Але сярод усіх пор года, бадай, толькі лета — тое маленькае жыццё, якое да таго ж і самае кароткае. Пралятае імгненна. Чаму — не ведаю. Можа, таму што тры летніх месяцы самыя насычаныя на падзеі і за гэты час хочацца паспець зрабіць як мага больш? Часам намнога больш, чым на пряцягу цэлага года…
Нават у дзяцінстве тры месяцы лета прабягалі, літаральна, як тры дні. Чакаеш-выглядваеш тых самых, жаданых, вялікіх канікулаў цэлы год, ледзьве трываеш, з апошніх намаганняў высільваешся. І вось, нарэшце, 1 чэрвеня. Ура! Наперадзе ўсё лета. Але, здаецца, толькі ўдыхнуў яго на поўныя грудзі… як на гарызонце ўжо 1 верасня. За гэты “летні ўдых”, вядома, шмат чаго зрабіць паспеў. Але лягчэй ад гэтых аптымістычных думак на лінейцы першага верасня чамусьці не станавілася. Захутка за плячыма застаюцца доўгія сонечныя дні і кароткія цёплыя ночы. І заўважце, чым старэйшы становішся, тым хутчэй пралятае не толькі лета. Дзень, тыдзень, месяц, год… Жыццё.
Хутка пралятае час школьных канікулаў, а з ім і дзяцінства. Імгненна праносяцца ўніверсітэцкія сесіі, а з імі і юнацтва. Імчаць і не азіраюцца гады “дыкрэтнага” водпуску, а з імі і маладосць. Ад аднаго чарговага водпуску да другога не толькі прыбывае працоўны стаж, але ўбывае жыццё. Скажаце, песімістычна разважаю? Магчыма. Не ўсім жа быць аптымістамі, якія вераць у пачатак жыцця ў 40 гадоў. Яно, напэўна, і сапраўды пачынаецца, калі дзеці выгадаваны. А вось пакуль яны яшчэ вучацца ў школе, вам проста няма калі і як старэць. Некалі адна мая знаёмая сказала: “Калі твае дзеці скончылі школу — усё, лічы, ты ўжо стары”. Задумалася: ці не гэтая думка, што адклалася ў падсвядомасці, падштурхнула мяне нарадзіць дзяцей з немалым прамежкам часу?..
З гадамі перастаеш залежаць ад школьных канікулаў, універсітэцкіх сесій, затое на ўсё делейшае жыццё трапляеш пад уплыў працоўнага водпуску. А ён, хачу я вам сказаць, — таксама яшчэ адно маленькае жыццё. Зусім кароценькае. Асабліва, калі выпадае на чэрвень, ліпень або жнівень. Ну як, скажыце, пасля гэтага любіць лета і захапляцца ім, калі ў любым узросце час у гэтую пару ляціць, імчыць, нясецца?
І ўсё ж такі мне пашчасціла ў жыцці. Я прадаўжаю залежаць не толькі ад сваіх працоўных водпускаў, але і ад універсітэцкіх сесій — сына, і ад школьных канікулаў — дачкі. І хто калі сказаў, што хутка растуць толькі чужыя дзеці? Я, напрыклад, аглянуцца не паспела, як старэйшы сын, які, здавалася, зусім нядаўна скончыў школу, аказаўся на апошнім курсе ўніверсітэта. А малодшая дачка, што зусім нядаўна, як мне здавалася, горка плачучы першыя дні, толькі-толькі пайшла ў дзіцячы садок, ужо першакласніца (ат, апусцім-такі спрэчнае пытанне аб своечасовым нараджэнні дзяцей)… І вось задумалася зноў жа: а ці быў ён у маім жыцці, той самы, сапраўдны, водпуск, падчас якога, як у жарце, “адпускае”?
Школьныя канікулы ў дзяцінстве? Ну, як вам сказаць? Калі лічыць адпачынкам змену вучэбнай дзейнасці на сельскагаспадарчую працу ў летняй вёсцы, то… Не-не, такі сабе гэта быў адпачынак. Чарговы водпуск для здачы ўніверсітэцкіх сесій таксама не лічыцца. Які ж гэта водпуск, калі трэба “зубрыць” і калаціцца перад кожным экзаменам і залікам? Водпуск па догляду дзіцяці да трох гадоў? Не смяшыце мяне! Цяжэйшае няма работы, як гадаваць дзіця, асабліва першыя тры гады. Штогадовыя працоўныя водпускі? Магчыма, маглі б прэтэндаваць на званне “часу, калі адпускае”, калі б не… А цяпер задумайцеся, колькі такіх “калі б не…” і вам не даюць па-сапраўднаму адпачыць і думкамі, і душой, і целам. У чарговы працоўны водпуск мы часцей за ўсё ідзём, як на выхадныя дні: каб яшчэ больш стаміцца, вырашаючы мноства асабістых праблем, якія, на жаль, не маюць уласцівасці заканчвацца.
А можа, так насамрэч і павінна быць? Праблемы, клопаты, турботы — гэта і ёсць сапраўдны рухавік жыцця, і пакуль мы іх вырашаем — мы жывём. Нездарма ж кажуць: калі ў вас няма праблем, праверце, ці ёсць у вас пульс. Можа, усё наша вялікае жыццё і складаецца з такіх вось кароткіх прамежкаў — асобных маленькіх жыццяў? Можа, сапраўднае шчасце насамрэч не ў адсутнасці праблем, а ў іх наяўнасці? І толькі вырашаючы іх, мы адчуваем сапраўдны смак рэальнага жыцця…
Нікому ніколі не ўдавалася вырашыць адзіную і самую вялікую праблему жыцця —хуткаплыннасць часу. Яго нельга спыніць. Але можна замарудзіць. Як? Звычайна. Старацца смакаваць кожную мінуту, гадзіну, дзень. Рабіць усё магчымае, каб яны запомніліся. І, вядома, імкнуцца запомніць. Нездарма ж гавораць: жыццё — гэта не тыя гады, што прайшлі, а тыя, што запомніліся.
Можна колькі заўгодна разважаць аб тым, як хутка праносіцца час, як непрыкметна выраслі дзеці, як раптам састарыліся бацькі, як усё змянілася навокал… Тым самым скардзіцца на жыццё, сетаваць на лёс. А можна імкнуцца быць побач з роднымі і блізкімі, з удзячнасцю ўспрымаць перамены, не здраджваючы сабе. Тым самым любіць жыццё і быць удзячным лёсу. Глядзіш, любоў і ўдзячнасць гэтыя стануць узаемнымі.
Ці не на тое нам даецца кожнае, такое вось маленькае жыццё?..
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.