Больш за сто літаратараў з усёй Беларусі прыехалі ў Ліду на XXXII Дзень беларускага пісьменства па афіцыйным запрашэнні арганізатараў - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 14 Сентября 2025 12:04

Больш за сто літаратараў з усёй Беларусі прыехалі ў Ліду на XXXII Дзень беларускага пісьменства па афіцыйным запрашэнні арганізатараў

Дэлегацыя Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі пад кіраўніцтвам старшыні аддзялення Людмілы Кебіч была самай шматлікай сярод прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі ўсіх рэгіёнаў. Нездарма Прынёманскі край здаўна славіцца сваімі таленавітымі жыхарамі, чыя творчасць выдатна папоўніла і працягвае папаўняць скарбніцу нацыянальнай культурнай спадчыны.

Мікалай Пятровіч Іваноўскі аказаўся адзіным прадстаўніком Ваўкавыскага раёна сярод амаль дваццаці аўтараў — паэтаў, пісьменнікаў Гродзеншчыны. Мы папрасілі нашага вядомага паэта падзяліцца з чытачамі “НЧ” уражаннямі.

— Першае, што мяне ўразіла, — афармленне павільёна Гродзенскай вобласці, асабліва прыемна было ўбачыць на выставе газеты “Наш час” і “Зара над Нёманам”, з артыкуламі, дзе мне прысвечана столькі цёплых слоў. Вялікі дзякуй за гэтую цеплыню і за тое, што друкуеце мае вершы. Дзякуючы вашай старонцы “Ваўкавышчына літаратурная” пашыраецца чытацкая аўдыторыя, што вельмі важна для кожнага аўтара.

Мерапрыемстваў у Лідзе праводзілася столькі, што можна было паспець убачыць толькі невялікую частку з таго, што там адбывалася. Выставы, фестывалі, прэзентацыі кніг, навуковыя канферэнцыі, “круглыя сталы”, конкурсы, канцэрты…  Гродзенскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў аб’яўляла конкурс на лепшы зборнік сучаснай паэзіі Беларусі імя паэта Валянціна Таўлая пад назвай «Шляхі, пракладзеныя ў заўтра». Вынікі аб’явілі ў Лідзе, уручылі ўзнагароды пераможцам. Мы пабывалі ў доме-музеі Валянціна Таўлая, азнаёміліся с экспазіцыяй. Зрабілі нам таксама экскурсію па Лідскім замку, па ўсіх яго паверхах.

Увогуле ў горадзе было, як на свяце быць павінна. Ажыўлена, шумна, цікава. У розных месцах — у бібліятэках, музеях, на адкрытых пляцоўках — выступалі паэты, пісьменнікі, літаратуразнаўцы. Аўтары чыталі свае творы.

— Вы таксама свае вершы чыталі для слухачоў?

— Так, чытаў. І ў павільёне гродзенскай дэлегацыі, і ў брэсцкім. Берасцейцы запрасілі нас да сябе, арганізавалі латарэю, конкурс, у якім трэба было не толькі чытаць, але і спяваць свае вершы. Я нават кубак ва ўзнагароду атрымаў. А да нашага павільёна прыйшлі ў госці літаратары з Гомельшчыны і Магілёўшчыны. Шмат знаёмых твараў, вельмі прыемна было зноў сустрэцца, пагутарыць, абмеркаваць розныя тэмы. Надоўга запомніцца, якая цудоўная, цёплая, прыязная панавала атмасфера. Лічу, што такія імпрэзы, як Дзень беларускага пісьменства, вельмі патрэбны як творчым людзям, так і ўсёй грамадскасці. Яны падтрымліваюць пашану да культуры, да кнігі, да ўсёй культурна-гістарычнай спадчыны нашага народа, выхоўваюць у духу патрыятызму і гонару за сваіх продкаў, сваю Айчыну.

Трэба адзначыць, што зборнік вершаў Мікалая Іваноўскага “Адгалоскі саракавых”, які выйшаў сёлета, быў намінаваны на Дзяржаўную прэмію. І гэта само па сабе важкая адзнака, таму што вылучаюць найлепшых, а гэта ўжо трэцяя кніга Мікалая Іваноўскага, якая трапляе ў спісак намінантаў. Чакаем новых вершаў і жадаем аўтару выхаду ў свет новых зборнікаў.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 43 раз Печать