Сапраўднае Купалле — гэта складаны абрад, які ўключае ў сябе мноства традыцыйных этапаў і дзеянняў, дзе кожны яго элемент нясе важны сакральны сэнс. І далёка не заўсёды на падобных гарадскіх святах можна ўсё гэта ўбачыць.
Арганізатары мерапрыемства — мясцовыя энтузіясты Яўген Красноўскі i Сяргей Шыманскі — пастараліся выканаць усе купальскія традыцыі, дадаўшы да іх элементы мясцовага вясковага каларыту. Яны ўсталявалі на месцы правядзення свята сімвал сонца — кола, прымацаваўшы яго да вялізнага слупа, які ўпрыгожылі рознымі каляровымі стужкамі. Побач разгарнулася імправізаваная сцэна, дзе выступалі дзяўчынкі-купалінкі. На працягу свята ўсе дзеянні суправаджаліся абрадавымі песнямі. Танцы і гульні, пляценне вянкоў, традыцыйныя пачастункі, пошук папараць-кветкі, пусканне вянкоў на ваду, карагоды вакол вогнішча — усё гэта абуджала пачуццё яднання з продкамі.
Выконвалі адзiн з ключавых абрадаў — скачкі праз вогнішча. Ахвотных было шмат. Людзі па некалькі разоў пераадольвалі гэтую перашкоду, бо агонь — гэта ачышчэнне ад усяго нячыстага і злога. Стомленыя, але зачараваныя магічным святам удзельнікі абраду адправіліся на вячэрнюю дыскатэку. Для ціхай і спакойнай вёсачкі такія святкаваннi былі толькі на радасць.
— Сёння цудоўны вечар, — адзначыла стараста Альхова Данута Шыдлоўская. — Жыццё складанае і шматграннае, людзі занятыя працай, але для таго, каб яна была плённай, неабходна ўмець адпачываць. Ад імя ўсіх жыхароў мы выказваем словы падзякі арганізатарам мерапрыемства. Няхай заўсёды ім свеціць сонца, поспехаў і ўсяго самага найлепшага.
— Захаванасць традыцыі залежыць ад таго, наколькі яе паважаюць і як часта адзначаюць свята ў вёсках і гарадах, — падкрэсліў адзін з арганізатараў мерапрыемства Яўген Красноўскi. — Магчыма, у нас не атрымалася дасканала выканаць усе абрадавыя этапы, але ўдалося галоўнае — мы захавалі дух свята.
Больш фатаграфій са свята тут.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.