Адбылася тая прыгода, як і шматлікія іншыя, на гулянні з нагоды Масленіцы, што прайшло на галоўнай плошчы горада ў мінулую суботу. Вясёлыя конкурсы, віншаванні ад Вяснянак, спробы зняць сабе падарунак з прызавога слупа і, вядома, частаванне масленічнымі блінамі — традыцыі свята непарушныя і штогод збіраюць на гулянне немалую колькасць гараджан. А калі яшчэ гучыць вясёлая песня, то і ногі самі просяцца ў скокі. Песні сёлета на свяце дарылі гледачам артысты з устаноў культуры Росі, Краснасельскага, Субачаў, удзельнікі самадзейнасці працоўных калектываў і навучальных устаноў, а таксама госці-суседзі: народны вакальны ансамбль «Славяначка» Кастровіцкага СДК Слонімскага раёна і народны ансамбль «Ярыца» Мастоўскага РДК. Правядзенне конкурсаў і гульняў забяспечылі работнікі культуры з Ізабеліна, Лапеніцы і Раднікоў.
Бліжэй да завяршэння святкавання былі агучаны вынікі конкурсу «Вяснянка-2015». Лепшым было прызнана віншаванне Вяснянкі Ваўкавыскай цэнтральнай раённай бальніцы, другое месца прысуджана прадстаўніцы мясакамбіната, трэцяе — «Беллакта», таксама прызам было адзначана выступленне Вяснянкі Дома культуры чыгуначнікаў. А неўзабаве ўжо надышоў час і паліць пудзіла Зімы. Як звычайна, гледачы прынялі ўдзел у гэтай фінальнай масленічнай забаве з вялікім задавальненнем і, можна сказаць, яшчэ на адзін крок наблізілі гэтым надыход вясны.
Алег АЎШТОЛЬ.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.