Пятница, 19 Февраля 2021 12:43

«І гучала роднае слова…» Пад такой назвай прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў СШ № 1 г.п. Рось

Роднае слова — гэта цудоўны скарб, які нам перадалі ў спадчыну нашы продкі. І мы, іх нашчадкі, павінны захаваць гэты цуд, беражліна адносіцца да яго і не страціць “святое штосьці”, як напісаў Рыгор Барадулін. У СШ № 1 г. п. Рось гэта добра разумеюць.

Адкрыццё Тыдня беларускай мовы і літаратуры прайшло вельмі ўрачыста. Усіх вучняў, бацькоў, настаўнікаў гасцінна сустракалі прыгажуні-беларусачкі ў народных строях і запрашалі “гаварыць са мной па-беларуску”. Усе віталіся на роднай мове, гаварылі цёплыя словы, а дзяўчынкі частавалі ўсіх цукеркамі. Трансліраваліся ў фае школы відэапрэзентацыі беларускіх знакамітасцей, і гучалі беларускія песні.

На працягу тыдня прайшло шмат цікавых і разнастайных мерапрыемстваў, якія паказвалі значнасць роднай мовы ў нашым жыцці, шырокія магчымасці беларускага слова і яго прыгажосць. У школьнай бібліятэцы была арганізавана тэматычная выстава “Пісьменнікі-юбіляры” і буккросінг “Чытаем на роднай мове”. Дарэчы, беларускія кнігі мелі шырокі попыт у вучняў і настаўнікаў.                 Школьны краязнаўчы музей прапанаваў цыкл тэматычных экскурсій для вучняў розных узростаў, якія праходзілі ў розных формах (пасядзелкі, інтэрактыўныя экскурсіі, відэаэкскурсіі). Вучняў старэйшых класаў захапіў чэлендж “Мова краіны маёй”. Красамоўныя радкі з твораў беларускіх класікаў перадавалі ў кароткіх відэа, як эстафету, адзін аднаму ў сацыяльных сетках.

Вучням пачатковай школы на перапынках не было часу для суму. Старэйшыя навучэнцы гулялі з імі ў беларускія народныя гульні “Прэла-гарэла”, “Мароз”, “Шэры кот” і іншыя. У групе падоўжанага дня іх чакала цікавае знаёмства з беларускай анімацыяй.

На працягу ўсяго тыдня працавала творчая лабараторыя “Папацей, грамацей!”. Конкурс рэкламы “Ветлівыя словы” паказаў, што нашы дзеці ведаюць іх шмат. Галоўнае, каб мы іх, як мага часцей, ужывалі ў сваім жыцці, тады і ў адказ будзем чуць не грубасць, а ласкавае слова.

Шмат увагі ўдзялілі і пісьменнікам-юбілярам гэтага года. Навучэнцы ўдзельнічалі ў конкурсах буктрэйлераў. Вучні 10 класа прэзентавалі буктрэйлер па аповесці І. Шамякіна “Гандлярка і паэт”, а 6 клас — па творчасці К. Крапівы. Былі яшчэ конкурс чытальнікаў баек К. Крапівы, віктарыны для настаўнікаў і вучняў, гадзіны інтэрактыву, сэлфі, конкурс лепшых сшыткаў па беларускай мове…

Тыдзень паказаў: роднай мове, роднаму слову жыць!

Алена ПОЛЬЦЫНА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ № 1 г. п. Рось

Прочитано 1523 раз Печать