Незабыўны мёд дзяцінства - Новости Волковыска, районная газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 16 Августа 2026 10:29

Незабыўны мёд дзяцінства

Не лічу сябе героем,

Хоць жыву з пчаліным роем.

Пчолкі спеў, чароўнасць звону

Пранясу ў душы да скону…

М. Іваноўскі.

На напісанне гэтага шчырага асабістага мяне падштурхнуў зборнік Мікалая Іваноўскага “Жужні, пчолачка, жужні!”, які ў рэдакцыю прынёс знаёмы аўтара. Я зацікавілася яркай вокладкай з арнаментам і пчолкай на жоўтым дзьмухаўцы. Спачатку стала цікава, за што можна ўхваляць жывую істоту, якая асабіста мне ў дзяцінстве дастаўляла мноства праблем, непрыемнага клопату і даволі часта… фізічны боль. А пасля не заўважыла, як прачытала ўсю кнігу.

Дарагі Мікалай Пятровіч, вы нават уявіць сабе не можаце, колькі ўспамінаў ускалыхнулі ўва мне вашы вершы з гэтага зборніка! На хвіліну нават падалося, што я не толькі чую, як гудзяць пчолы, але і адчуваю летні водар вёскі майго дзяцінства. Праўда, не толькі беларускай…

Я з інтэрнацыянальнай сям’і. Маці мая беларуска, а бацька з Украіны. Больш за сорак пяць гадоў таму прыехаў служыць у Беларусь, ажаніўся з мамай і застаўся тут жыць з сям’ёй. Маці з бацькам усё жыццё працавалі настаўнікамі ў школе. Водпуск, як вядома, у педагогаў заўсёды быў вялікі. Таму штогод большую частку адпачынку мая сям’я праводзіла на бацькавай малой радзіме. І на той час, на малы мой розум, Украіна, дзе жылі бабуля з дзедам — татавы баць­кі, мне падавалася ледзь не іншым светам. І нічога дзіўнага, хачу я вам сказаць.

Кветнік, у якім бабуля даглядала, здавалася, усіх колераў ружы, для мяне быў казачным месцам. Агарод, у якім апрача звыклых для беларусаў бульбы, цыбулі, морквы і капусты, раслі баклажаны, перчык, кавунцы і дыні, мог уразіць не толькі дзіця. За агародам расцілаўся немалы вінаграднік, у якім спелі гронкі на любы густ. Паверце, вінаграду, саладзейшага ад таго кішмішу без костачкі і сакавіцейшага за тыя “дамскія пальчыкі”, для мяне не было і ніколі больш не будзе. А ў садзе каля хаты, акрамя прывычных для беларусаў грушаў, сліваў і яблыкаў, ад цяжару ўраджаю “пакутавалі” неверагодна духмяныя аксаміцістыя абрыкосы і персікі, млелі пад пякучым сонцам чырвоныя і жоўтыя крамяныя чарэшні. Еш-наядайся ад пуза! І здавалася, бацькоўскага водпуску не хопіць, каб толькі па разу пакаштаваць усё гэтае агародна-садовае багацце.

І ўсё было добра ў гэтым сапраўдным, паўднёвым вітамінным раі для дзіцяці, калі б не адно, малое “не”, якое, здавалася, звінела на кожным ружовым бутоне, на кожнай вінаграднай лазе, на кожнай абрыкосіне, быццам, яны ўжо былі намазаныя мёдам. Прабачце, Мікалай Пятровіч, але я ўсё ж буду лічыць сябе героем, бо шмат часу свае дзіцячае летняе пары жыла побач з пчаліным роем. І не адным!..

У дадатак да ўсёй паўднёвай смакаты бабуля з дзядулем мелі і свой мёд, трымаючы, вядома, пчолак. Некалькі вулляў сціпла туліліся ў кветніку, што суседнічаў з чарэшневым садам. Але жыхары гэтых пчаліных домікаў паводзілі сябе зусім не сціпла, а як ледзь не паўнапраўныя гаспадары ўсіх прысадаў вакол хаты. Сёння я ўспамінаю гэтае, здавалася, самае “небяспечнае для жыцця”, суседства з усмешкай. А тады вуллі для мяне былі крыніцай сапраўднага дзіцячага няшчасця, знаходзіцца побач з імі — неймавернымі іспытамі, а пчолы былі самымі страшэннымі ворагамі, праз якіх нават самы салодкі мёд у дзяцінстве здаваўся горкім.

