13 мая на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нададзены элементу “Стравы з таркаванай бульбы (дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя) — традыцыі прыгатавання і ўжывання ў Гродзенскай вобласці”. Для дэгустацыі носьбітамі традыцыі былі прадастаўлены “дранікі” і “бульбяныя бліны” з Іўеўшчыны і Лідчыны, адэльская “бульбяная бабка” з аг. Адэльск Гродзенскага раёна, а таксама “банды на дубовых лісцях”.

Гэта незвычайная страва з’яўляецца адлюстраваннем яскравай і самабытнай беларускай кухні. Дзякуючы Марыі Эдуардаўне Бачынскай яна стала вядома не толькі жыхарам нашага раёна, але і іншым беларусам. Гаспадыня неаднойчы прадстаўляла яе на розных тэлевізійных праектах, культурных фестывалях і нават на старонках нашай газеты. А на нашым сайце вы можаце пазнаёміцца з рэцэптам і паспрабаваць прыгатаваць “банды” так, як гэта рабілі нашы бабулі.