Праект "Смачна, нацыянальна": “Бабка па-панску” ад Марыі Бачынскай - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 04 Июля 2021 17:22

Праект "Смачна, нацыянальна": “Бабка па-панску” ад Марыі Бачынскай

Ці ведаеце вы, што такое верашчака і жур? Ці спрабавалі хоць раз сапраўдную салянку або мачанку? Ці гатавалі хоць раз бабку па-панску або банды на дубовым лісці? На жаль, большасць сучасных беларусаў часцей ужываюць ролы і піцу, чым дранікі і клёцкі. Ведаюць, чым адрозніваюцца мафіны ад капкейкаў, але не каштавалі “пышак” і “завіванцаў”.

Мне пашчасціла. Мае бацькі родам з вёскі. У вёсцы ўсё жыццё жылі мае бабулі з дзядулямі. Нас, шматлікіх унукаў, часта “падкідвалі” да іх на выхадныя і канікулы. Калі я ўспамінаю гэтае сваё вясковае дзяцінства, не магу не згадаць дзве самыя смачныя стравы, якія мне давялося каштаваць у жыцці.

Адна мая бабуля, Браніслава Юр’еўна, якая жыла ў невялікай вёсачцы, куды доўгі час не даходзіў газаправод, а блакітнае паліва прывозілі ў балонах, часта гатавала ежу ў печы. О, гэта царыца-печ! Самае маё любімае месца ў хаце! Яна мае права стаць гераіняй асобнага артыкула. Вялікая, амаль на паўхаты, кожным сваім бокам яна ацяпляла іншы пакой, а большую частку спальні займала ляжанка. Спаць на печы было асаблівай прыемнасцю для нас, унукаў. Тут заўсёды можна было знайсці торбачкі з сушанымі яблыкамі, грушамі і арэхамі і ўволю паласавацца. Раніцай праз маленькае акенца, якое выходзіла на кухню, даносіўся цудоўны водар бліноў, якія бабуля пякла на сняданне. І мы, адсунуўшы фіранку, з цікавасцю глядзелі, як яна завіхаецца на кухні. Памятаеце, як у “Новай зямлі” Якуба Коласа?

Дзень быў святы. Яшчэ ад рання

Блінцы пякліся на сняданне,

І ўжо пры печы з чапялою

Стаяла маці... Пад рукою

Таўкліся дзеці, заміналі

Або смяяліся, спявалі.

Услон заняў сваё ўжо места,

На ім стаяла дзежка цеста,

І апалонік то і дзела

Па дзежцы боўтаў жвава, смела

І кідаў цеста ў скавародкі.

Давала піск яно кароткі,

Льючыся з шумам на патэльні,

І ў жар стаўлялася пякельны;

І там з яго ўжо ўвачавідкі

Пякліся гладзенькія пліткі

Блінцоў, спаднізу наздраватых,

Угору пышна, пухла ўзнятых,

І ўжо адтуль рукою маткі

На ўслон шпурляліся аладкі,

А дзеці іх даўно сачылі

І на ляту блінцы лавілі,

Заядла мазалі іх здорам….

Гэтыя радкі заўсёды нагадвалі мне раніцу ў бабулінай хаце і тыя самыя блінцы… Але самай смачнай стравай, якую яна гатавала, была для мяне “картафляная каша”, запечаная ў па­тэльні да румянай скарыначкі, палітая здорам з маленькімі скварачкамі і смажанай цыбуляй, пасыпаная духмяным кропам… Яе можна было рэ­заць кавалкамі, як пірог, і есці з капустаю ці баршчом. Я ж любіла проста з малаком.

Другая мая бабуля, Алімпіяда Паўлаўна, жыла ў сучаснай вёсцы, у кватэры з паравым ацяпленнем і ўсімі выгодамі. Печы не было, але яна і ў газавай пліце магла спячы цудоўныя пышкі з тварагом, макам, вішняй і яблыкам. І ніякія сённяшнія мафіны і капкейкі не паспрачаюццца з гэтымі простымі выпяканцамі на содзе. Духмяныя, абсыпаныя мукой румяныя булачкі знікалі раней, чым паспявалі астыць. На жаль, я не запомніла рэцэпт, а спытаць ужо няма ў каго…

Напэўна, у кожнай сям’і зной­дзецца свой сямейны рэцэпт любімай стравы. Сёння мы адкрываем новую рубрыку, у якой запрашаем падзяліцца з намі і нашымі чытачамі кулінарным багаццем традыцыйнай нацыянальнай кухні. Беларускай і не толькі. Я, напрыклад, даўно хачу навучыцца гатаваць сапраўдныя грузінскія “хачапуры”. А сёння сваім рэцэптам дзеліцца з намі жыхарка пасёлка Юбілейны, удзельніца знакамітага сямейнага ансамбля “Сваякі” Марыя Эдуардаўна Бачынская. Яна ведае нямала рэцэптаў традыцыйных беларускіх страў, якімі ўжо дзялілася з гледачамі тэлеперадачы “Беларуская кухня”. А сёння гаспадыня запрасіла нас на сняданне і спецыяльна для “Нашага часу” гатуе страву з інтрыгуючай назвай “Бабка па-панску”.

— Марыя Эдуардаўна, дык чаму “па-панску”? Мабыць, гэта нешта складанае, што толькі для паноў гатавалі?

— Наадварот, страва вельмі простая, паўсядзённая, гатуецца лёгка і хутка. А “па-панску” называецца таму, что надта любіў такую “бабку” пан Сакалоўскі, у якога мая прабабуля Марыя Іванаўна служыла ахмістрыняю. Бывала, яшчэ з вечара заказвае, каб на сняданак яму прыгатавалі. Пан быў вельмі добры чалавек, працавіты. Сам разам з работнікамі працаваў, жыў вельмі проста і стравы таксама любіў простыя. Мая прабабуля часта гатавала яму такую бабку, навучыла маю бабулю, а бабуля, Вера Лук’янаўна — мяне.

