Не крывіў ён душою ніколі. 3 лістапада, 30 гадоў назад, пайшоў з жыцця наш славуты ваўкавыскі паэт, настаўнік, франтавік Сяргей Аляксандравіч Бандарэнка - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Пятница, 03 Ноября 2023 10:12

Не крывіў ён душою ніколі. 3 лістапада, 30 гадоў назад, пайшоў з жыцця наш славуты ваўкавыскі паэт, настаўнік, франтавік Сяргей Аляксандравіч Бандарэнка

3 лістапада — дзень нараджэння славутага песняра Беларусі Якуба Коласа. Мы з удзячнасцю ўспамінаем яго вялікі ўклад у развіццё беларускай літаратуры. Пэўна, няма такога беларуса, які б не любіў вершы класіка, не ведаў хаця б некалькі з іх на памяць.

Але, я думаю, толькі некаторыя з нас ведаюць, што ў гэты ж дзень, 30 гадоў назад, пайшоў з жыцця наш славуты ваўкавыскі паэт, настаўнік, франтавік Сяргей Аляксандравіч Бандарэнка. Шмат гадоў ён выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Ваўкавыскім педвучылішчы, на працягу доўгіх гадоў працаваў тут завучам. Але, на жаль, у тыя далёкія гады мы амаль не ведалі яго вершаў, таму што ён быў вельмі сціплым чалавекам, і толькі верш-песню “Ваўкавыск — мой слаўны гарадок” мы чулі ў выкананні нашага настаўніка музыкі Міхаіла Буя. І цяпер, ідучы па плошчы Ваўкавыска, так і чую яго радкі:

Па шырокай плошчы я прайдуся,

Хай навее песню вецярок.

Я тваёю доляй ганаруся,

Ваўкавыск — любімы гарадок.

У вершах пазнаеш і біяграфію самаго Сяргея Аляксандравіча:

Я быў над Бугам паланёны,

Спазнаў пакут усе кругі

І “бацькам” Сталіным кляймёны,

Як здраднік, подлы і ліхі.

І не было ў жыцці мне ходу

У дні рэпрэсій, гвалту, звяг,

Хаця сумленна жыў я з роду,

Бярог бацькоў святы ачаг.

Чытаю яго адзіную кнігу “Удзячнасць”, якая выйшла напярэдадні “Дажынак-2004”, разглядваю фота і ўяўляю, як ён заходзіць у аўдыторыю на ўрок. Заўсёды спакойны, акуратна апрануты, строгі. Але кожнае яго слова было прыгожым, важкім, родным. І калі ён чуў добры адказ, то вочы яго лагодна ўсміхаліся. Не памятаю, каб настаўнік каго пакрыўдзіў, бо ён любіў людзей, свой прадмет, родную мову, свой край, яго прыроду. Гэта можна прасачыць у яго вершах:

Я маю гонар беларусам быць,

Хоць паважаю іншыя народы.

Сляза на вейцы

радасна трымціць.

Жыве мой край.

Растуць пасевы згоды.

Я маю гонар беларусам быць.

Сяргей Аляксандравіч быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, шматлікімі медалямі і граматамі, ганаровым знакам “Выдатнік народнай асветы БССР”. Каля пятнаццаці яго вершаў былі пакладзены на музыку. Юрый Семяняка, народны артыст БССР, напісаў музыку да трох яго вершаў — “На зямлі маіх бацькоў”, “Радзіма светлая мая” і “Беларусь — сястра Расіі”.

І сёння, напярэдадні свята Дзяды, давайце ўспомнім гэтага цудоўнага чалавека, які прызываў нас:

Задумайся… Гісторыя сама

Нязменна вучыць век за векам:

У чалавека выбару няма —

Ён быць павінен чалавекам.

Яніна Вітус, выпускніца Ваўкавыскага педвучылішча 1979 г

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 1295 раз Печать