Пятница, 19 Февраля 2021 09:39

Не згасае цікавасць да роднага слова ў СШ № 5

Па традыцыі напярэдадні гэтага дня ў СШ № 5 роднай мове прысвячаецца цэлы тыдзень.

Трэба прызнацца, што яго тут усе вучні чакаюць з нецярпеннем, бо сапраўдным святам становіцца кожны дзень, напоўнены мноствам самых разнастайных мерапрыемстваў.

Раніца панядзелка запрасіла да ўдзелу ў акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”. Між іншым, вучням, настаўнікам і ўсім работнікам школы было прапанавана напісаць самае прыгожае беларускае слова! “Матуля”, “каханне”, “сінявокая”, “пяшчота” — колькі замілавання ў кожным гуку! Узамен удзельнікі атрымалі каляндарыкі з рэкламай беларускай мовы. Спадзяёмся, што такія прыгожыя словы ў школе будуць гучаць кожны дзень!

А пасля ўрокаў школьную сям’ю сабрала свята беларускай песні. Як цудоўна і меладычна гучала роднае слова ў выкананні вучняў! Канцэрт праляцеў як адно імгненне. Вялікі дзякуй артыстам за тую шчырасць, любоў да мовы, Беларусі, якая адчувалася ў кожным выступленні.

Другі дзень быў названы інтэрактыўным. Дарэчы, на перапынках вучні стараліся размаўляць па-беларуску. Пяцікласнікам прапанавалі інтэрактыўную гульню “Знаўцы беларускай мовы”. Яны з захапленнем разгадвалі загадкі, шарады і метаграмы, “падарожнічалі” па розных кутках Беларусі, слухалі песні ў выкананні беларускіх выканаўцаў. Пераможцамі аказаліся вучні 5 “А” класа. Не менш цікавым, а галоўнае, карысным, стаў конкурс “Разгадай фразеалагізм” — слоўнікавы запас навучэнцаў папоўніўся адметна. На сцэне ззялі чытальнікі твораў беларускіх класікаў. Пераможцамі сталі вучаніца 5 “А” класа Вера Нарута і вучаніца 9 “А” класа Яўгенія Трубач. А на сайце школы можна было ўбачыць лепшыя відэаролікі, таксама прысвечаныя мове.

У “забаўляльную” сераду ўся школа гуляла ў гульні — дыдактычныя, конкурсныя, спаборніцкія. Але ўсе яны былі аб’яднаны роднай мовай. А таму ўспаміналі загадкі і прыказкі, творы беларускіх пісьменнікаў і вядомыя песні. Цікавасць да роднага слова з цягам часу не згасае.

Служба інфармацыі "НЧ"

Прочитано 1437 раз Печать