Четверг, 23 Июля 2020 08:57

Рукамі таленавітых дзяцей творацца цуды

З пятага класа гэты таленавіты хлопчык вучыцца ў нашай гімназіі, цяпер у  9 «А» класе. З’яўленне Максіма Дубіцкага ў гімназіі было для яго класа самай сапраўднай сенсацыяй менавіта таму, што ён артыстычна і смела прадставіўся класу і цікава расказаў пра сябе.

Акрамя гэтага, Максім прыгожа спяваў, танцаваў і маляваў цудоўныя карціны, якія настаўніца выяўленчага мастацтва Марыя Заручэўская пасылала на розныя конкурсы. Калі Максім прыйшоў першы раз на заняткі па інтарэсах «Ступені творчасці», Марыя Станіславаўна зразумела, што гэты навічок таленавіты. Яго малюнкі з кожным годам станавіліся больш выразнымі, а тэмы —  сур’ёзнымі, таму і ў конкурсах перамогу атрымліваў менавіта Максім.

У гэтым навучальным годзе ў гімназіі была арганізавана персанальная выстава Максіма Дубіцкага пад назвай «З любоўю да роднай прыроды». Некаторыя свае малюнкі хлопчык намаляваў пад уплывам прачытаных кніг, а другія сюжэты прыдумваў сам, а потым складаў да сваіх нязвыклых малюнкаў неверагодныя гісторыі. Максім здольны не толькі ў выяўленчым мастацтве: на канцэрце ён можа нават ператварыцца ў Верку Сярдзючку і паспяваць змененым голасам смешныя песні. У бібліятэцы Максім цікавіцца прыгодамі, фантастыкай і падарожжамі, чытае праграмную літаратуру. Ён стаў пераможцам ў бібліятэчнай літаратурнай гадзіне па творчасці М. Ю. Лермантава. Цяпер хлопец будзе здаваць экзамены для паступлення ў педкаледж, але гэта не перашкаджае яму, як і раней, наведваць заняткі па мастацтву.

Тэрэза КАВАЛЬЧУК, загадчык бібліятэкі ДУА «Гімназія №2 г. Ваўкавыска».

Прочитано 290 раз Печать