Праект "Памяццю захаваныя". Успамінаем ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Пятровіча Голдзіна - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Четверг, 10 Февраля 2022 17:16

Праект "Памяццю захаваныя". Успамінаем ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Пятровіча Голдзіна

Автор

Партызан, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Пятровіч Голдзін пакінуў свае ўспаміны ў музеі баявой і працоўнай славы Канюхоўскай базавай школы.

Усё далей і далей адыходзяць ад нас гады Вялікай Айчыннай вайны.

Усё менш і менш застаецца сярод нас ветэранаў, удзельнікаў гэтай крывавай падзеі. Пра тых, хто загінуў, сышоў на вечны спачын, мы можам даведацца з аповедаў родных, з архіўных дакументаў, матэрыялаў, якія знаходзяцца ў музеях.

Пра настаўніка-партызана, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Аляксандра Пятровіча Голдзіна члены школьнага пошукавага атрада даведаліся спачатку з матэрыялаў, якія захоўваюцца ў музеі школы, а затым — у час гутаркі з яго жонкай Феадосіяй Уладзіміраўнай Голдзінай.

Аляксандр Пятровіч нарадзіўся 7 красавіка 1919 года ў Арлоўскай вобласці. Да вайны скончыў педагагічнае вучылішча і працаваў настаўнікам пачатковых класаў у Наваельску. У 1939 годзе А. П. Голдзіна прызвалі ў рады Чырвонай арміі. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Аляксандра Пятровіча накіравалі на курсы падрыўнікоў у Маскву. Пасля курсаў з Масквы яго перапраўля­юць у тыл, у партызанскі атрад імя
П. К. Панамарэнкі брыгады Будзёнага. З 1942 па 1944 год Голдзін ваяваў у гэтым атрадзе. Удзельнічаў у шматлікіх баявых аперацыях на ­Брэстчыне. Прыходзілася часта працаваць ноччу, у асноўным мініравалі рэйкі, каб вораг не мог правезці зброю. Было страшна. Але партызаны не думалі пра гэта: трэба было абараняць сваю Радзіму, родную зямлю.

У лютым 1944 года Аляксандр Пятровіч быў ранены. Лячыўся ў Кіеўскім шпіталі, пасля чаго быў камісаваны. Ён застаўся інвалідам другой групы.

У пасляваенны час А. П. Голдзін працаваў настаўнікам. Быў дырэктарам Слабадской сямігадовай школы ў Смалявічскім раёне Мінскай вобласці.

Затым лёс закідае яго ў вёску Канюхі, дзе ён займае пасаду інструктара райкама партыі. Праз некаторы час Аляксандр Пятровіч становіцца дырэктарам Канюхоўскай сямігадовай школы. Пасля выхаду на пенсію доўгі час быў старшынёй савета ветэранаў.

За баявыя заслугі перад Радзімай узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За Перамогу над Германіяй 1941-1945 гады”, медалём імя Жукава, значком “Партызан Вялікай Айчыннай вайны”, шматлікімі юбілейнымі медалямі ў гонар Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

З усіх узнагарод ва ўрачыстых выпадках насіў толькі ордэн Айчыннай вайны, астатнія — у выглядзе  ордэнскіх стужак, ды і тыя не ўсе. Чаму? Жартаваў: “Насіць цяжка. Ды і яксьці нязручна...” У гэтым ён увесь.

Гатовы быў гадзінамі расказваць пра вайну, пра яе эпізоды, але толькі не пра сябе. Нават пра сваё раненне гаварыць не хацеў, лічыў яго “дробным непаразуменнем”. І ўвогуле нічога гераічнага ў сваіх дзеяннях на вайне не бачыў — ваяваў як усе...

Гэта быў вельмі сціплы, добразычлівы, гаваркі чалавек. У яго заўсёды знаходзілася добрае слова для вучня, калегі, аднавяскоўца.

Аляксандр Пятровіч Голдзін правёў шмат урокаў мужнасці для вучняў школы. І сёння памятаюць яго выступленні на ўрачыстых лінейках, на мітынгах, прысвечаных Дню Перамогі. Ён гаварыў аб тым, як мужна змагаліся партызаны. Народныя мсціўцы ўзарвалі шмат рэек, пусцілі пад адхон не адну тысячу эшалонаў, разбуралі чыгуначныя масты, прымалі ўдзел у шматлікіх баях з акупантамі, кажучы словамі песні — прыбліжалі Дзень Перамогі, як маглі.

Мінулае... Яно ніколі не прахо­дзіць бясследна. Асабліва, калі гэта вайна. Нават калі ты сам не перажыў яе, а ведаеш пра той мужны і суровы час толькі з кніжак, кінафільмаў, успамінаў ветэранаў.

Нельга забыць тыя дарогі, па якіх давялося прайсці ў час вайны савецкаму салдату, партызану, падпольшчыку, каб глыбей адчуць і шчасце заваяванага міру, і радасць Вялікай Перамогі. Хай жывуць у памяці нашчадкаў старонкі слаўнага мінулага.

Тамара ШЫБАЙЛА, настаўнік нямецкай мовы Падароскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа

Прочитано 913 раз Печать