Праект "Смачна, нацыянальна": Банды на дубовым лісці ад Марыi Бачынскай - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 14 Ноября 2021 14:16

Праект "Смачна, нацыянальна": Банды на дубовым лісці ад Марыi Бачынскай

У чарговы раз мы вітаем чытачоў нашай нацыянальна-кулінарнай рубрыкі. Сёння з добра знаёмай нам Марыяй Эдуардаўнай Бачынскай, якая ўжо падзялілася з намі рэцэптам незвычайнай “бабкі па-панску”, мы зноў будзем гатаваць нешта асаблівае — банды на дубовым лісці.

Банды, або бонды, — старажытная беларуская страва, падобная адначасова да бабкі і дранікаў. Але, у адрозненне ад іх, менш вядомая і распаўсюджаная. Яе назва пайшла ад назвы беларускага звычаю частаваць адзін аднаго свежанінай, а таксама агароднінай новага ўраджаю. Закалоўшы кабана або сабраўшы яблыкі, трэба было абавязкова падзяліцца з блізкімі і суседзямі. Пра “гасцінец” казалі “даць бонду”, і ў некаторых кутках Беларусі і звычай, і слова існуюць і зараз. Магчыма, страва гатавалася з гэтай самай свежаніны, адсюль і назва.

— Гэтую страву я пераняла ад сваёй свекрыві, Міланьі Іванаўны Бачынскай, — расказвае гаспадыня. — Першы раз я паспрабавала банды ў маіх свёкраў, як выйшла замуж. Мне быў вельмі цікавы спосаб прыгатавання — на лісці, без усялякага посуду. Можна, вядома, гатаваць і ў блясе. Але мая свякроў гатавала менавіта так.

Для стравы на стале ўжо падрыхтаваны бульба, кавалак мяса, цыбуля, соль, каляндра і перац. Ну, і дубовае лісце, вядома.

Спачатку бу-дзем прыпраўляць мяса, каб яно пастаяла, прысалілася. Гаспадыня рэжа яго дробнымі кубікамі сантыметр на сантыметр.

bandy (5)

— Найлепей узять падчаровачак, каб было не толькі мяса, але з салкам крыху. Рэжам, солім, пасыпаем перцам і каляндрачкай. Чуеце, які пах?

Пах сапраўды проста цудоўны. Так пахла на кухні маёй бабулі на Каляды, калі ля печы сушыліся дамашнія каўбасы і паляндвіца.

Пакідаем мяса насычацца спецыямі, пераходзім да бульбы. Націраем яе, як на дранікі, солім. Дробна рэжам або націраем на тарцы цыбулю, дадаём да бульбы, перамешваем. Пасля ў бульбу дабаўляем ужо прамарынаванае ў спецыях мяса, зноў добра перамешваем.

bandy (4)

Цяпер самае цікавае. Рыхтуем дубовае лісце: добра прамываем яго вадой, абсушваем сурвэткай.

— Можна банды рабіць і без дубовага лісця, проста на блясе, як звычайна, — кажа Марыя Эдуардаўна. — І не толькі ў печы, але і ў духоўцы. Аднак, калі мы хочам прыгатаваць менавіта па-старадаўняму, то без лісця і без печы не абысціся. Раскладваем лісце вельмі шчыльна, каб бульба не працякала.

Рукі гаспадыні раскладваюць дубовае лісце “сняжынкаю” на апрацоўчую дошку, затым выкладваюць на іх бульбяна-мясную масу. Атрымліваецца нешта падобнае да сланечніка.

bandy (2)

— Вось у такім выглядзе банды саджалі ў печ, без усялякага посуду, проста з лапаты закідвалі на ток. Прыкладна так…

Гаспадыня робіць спрытны рух рукой, так што “сланечнік” цалкам злятае з дошкі на бляху. Ні адзін ліст пры гэтым не пакінуў сваё месца, ні адна кропля бульбянай масы не трапіла на стол. Напэўна, у мяне так наўрад ці атрымалася б.

— Цяпер ставім банды ў печ, і няхай яны там гатуюцца з паўгадзіны. У духоўцы, на ўмераным агні — крыху болей.

bandy (3)

Праз некаторы час хату напаўняе цудоўны пах смажанага мяса, румянай бульбянай скарынкі, а таксама незразумелы, крыху рэзкаваты, але прыемны водар. Быццам нейкія невядомыя спецыі… Ды гэта ж пахне дубовае лісце! — здагадваюся я. І ўжо не магу дачакацца, калі, нарэшце, будзе гатова.

Гатова прыкладна праз паўгадзіны, як і казала гаспадыня. Румяныя, прыгожыя банды паказваюцца з печы. Дубовае лісце скруцілася, “сланечнік” злажыў пялёсткі. Але выглядае страва вельмі апетытна і, я сказала б, інтрыгавальна.

— Перад тым, як падаваць на стол, лісце трэба зняць. Яно ўжо выканала сваю ролю, — гаспадыня выкладвае банды на талеркі. — Можна есці са смятанай, можна без яе.

Па смаку банды нагадваюць дранікі, але не зусім. Прыправы і дубовае лісце надаюць ім адметны, ні да чаго не падобны пах і смак.

Ёсць ячшэ адзін варыянт гэтай стравы, вядомы ў нашым раёне, — бонды з юшкаю. Адрозніваецца рэцэпт ад папярэдняга не толькі адной літарай у назве, але і складнікамі, адным з якіх з’яўляецца свежая свіная кроў. Я не аматар такіх страў, але, калі вы захочаце паспрабаваць, — вось рэцэпт: 5–6 буйных бульбін, 1–2 цыбуліны, 0,5 ст. лыжкі мукі, 1 ч. лыжка солі, 1 яйка, каляндра, кроп, кмен, чорны молаты перац, 0,5 кубка свежай свіной крыві, 100–150 г свінога тлушчу. Бульбу трэба нацерці, як на дранікі, дадаць муку, яйка, спецыі, соль і дробна пакрышаную цыбулю. Уліць кроў, размяшаць, каб не было камякоў. Гэтыя бонды пякуцца ўжо без лісця, проста на патэльні, як дранікі. Да стала падаюцца з салёнымі агуркамі.

Смачна есці!

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 1301 раз Печать