Нічога смешнага! Толькі ўявіце сабе на хвілінку… Вый­дзеш раніцаю твар памыць — ля рукамыйніка пчала звініць. Сядзеш снедаць — яна тут як тут, падбіраецца да толькі знятай з патэльні, яшчэ гарачай яешні. Прысядзеш на слончыку ў цянёчку пад чарэшняй — побач прывітанне з вулляў. Возьмешся за абрыкосіну — а яе ўжо спраўна пад’ядае воска. Да стала нічога не падаць і самаму не сесці, бо і абед, і вячэру з табой гатовы раздзяліць звонкія суседкі-працаўніцы. А што рабілася на падворку, калі бабуля з дзедам мёд качалі, вам не перадаць!

У гэты дзень я, вядома, лішні раз з хаты нос баялася высунуць. Але дзіцячая цікаўнасць часцей за ўсё брала верх. Пераадолеўшы страх, я любіла назіраць за тым, як бабуля бясстрашна даставала з вулікаў рамкі з сотамі, пасля спецыяльнай “зубастай” прыладай асцярожна здымала забрус — воск, якім пчолы запячатваюць соты, напоўненыя мёдам, і ўстаўляла рамкі ў медагонку, круціць якую дазвалялася ўжо мне. Медагонка круцілася, выганяючы з сотаў мёд, які спачатку асядаў на яе сценках, а пасля сцякаў тоненькай залатой струйкай у падстаўленую пасудзіну. Пах у летняй кухні ў гэты час стаяў проста неверагодны! І бясконца таўкліся пчолы, быццам хацелі асабіста пракантраліраваць, ці правільна гаспадары абыхо­дзяцца з іх здабыткам. Я ж, качаючы мёд, не забывала класці ў рот кавалачкі забрусу і напружана аглядвацца вакол. “Ты толькі не адмахвайся, пчала не кране, пакуль не адчуе небяспеку,” — штораз паўтарала бабуля. Я, вядома, ніколі не прыслухоўвалася да яе парадаў. Не дапамаглі яны мне і ў той раз…

Пчала ўпякла мяне ў далонь, якраз паміж сярэднім і безыменным пальцамі. Балюча, прыкра, крыўдна. Джала бацькі адразу дасталі, пячы праз некаторы час перастала. А назаўтра мы сабраліся на мора. Паўднёвае сонца, салёная вада, гарачы пясок... Але на гэты раз нешта пайшло не так. Праз некаторы час на пляжы далонь мая спачатку пачала моцна часацца, а пасля літаральна на вачах пухнуць. Ці даводзілася вам калі бачыць раздутую гумавую пальчатку на бутлі з вінаградным віном? Вось менавіта так выглядала мая таўшчэнная далонь з растапыранымі пальцамі, якія немагчыма было прыціснуць адзін да аднаго. Па дарозе дадому людзі ў электрычцы зацікаўлена звярталі на мяне ўвагу. А мне ў гэты момант было так няёмка, што ні грама не шкада тае пчалы, што ўпякла мяне і, страціўшы джала, загінула. Пухліна з рукі сыходзіла пасля яшчэ некалькі дзён.

Нават стаўшы дарослай, з пчоламі я так і не пасябравала. Ды і мёд люблю, бадай, толькі ў мядовым торце. Карысць пчолаў, мёду і іншых прадуктаў пчалярства аспрэчваць не бяруся. Яна, вядома, ёсць. Вазьміце хаця б першы сродак на ўсе часы — цёплае малако з мёдам. Калі я і не лячу ім сёння прастуду, то супакоіцца і добра заснуць пасля працоўнага дня гэты “кактэйль” точна дапамагае (праверана на сабе).

А зборнік ваш, Мікалай Пятровіч, — сапраўды жывы. Ён гудзе пчолкамі ў садзе, клякоча буслікам на дрэве, стракоча конікам на лузе, шапаціць валошкамі і рамонкамі пры дарозе, а яшчэ непаўторна пахне разнатраўем. Пахне роднай вёскай і бацькоўскай хатай. Дзякую вам за магчымасць вярнуцца ў дзяцінства з вашымі вершамі. Шкада толькі, што гэтыя родныя гукі і пахі настолькі непаўторныя, наколькі незваротны час…

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 605 раз Печать
Другие материалы в этой категории: Как Прикажете Понимать?