— Што нам спатрэбіцца?

— Нам спатрэбіцца бульба, цыбуля, а таксама падчаровачак (грудинка — ад рэд.), мяса з салкам. Гатуецца на пліце, на маленькім агеньчыку. 30 хвілін — і будзе гатова. Наліваем у чыгунок вады і ставім на агонь…

— Менавіта чыгунок? А калі ў каструлі — не атрымаецца?

— Атрымаецца, але да паліванай каструлі будзе прыставаць. Так што лепш тады ўзяць простую, з алюмінія, “беларускі цэптар”.

— А колькі чаго трэба ўзяць?

— Звычайна ўсё раблю “на вока”. Ну вось гэты чыгунок прыкладна два літры. Вады наліваем напалову. Цёртай бульбы павінна атрымацца прыкладна столькі ж. Пакуль вада грэецца, націраем бульбу як на звычайную бабку ці на дранікі. Бульбачку я бяру звычайна жоўценькую.

— Бульбачка свая у вас?

— Вядома, свая.

— А вось гэты падчаровачак?

— Падчаровачак не, кабанчыка не трымаем ужо. Няма часу. Курачак толькі трымаем.

— А ці часта вы гатуеце гэтую страву дома?

— Даволі часта гатуе, як захочацца, — далучаецца да размовы муж гаспадыні Іван Аляксандравіч. Пакуль мы гатуем, ён назірае за працэсам. — А самае маё любімае блюда — банды на дубовым лісці.

— Банды — гэта што?

— Таксама як бабка, только выкладваецца на дубовае лісце і пячэцца ў печы або духоўцы. Такі самы падчаровачак дабаўляецца. Ну, а самое галоўнае — дубовае лісце. Спецыяльна за ім ходзім у лес.

— Ці любіце вы сучасныя стравы? Сушы, піцу ці што іншае?

— Унучка наша любіць, а мы не надта, — адказвае за сябе і гаспадара Марыя Эдуардаўна. — Я лепш “шышкі” ці “хвораст” напяку. На Вялікдзень ці каляды булкі абавязкова пяку, кісялі вару. Я каталічка, муж — праваслаўны, так што мы ўсе святы адзначаем, разам. А па нацыянальнасці мы — беларусы. Раз на Беларусі нарадзіліся, выраслі — якая ж яшчэ можа быць нацыянальнасць? Так што і стравы ў нас беларускія.

Тым часам вада ў чыгунку закіпела.

— Ваду адразу пасолім. Соль прыбярэм, кажуць не трэба, каб на стале стаяла…

— А вы прытрымліваецеся народных прыкмет?

— Бывае, што прытрымліваюся. Як цеста якое раблю, заўсёды перажагнаю і папрашу, каб дапамагла мне цётка Іра, гэта родная цётка мая па бацьку. Ад яе я вельмі многа рэцэптаў пераняла. Банды на дубовым лісці — ад свякрухі Меланьі Іванаўны. А вось гэту страву, як казала, — ад бабулі.

— А вы каму-небудзь перадаеце гэтыя рэцэпты?

— Нявестка любіць мае рэцэпты перанімаць. Кажа: толькі вы мяне навучылі так смачна пячонку гатаваць. І ўнучка ўжо бярэцца, любіць маме дапамагаць.

Бульба нацертая, вада ў чыгунку кіпіць. Можна пераходзіць да самага адказнага моманту. Перамешваем нацертую бульбу і пакрысе апускаем у кіпяток.

— Трэба, каб вада добра кіпела. Закладваем бульбу патроху ў ваду, увесь час памешваем. Глядіце, што атрымліваецца: бульба заварваецца і становіцца густая, клейкая. Некалькі хвілін памешваем, пакуль добра заварыцца, а пасля робім маленькі агонь — і хай даходзіць.

Настала чарга падчаровачка.

— Падчаровачак — мяса з салкам — рэжам дробненькімі скварачкамі — і на патэльню. Рэжам і туды ж дабаўляем цыбульку…

— А што ў нас там у чыгунку робіцца?

Бульба ў чыгунку паднялася і зрабілася вельмі густая.

— Усё, гатова, —  пакаштаваўшы, зазначыла гаспадыня.

Прайшло роўна 30 хвілін, як і абяцала напачатку Марыя Эдуардаўна. “Бабка па-панску” гатова. Гаспадыня выключае агонь і дастае талеркі. Выкладвае з чыгунка бульбу, наверх — залацістыя скваркі з румянай цыбуляю.

— Можна яшчэ яйка засмажыць, — дадае гаспадыня, — але гэта ўжо хто як любіць.

Адмаўляемся ад яйка, бо пах такі, што немагчама чакаць ні хвіліны болей.

Сказаць, што гэта смачна — ­значыць не сказаць нічога. Сапраўды падобна да звычайнай бабкі, але усё ж не зусім. Сапраўды вельмі сытна, пасля такога сняданка можна працаваць да самага абеда. Хутка, смачна і проста. Абавязкова прыгатую дома. Думаю, что новая страва спадабаецца маёй сям’і і стане пастаяннай у нашым паўсядзённым меню. Ну, а апісваць смак — справа няўдзячная, лепш адзін раз пакаштаваць самому, чым дзесяць раз прачытаць. Рэцэпт вы ўжо ведаеце, так што жадаю поспеху і смачна есці! А нашай сённяшняй гаспадыні Марыі Эдуардаўне яшчэ раз вялікі дзякуй за рэцэпт і сняданак!

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 1306 раз Печать