Электронная подписка на газету Наш час

Пятница, 02 Октября 2015 00:00

Лёс і сэнс жыцця

Прочитано 4287 раз

Нарадзілася гэтая цудоўная жанчына на святой зямлі Жыровіцкай, якая аказала пэўны ўплыў на фарміраванне яе асобы. Людзі, якія яе акружаюць, адчуваюць дабрыню, спагадлівасць, цяпло душы.

Раніцай яна, стыльная і прыгожая, сустракае ў файе сваіх вучняў і калег простым прывітаннем, добрым настроем, прыемнай усмешкай. Пра сваё дзяцінства яна таксама ўспамінае з усмешкай, таму што была вельмі вясёлай, дапытлівай і гарэзлівай дзяўчынкай. Да школы трэба было дабірацца тры кіламетры, але разам з сябрамі гэты час пралятаў непрыкметна. Тамара Васільеўна яшчэ ў школе любіла гуляць з сяброўкамі ў настаўніцу, любіла знаходзіць у іх сшытках памылкі. Гэтыя гульні перараслі ў выбар прафесіі, якая лічылася самай прэстыжнай. І навучальную ўстанову яна выбрала не менш прэстыжную — БДУ. Тамара і ў юнацтве была пераканана, што слова “настаўніца” паходзіць ад слова “настаўляць” — на шлях праўдзівы, творчы. Так, для Тамары Васільеўны яе прафесія, яе работа — гэта самая галоўная чалавечая каштоўнасць, менавіта праца, як яна лічыць, робіць жыццё чалавека асэнсаваным і шчаслівым.

Яшчэ ў пачатковых класах у Тамары праявіліся матэматычныя здольнасці і лагічнае мысленне, лідарскія якасці — у старэйшых класах і студэнцкія гады. Менавіта яна была завадатарам усіх спраў, мерапрыемстваў і гульняў. Да яе меркаванняў прыслухоўваліся аднакласнікі і аднакурснікі. Таленавітая, разумная, творчая, актыўная студэнтка была нязменным камандзірам будаўнічага атрада, які працаваў у Малдавіі. Пасля заканчэння механіка-матэматычнага факультэта БДУ ў 1983 годзе Тамара Васільеўна працавала настаўніцай у спецшколе ў пасёлку Поразава, затым у школах № 4 і 7 Ваўкавыска, і вось ужо 21 год адданы гімназіі № 2. Хаця яна матэматык, але мае аратарскія здольнасці, пачуццё гумару, можа падняць настрой рознай аўдыторыі. Выбар кандыдатуры дырэктара з боку кіраўніцтва раёна быў зроблены правільны: на працягу апошніх пяці гадоў гімназія пад чулым кіраўніцтвам Тамары Васільеўны Федарэнкавай займае лідзіруючае месца сярод устаноў адукацыі. Прыгожая жанчына зрабіла прыгожай нашу гімназію: змяніўся выгляд, новыя вокны і дзверы, прыгожае файе з плазмай, новая мэбля амаль ва ўсіх кабінетах, зручныя ступенькі і поручні каля школы. Адрамантаваны сталоўка, актавая і спартыўная залы. Але галоўнае — поспехі гімназістаў. Навучэнцы гімназіі № 2 — пераможцы раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. 25 выпускнікоў гімназіі з'яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адоранай моладзі, дзевяць — стыпендыятамі абласной прэміі імя А. І. Дубко, пяцёра — абласнога аддзела Беларускага фонда міру. Яны — паспяховыя студэнты вну краіны.

Тамара Васільеўна ў пастаянным пошуку правільных напрамкаў дзейнасці, эфектыўных формаў і метадаў, новых тэхналогій выхавання і навучання. Дырэктар сваім прыкладам паднімае калектыў да перамог ва ўсіх настаўніцкіх конкурсах: яна цудоўна спявае, танцуе. Кожны год мы адпраўляемся ў падарожжа па сваёй прыгожай краіне, і кожны год яна разам з намі, менавіта яна — душа кампаніі.

А працаваць яна гатова да “седьмого пота”, і гэта як раз той выпадак, калі праца стала і лёсам, і сэнсам жыцця.

Тэрэза КАВАЛЬЧУК, загадчык бібліятэкі гімназіі № 2

Другие материалы в этой категории: « "Здоровье - это здорово!" Стать пераможцам »