Якія дэсерты былі папулярныя ў нашых продкаў - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Понедельник, 29 Ноября 2021 17:03

Якія дэсерты былі папулярныя ў нашых продкаў

Беларусы тыя яшчэ ласуны. Бадай, самая старажытная салодкая страва, якой частаваліся нашы продкі, гэта мёд. Яго ўжывалі як асобны дэсерт, ён быў асновай іншых салодкіх страў. Традыцыйнымі беларускімі дэсертамі лічацца таксама аўсяны кісель, пернікі, кулага, драчэна.

Згодна з кнігай «Смачна есці: энцыклапедыя беларускай кухні», драчэну гатавалі з пшанічнай мукі, вяршкоў, яек, цукру і солі. Жаўткі расціралі з цукрам, акуратна дадавалі муку і вяршкі, уводзілі ўзбітыя бялкі, падсольвалі і ўсё добра перамешвалі. Цеста вылівалі на разагрэтую па­тэль­ню і ставілі ў печ ці духоўку.

Кулагу гатавалі з жытняй мукі, ягад і мёду. Ягады мылі і ставілі на агонь, паступова дадавалі некалькі лыжак жытняй мукі, разведзенай у невялікай колькасці вады, і мёд. Усё гэта варылі на слабым агні, пакуль кулага не набывала кансістэнцыю кісялю.



Акрамя такіх простых салодкіх страў, беларускім гаспадыням былі вядомы і складаныя дэсерты. Як піша гісторык кулінарыі Алена Мікульчык, папулярнымі былі бабкі — вырабы з пшанічнай мукі з рознымі дабаўкамі. Да сёння захаваліся рэцэпты старажытных жаўтковых, заварных, міндальных, лімонных, пярцовых, макавых бабак. У процівагу бабкам на жаўтках часта выраблялі мазуркі на бялках.



У багатых дамах гатавалі мельшпейсы — нешта падобнае да бісквіту або суфле на вялікай колькасці яек. Былі ў меню заможных сем’яў таксама пудынгі, разнастайныя торты, архас. Апошні дэсерт вядомы з XVIII стагоддзя і нагадвае нешта накшталт далікатнага тварагу, які падаваўся з узбітымі вяршкамі, карыцай або разынкамі.
 

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 
sb.by

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 799 раз Печать