Этнаграфічны клуб для інвалідаў “Вандроўка” філіяла “Ваўкавыскі Дом рамёстваў” выступіў у Гродна - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Понедельник, 28 Октября 2024 12:06

Этнаграфічны клуб для інвалідаў “Вандроўка” філіяла “Ваўкавыскі Дом рамёстваў” выступіў у Гродна

У горадзе над Нёманам праходзіў абласны семінар-практыкум для кіраўнікоў фальклорных калектываў і спецыялістаў устаноў культуры клубнага і змешанага тыпаў “Дзейнасць фальклорных калектываў па захаванні і пераемнасці традыцыйных выканальніцкіх мастацтваў”. Клуб “Вандроўка” на семінары прадставіў фальклорную праграму “Дажынкі”. Усяго ў фальклорным накірунку падчас семінара выступіла шэсць калектываў з усёй вобласці. Выхаванцы ваўкавыскага клуба выступілі там упершыню.

— Iм цяжка размаўляць ці вывучыць верш, але спяваць і запамінаць рухі атрымліваецца ідэальна. Яны малайцы ў гэтым, — з гонарам за моладзь расказала Наталля Завадская, загадчык філіяла “Ваўкавыскі Дом рамёстваў”. — Падчас выступлення яны нідзе не збіліся, адыгралі на сто працэнтаў, нічога не забылі, ніводнага танцавальнага руху. Яны любяць сцэну. Наогул, работа з нашымі інвалідамі накіравана ў першую чаргу на іх сацыялізацыю. Яны маюць зносіны не толькі паміж сабой падчас знаходжання і творчага развіцця ў адзяленні рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў тэрытарыяльнага центра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ваўкавыскага раёна. Яны таксама кантактуюць з іншымі катэгорыямі насельніцтва: з дзецьмі, з кіраўнікамі гурткоў, дарослымі. Мы іх возім на розныя конкурсы. I такая сацыялізацыя ім толькі на карысць.

изображение_viber_2024-10-28_11-52-24-031

Выступленне Наталлі Завадскай на семінары было па тэме “Фальклорнае мастацтва як сродак карэкцыйнага ўздзеяння на псіхічнае развіццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя”. Па яе словах, клуб “Вандроўка” пачынаўся з вырабаў рукамі яго ўдзельнікаў. Але потым кіраўнікі клуба заўважылі, што ім лягчэй даюцца і больш падабаюцца танцы. I ў выхаванцаў клуба зараз добра атрымліваюцца побытавыя танцы: падэспань, лявоніха.

 

изображение_viber_2024-10-28_11-52-40-257

— Падэспань мы ўжо год танцуем, а лявоніху вывучылі амаль за тыдзень, — адзначыла дырэктар філіяла. — У гэтам нам дапамаглі супрацоўнікі ТЦСАН, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Таццяна Кубіцкая. Яна на кожнай рэпетыцыі нам дапамагае, добра ведае моладзь.

изображение_viber_2024-10-28_11-52-39-044

Арганізатары семінара-практыкума адзначылi, што нават не ўсе дарослыя станцуюць так добра побытавыя танцы, як сёння іх танцавалі інваліды. Развіццё на базе мастацтва, асабліва фальклорнага, не толькі ўзбагачае духоўны свет чалавека, але і праз сацыялізацыю дае шмат момантаў для радасці, натхнення і самараскрыцця. Гэта таксама дапамагае адчуць сябе часткай усяго беларускага народа.

Філіял “Ваўкавыскі Дом рамёстваў” выказвае падзяку тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання за дапамогу ў падарожжы.

изображение_viber_2024-10-28_11-52-42-545

изображение_viber_2024-10-28_11-52-42-621

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 1700 раз Печать