, чый псіхічны стан беззваротна зрушаны вірусам неверагоднасці, ледзь не на пальцах тлумычым яшчэ раз. Ні светы, ні сярожы, ні вячоркі-падвячоркі не зацікаўлены ў вызваленні так называемых “палітвязняў” у Беларусі. Пакуль ёсць “ахвяры рэжыму” — данаты і гранты будуць капаць на “барацьбу з дыктатурай”. А па кроплі са свету — на кватэру для Светы. Або на брэндавыя шмоткі, люксавыя аўто і лакшэры-адпачынкі для яе сябрукоў і сябровак. Няўдалы, дзякаваць Богу, беларускі майдан стаяў выключна за тое, каб жылі-не журыліся выключна асобныя еўрапаразіты. А звычайны змагарок закрыць павінен свой раток. Чхаць хацелі на ўсе яго хацелкі тыя, хто яшчэ некалькі гадоў таму гарантаваў дапамогу, падтрымку і бяспеку, а сёння можа прапанаваць толькі сувенір на доўгую памяць — “пашпарт новай Беларусі”.

Ды і еўрапейскіх “дэмакратаў” не варта было б турбаваць сваімі прашэннямі-галашэннямі. Не да таго ім, гаротным. Паспачуваць трэба макронам, мерцам і мелоні (глядзі ты, ледзь ні МММ). Ім бы са сваім змагар’ём разабрацца, а паналезлае з суседніх агародаў даўно ўпоперак горла стала.

Дарэчы, змагарскі зварот застаецца адкрытым, да яго могуць далучыцца ўсе жадаючыя з ліку былых “палітычных” зняволеных. Ну і, вядома, згодна даўно складзенай, добрай, неверагоднай традыцыі, асабістая бяспека і персанальная канфедэнцыяльнасць гарантаваны (“подпіс і штэмпсель папандупалы з еўразвязу”).

Віктар ВОЎК.